Святы скончыліся. Наспявае час збіраць камяні

Падчас каляднага набажэнства ў Катэдральным саборы 7 студзеня, будучы, паводле ўласнага прызнання, «праваслаўным атэістам», галоўная асоба краіны наўпрост звярталася да Усявышняга з просьбаю «захаваць краіну такой, якою яна ёсць сёння». Відаць, адрасат не пачуў «мальбы» бяззменнага кіраўніка Беларусі.



Фота www.sb.by


Першы паўнавартасны працоўны тыдзень у Беларусі пачаўся з абвалу нацыянальнай валюты. Так, 11 студзеня на гандлях Беларускай валютна-фондавай біржы айчынны рубель абрынуўся да так званага кошыка валют адразу на 0,72%. Прычынаю гэтага стаўся рэзкі рост кошту долара і еўра.

Так, амерыканскі «зялёны» вырас адразу на 296 беларускіх рублёў — да 19 048 цяперашніх «зайцоў». Еўра сігануў яшчэ больш — на 637 нашых грашовых адзінак і цяпер каштуе 20 737 рублёў паводле курсу Нацыянальнага банка Беларусі.

Расійскі рубель патаннеў адразу на 4,32 беларускія рублі і каштуе 250,21 беларускага рубля.

Не магло такое «афіцыйнае» падзенне нашай валюты не адлюстравацца і на курсах у абменных пунктах. Па назіранні аўтара гэтых радкоў, абменныя пункты камерцыйных банкаў у панядзелак набывалі долары па кошце 18 790 – 18 900 рублёў, прадавалі па 19 150 – 19 300. Еўра таксама істотна прыбавіў: абменныя пункты банкаў набывалі еўрапейскую валюту па 20 450 – 20 600 рублёў, прадавалі па 20 700 – 20 890. Гэта ўжо рэкорды, пастаўленыя ў бягучым годзе. Раю ўзяць калькулятар і падлічыць, колькі ў пераліку на сёння складае сярэдні заробак па краіне.

Спадзяванні на крэдыты і ЗВР залішнія

У «лепшыя» для беларускага кіраўніцтва часы гэтыя паказнікі былі б значна больш станоўчыя. Можна было б падкінуць для падтрымання беларускай грашовай адзінкі сродкі з золатавалютных рэзерваў. Цяпер такой магчымасці няма.

Па выніках 2015 года паводле метадалогіі міжнароднага валютнага фонда (МВФ) беларускія ЗВР скараціліся на 883,3 мільёна долараў і склалі на 1 студзеня бягучага года ўсяго 4 мільярды 175,8 мільёна «зялёных», сведчаць статыстычныя дадзеныя нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Па словах старшага аналітыка кампаніі «Альпары» Вадзіма Іасуба, гэта вельмі трывожна, бо дадзеныя лічбы адпавядаюць толькі 1,5–2 месяцам неабходнага імпарту. Хоць для эканамічнай бяспекі варта мець золатавалютных рэзерваў сама мала на тры месяцы імпарту. Ну, хаця б на два.  

Сёлета, адзначае эксперт, Беларусі давядзецца выплаціць знешніх пазыкаў на 3,3 мільярда долараў, а варыянтаў знешняга крэдытавання пакуль што не праглядваецца. «Памер цяперашніх ЗВР яшчэ дазволіць сплаціць пазыкі ў 2016 годзе, пры гэтым рэзервы зменшацца да мінімума. Але ў 2017 годзе, калі не будуць праведзеныя комплексныя  рэформы эканомікі, і калі не будзе знешняга крэдытавання, дзеля пазбягання дэфолту ўладам давядзецца ахвяраваць істотнымі актывамі. Аднак у выпадку экстранага продажу, гэтыя актывы могуць істотна згубіць па коштах», — мяркуе Вадзім Іасуб. 

Дарэчы, невялікімі застаюцца і спадзяванні і на тое, што найбліжэйшым часам ці нават цягам бягучага года Беларусь зможа атрымаць так жаданыя крэдыты ад Міжнароднага валютнага фонда і Еўразійскага фонда стабілізацыі і развіцця. Першы патрабуе стурктурных рэформаў, другі — прыватызацыі важных актываў. Відавочна, што беларускі правадыр пакуль што не гатовы ні на першае, ні на другое. Зварот да Усявышняга з просьбай захаваць у нашай краіне ўсё, як яно ёсць, сведчыць менавіта пра гэта.

Іншыя дробязі

З Новага года павялічыўся памер базавай велічыні. Цяпер яна складае 210 тысяч беларускіх рублёў. Разам з гэтым павялічыўся і памер штрафаў ды іншых выдаткаў. Да прыкладу, падаражэла пабранне шлюбам. Ну, гэта яшчэ закаханым можна і перажыць. Але вось безбілетнікі, якія і раней не здаваліся без бою, яшчэ больш агрэсіўна ставяцца да кантралёраў, бо заплаціць 105 тысяч рублёў штрафу (0,5 базавай) — гэта ўжо па-за псіхалагічным бар’ерам. Таму колькасць канфліктаў на грамадскім транспарце ўжо павялічылася.

Адкуль будуць браць штогод 4 мільёны 200 тысяч «дармаеды», каб заплаціць грошы ў дзяржаўную скарбонку (раней казалася пра 3 мільёны 600 тысяч рублёў)? Тым больлш, што «базаўка» ў любы момант можа вырасці, улічваючы імклівую дэвальвацыю нацыянальнай валюты.

Да 70% індывідуальных прадпрымальнікаў ад пачатку года часткова ці поўнасцю спынілі сваю працу пасля набыцця сілы прэзідэнцкага ўказу № 222 і сталі патэнцыйнымі беспрацоўнымі, чытай, дармаедамі.

Ад 1 студзеня амаль на 20% вырасла «камуналка», падаражэлі тэлефонныя размовы, праезд у электрычках (на траціну), некаторыя іншыя выдаткі і плацяжы. 

Што гэта азначае? Тое, што беларуская дзяржава перастала выконваць так званы «сацыяльны кантракт». «Унікальная беларуская сацыяльная мадэль», пра якую гадамі на ўвесь свет вяшчалі ўлады,  аказалася мыльным пухіром.

Наперадзе, паводле ацэнак многіх экспертаў, людзей чакае пагаршэнне ўзроўню жыцця. Таму правадыр, які больш за дваццаць гадоў дзейнічае так, як яму стукне ў галаву, вымушаны звяртацца да Бога. Але ці пачуе Гасподзь прасіцеля, калі той называе сябе атэстам, хоць і праваслаўным? 

Каментаваць