Трымаемся. Надоўга?

Народ адпачыў ад працяглых выходных і вярнуўся на працу. І з новымі сіламі ўзяўся за вырашэнне старых праблем. Але ў кагосьці выходных як і не было.
Фота www.camarade.biz

 

Хто добра працуе ў краіне — дык гэта Нацбанк. Праўда, ад яго гэтай працы патрабуюць міжнародныя структуры, але не важна, хто патрабуе, галоўнае — вынік. Вось і зараз фінансавы рэгулятар абвясціў, што ўкараняе новую метадалогію падліку золатавалютных рэзерваў краіны. Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур паведаміў, што новая метадалогія МВФ падліку ЗВР лічыць неабходны іх аб’ём не проста ў месяцах імпарту, але ўлічвае і іншыя фактары, у тым ліку кароткатэрміновы доўг.

 

А таму мінімальны ўзровень неабходных Беларусі ЗВР — 10 мільярдаў долараў. Як пішуць у інтэрнэце, «пічалька». Таму што па папярэдніх падліках на 1 мая яны ў нас складаюць толькі 4,229 мільярда долараў у эквіваленце.

 

Першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны дадаў, што «нарошчваць ЗВР трэба на беcпазыковай аснове». І ЗВР у нас растуць трэці месяц запар. Так, у красавіку яны выраслі на 37,1 мільёна долараў. Аднак іх павелічэнню спрыяла атрыманне першага траншу еўразійскага крэдыту, што зусім не адпавядае паняццю «нарошчванне на беcпазыковай аснове».

 

Падтрыманню золатавалютных рэзерваў спрыяла паступленне сродкаў ад продажу Нацбанкам і Мінфінам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, купля Нацбанкам валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы, а таксама паступленнi ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты. Пры гэтым у красавіку ўрад і Нацбанк пагасілі ў поўным аб’ёме знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце.

 

Ці здолее краіна выканаць «звышпатрабаванні» Нацбанка? Тыя чатыры мільярды долараў, што ёсць зараз, — гэта паўтара месяцы імпарту замест бяспечных трох. У астатнім сітуацыя мала спрыяе аптымізму. У сакавіку 2016 года беларускі экспарт тавараў і паслуг упаў на 15,8% да сакавіка мінулага года.

 

За квартал зніжэнне экспарту склала 16,7%. Сальда гандлю таварамі і паслугамі сышло хай у невялікі, але ў мінус — 8,1 мільёна долараў супраць станоўчага сальда ў памеры 375,7 мільёна долараў у студзені-сакавіку мінулага года. Імпарт тавараў і паслуг у студзені-сакавіку ўпаў на 12,3%.

 

Як ужо неаднаразова казалася, ёсць два спосабы атрымання грошай. Першы — гэта, паводле ката Матроскіна, «прадаць што-небудзь непатрэбнае». Другі — эканоміць на выдатках. Пакуль што ў нас не атрымліваецца ані першае, ані другое.

 

Сярод непатрэбнага, якое можна прадаць, нечакана апынуўся гонар беларускай турыстычнай індустрыі — санаторый «Беларусь» у Сочы. Як стала вядома на тыдні, краіна паспрабавала прадаць апартаменты і гаражныя боксы, якія знаходзяцца ў будынку апарт-гатэля. Прычым першы раз іх выстаўлялі на таргі паўтара месяца таму. Ахвотных набыць апартаменты не знайшлося, таму ў маі пройдзе яшчэ два аўкцыёны.

 

Будынак, у якім знаходзяцца апартаменты і гаражы, зусім свежы — эксплуатаваць яго пачалі толькі ў красавіку мінулага года. Кошт лічаць у расійскіх рублях, а паколькі з сакавіка расійскі рубель упаў, то і апартаменты, натуральна, падаражэлі. Напрыклад, калі пачатковая цана аднапакаёвых апартаментаў плошчай 59,7 квадратнага метра ў мінулы раз была 6,5 мільёна расійскіх рублёў, то цяпер за іх давядзецца аддаць 7,8 мільёна рублёў або 118 тысяч долараў.

 

За такія грошы ў Мінску можна дзве трохпакаёўкі купіць. Цікава, ці знойдуцца пакупнікі на гэту «элітную нерухомасць»?

 

Не атрымліваецца нам і ашчаджаць на выдатках. Толькі-толькі мы ўзрадаваліся, што гэтым разам улады вырашылі не марнаваць грошы на вайсковы парад у Мінску на 9 мая! Аднак, як высветлілася, радаваліся рана. Бо гэты парад, як высветлілася, рыхтуецца на 3 ліпеня.

 

Прынамсі, як паведамляецца, у Мінску з сярэдзіны гэтага тыдня «ў сувязі з рэпетыцыяй парада войскаў Мінскага гарнізона на аэрадроме Ліпкі магчымыя затрымкі і змены ў працы шэрагу аўтобусных маршрутаў». Як паведамляе «Мінсктранс», з 11 мая па 16 чэрвеня па вуліцах Заснавальнікаў, Францыска Скарыны, МКАД, вуліцы Ліпкаўскай будзе перасоўвацца тэхніка механізаванай калоны.

 

Чаму падрыхтоўка да параду займае два месяцы і колькі грошай будзе спалена ў рухавіках танкаў, не паведамляецца.

 

Аднак прыз за крэатыўнасць за гэты тыдзень я б выдаў міліцыі. А канкрэтна, РАУС Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Гэты РАУС вырашыў у бліжэйшы час адрамантаваць свой ізалятар часовага ўтрымання. Капітальны рамонт і мадэрнізацыя будынка ІЧУ абыдзецца мясцоваму бюджэту ў 2,9 мільярда рублёў, альбо сціплыя 150 тысяч долараў.

 

Усё б нічога, але Карэліцкі раён надзейна прапісаўся ў спісе выміраючых рэгіёнаў. У 2012 годзе інтэрнэт-газета «Штодзённік» склала топ-10 самых гіблых раёнаў Беларусі. Карэліцкі раён заняў у гэтым несуцяшальным рэйтынгу другое месца. На той момант колькасць жыхароў раёна складала каля 22 390 чалавек. У першым паўгоддзі 2015 года ў раёне жыло 20 783 чалавека. Натуральнае змяншэнне насельніцтва ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года павялічылася на 12,4%.

 

Цікава, як паўплывае новы ізалятар на дэмаграфічную сітуацыі ў рэгіёне? Ці будуць дэбашыры і хуліганы прасіць, каб іх перавялі ў адрамантаваны будынак у Карэлічах? А можа, пасля выпраўлення яны там і застануцца?

 

Але вось на кім эканоміць не трэба, дык гэта на дзецях. І тэлеканал «Беларусь–3» зрабіў ім велізарны падарунак. 17 мая ў чарговым выпуску «Калыханкі» з’явіцца новы лялечны персанаж — янот Цёма.

 

У Цёмы будзе свая сакрэтная лабараторыя, дзе ён зможа праводзіць даследаванні і прыдумляць нешта новае і цікавае. «Цёма — вялікі выдумшчык і вынаходнік! Ён ані дня не можа пражыць без займальных прыгод і эксперыментаў. Ён вельмі любіць прыхапіць чыю-небудзь рэч і прапаласкаць яе ў вадзе. А што? Нічога ж страшнага, калі ён трошкі выкупае Топін тэлефон або Янінаў чаравічак...» — распавядае выканаўчы прадзюсар «Беларусь 3» Ларыса Есарція.

 

Можа, выдумшчык і вынаходнік Цёма падкажа, дзе ўзяць грошы і як выйсці з крызісу? Бо да ўсіх астатніх мы, падаецца, ужо звярталіся.

Каментаваць