Што стане з беларускай энэргетыкай праз 30 гадоў?

Эксперты распрацавалі тры сцэнары развіцця.
Калі ў будучыні Беларусь зробіць стаўку на зялёную энергетыку, то ў краіне можа знізіцца кошт электраэнергіі і вырасці колькасць працоўных месцаў.

Такую выснову можна зрабіць са справаздачы, падрыхтаванай супрацоўнікамі Цэнтра экалагічных рашэнняў (ЦЭР) сумесна з міжнароднай сеткай устойлівай энергетыкі INFORSE-Europe. Эксперты распрацавалі тры сцэнары развіцця энергасістэмы Беларусі да 2050 года.

Першы (базавы) сцэнар мае на ўвазе захаванне існых тэндэнцый у эканоміцы — адсутнасць ці нязначны эканамічны рост (0-1% ВУП у год) і абмежаванне ў інвестыцыях, у тым ліку нязначны рост ўвядзення аднаўляльных крыніц энергіі (АКІ).

Другі (аптымістычны) сцэнар паказвае апераджальны эканамічны рост (2,25-3% ВУП у год) і вялікія магчымасці інвеставання пры захаванні трэндаў развіцця энергасістэмы.

Трэці (100% АКІ) сцэнар прадугледжвае таксама апераджальны эканамічны рост (2,25-3% ВУП у год), але асновай мэтай тут з'яўляецца поўная адмова ад выкарыстання выкапнёвага паліва да 2050 года.

У сваёй справаздачы эксперты спрагназавалі, колькі будзе каштаваць цеплавая і электрычная энергія для кожнага з трох сцэнароў.

«Ва ўсіх сцэнарыях мала змяняецца цана на цеплавую энергію, таму што кошт на дровы не мяняецца, а кошт на газ крыху расце, але эфектыўнасць кацельных таксама крыху расце. Розніца туту у тым, што пры нізкім кошце электраэнергіі мы можам выкарыстоўваць цеплавыя помпы і электрычныя катлы», — распавядае супрацоўнік энергетычнай праграмы ЦЭР Уладзімір Рак.

У сваю чаргу кошт электраэнергіі ва ўсіх трох сцэнарах крыху расце да 2035 года, а затым рэзка падае, паколькі да гэтага часу Беларусь павінна выплаціць крэдыты за будаўніцтва АЭС. Далей магчымыя розныя варыянты.

Калі Беларусь будзе ў асноўным выкарыстоўваць прыродны газ на кандэнсацыйных электрастанцыях (КЭС) і цеплаэлектрацэнтралях (ЦЭЦ), то цана на электраэнергію будзе расці, таму што будзе расці кошт на газ. Гэта тычыцца як першага, так і другога сцэнара. Трэці сцэнар прадугледжвае выкарыстанне АКІ замест новых КЭС і ЦЭЦ пасля 2035 года і паступовае зніжэнне кошту электраэнергіі за кошт зніжэння кошту энергіі ад АКІ.

Эксперты тлумачаць патанненне зялёнай электраэнергіі ў будучыні ў першую чаргу адсутнасцю паліўнага складніка. Акрамя таго, дзякуючы развіццю тэхналогій зніжаецца кошт саміх установак, якія выкарыстоўваюць аднаўляльныя крыніцы энергіі.

Пры гэтым, адзначаюць аўтары справаздачы, пераход на АКІ дазволіць стварыць больш працоўных месцаў за кошт таго, што для абслугоўвання тых жа ветрапаркаў спатрэбіцца больш людзей, чым для абслугоўвання адной АЭС. У той жа час работнікі ветрапаркаў змогуць разлічваць на вялікі заробак, паколькі прадпрыемствам не прыйдзецца марнавацца на паліва.

«Беларусь, ідучы па нізкавугляродным шляху развіцця, можа атрымліваць больш працоўных месцаў, больш стабільную будучыню, чым ідучы па вугляродным шляху развіцця», — адзначае кіраўнік энергетычнай праграмы ЦЭР Дзмітрый Бурэнкін.

Ужо зараз эксперты рэкамендуюць уладам распрацоўваць карты патэнцыялу АКІ і праводзіць працу па падрыхтоўцы будучых пляцовак пад іх, праводзіць працу ў галіне змякчэння наступстваў інтэграцыі ў энергасістэму вялікіх аб'ёмаў непрадказальных крыніц, якія выкарыстоўваюць АКІ, засяродзіцца на інфраструктуры для электрамабіляў і электратранспарту, а таксама ствараць прывабныя ўмовы для інвеставання ў зялёную энергетыку.

«У першую чаргу, сцэнары створаны для мясцовых уладаў, каб яны арыентаваліся на іх пры стратэгічным планаванні, перад і пасля падпісання Пагаднення мэраў», — кажуць у ЦЭР.

Такое пагадненне ў Беларусі ўжо падпісалі кіраўнікі 26 беларускіх райцэнтраў. Яны ўзялі на сябе абавязацельствы па зніжэнні выкідаў вуглякіслага газу да 2030 года на 30% ад базавага года. Як правіла, гэта 2011-2012 гады.

Паводле naviny.by

Каментаваць