Турысты — больш не авантурысты

Упершыню за апошнія гады колькасць удзельнікаў тураў і экскурсій па Беларусі пераўзышла колькасць тых, хто ў якасці турыста ездзіў за мяжу. Пры гэтым у Беларусі экскурсантаў на парадак больш за турыстаў.


Паводле апублікаваных Белстатам дадзеных, па Беларусі ў турах і экскурсіях летась удзельнічалі 836,8 тысячы чалавек, у той час як з набытым турам выязджалі за мяжу 738,7 тысячы чалавек — розніца склала 11,7% на карысць айчыннага турызму. З 2010 года ўпершыню ўнутраны турызм быў большы, чым выязны.

Цікава, што ў крызісны 2011 год, калі беларускі рубель рэзка дэвальваваўся ў тры разы, колькасць арганізаваных тураў толькі на сто тысяч скарацілася ў параўнанні з «багатым» 2010 годам, а потым гэты паказчык выключна рос.



Трэба зазначыць, што да 2012 года Белстат не ўлічваў у арганізаваны ўнутрыбеларускі турызм экскурсіі, таму пасля змены методыкі адразу адбыўся скачок. Але ў наступныя гады беларусы часцей выбіралі туры за мяжу, чым па Беларусі.

Пры гэтым наўрад ці можна адназначна казаць, што менавіта крызіс падрэзаў крылцы для адпачынку за мяжой, бо летась колькасць замежных паездак беларусаў не так моцна зменшылася.



Як бачым, пэўны пералом па колькасці замежных паездак беларусаў здарыўся ў 2014 годзе, але ў галіне арганізаванага выязнога турызму яшчэ працягваўся рост. Натуральна, шоп-туры ў Беласток не варта параўноўваць з адпачынкам на курортах Іспаніі ці наведваннем музеяў Парыжа, але і на культурны турызм, і на шопінг патрэбны грошы, якіх апошнім часам беларусам не хапае.

Унутраны турызм у асноўным трымаецца на жыхарах Беларусі. Традыцыйна замежнікі ў турах па Беларусі не перавышалі 20%, праўда, летась адбыўся скачок да 33%. Пры гэтым трэба зазначыць, што беларускія пагранічнікі не стаяць на мяжы з Расіяй, і таму ў статыстыцы Пагранкамітэта не ўлічваецца як асобная катэгорыя госці з Усходу. Але гэтыя дадзеныя ёсць паводле справаздач арганізацый, якія аказваюць турыстычная паслугі. Так, летась у Беларусі зафіксавана 79 тысяч арганізаваных турыстаў з Расіі — гэта 97% турыстаў з краін СНД, або 78% ад усіх замежных турыстаў, якія прыязджалі ў Беларусь.

Больш за ўсё замежных арганізаваных турыстаў, акрамя Расіі, дае Польшча — 3 542 чалавек. На другім месцы Латвія (2 243), потым ідуць Літва (1 595), Германія (1 456) і Украіна (1 351).

Трэба зазначыць, што да цяперашняга крызісу расійскай эканомікі пасля падзення коштаў на нафту і заходніх санкцый за акупацыю Крыма, расійскія грамадзяне актыўна набывалі пуцёўкі ў беларускія санаторыі і адпачывалі ў нашых аграсядзібах. Колькасць расійскіх турыстаў летась адкацілася нават крыху ніжэй за ўзровень 2010 года.



А між іншым санаторна-курортныя пуцёўкі і дагэтуль даюць асноўны прыбытак як унутранага, так і ўязнога турызму, тым часам як у гатэлях і аналагічных месцах часовага пражывання сабраць удаецца амаль удвая менш.



У беларускіх рублях фінансавыя паказчыкі растуць ад года да года. Але калі пералічыць іх па афіцыйным сярэднегадавым курсе ў долары, то сітуацыя не выглядае такой аптымістычнай.



Калі ацэньваць выручку ў свабодна канвертаванай валюце, то можна пабачыць, што нават такая палачка-выручалачка айчыннага турызму, як продаж санаторна-курортных пуцёвак, летась не вырас, а наадварот скараціўся ў параўнанні з 2014 годам на 32%. Аналагічнае змяншэнне можна назіраць і з выручкай ад аплаты пражывання ў гатэлях і ад аказання турыстычных паслуг.

Белстат дае таксама звесткі пра сярэднюю працягласць знаходжання турыстаў у Беларусі (5 дзён) і за мяжой (8 дзён). Цікава, што колькасць тых, хто набыў туры па Беларусі, летась нечакана падскочыла, але ўсё адно застаецца ў ценю колькасці ўдзельнікаў экскурсій.



У разрэзе беларускіх рэгіёнаў лепш за ўсё з прыцягненнем турыстаў сітуацыя ў сталіцы. Але разам з тым з 2013 года ў Мінску памяншаецца колькасць арганізаваных турыстаў. А вось у некаторых рэгіёнах, наадварот, заўважаны прырост. Па выніках 2015 года найлепшыя паказчыкі па аказанні турыстычных паслуг зафіксаваны ў Віцебскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. Нечаканы прырост колькасці турыстаў у 2015-м у параўнанні з 2014 годам выклікае пытанні, бо можа тлумачыцца не аб’ектыўнымі абставінамі, а, напрыклад, зменай методыкі ўліку. Пры гэтым ва ўсіх абласцях, акрамя названых лідараў, летась колькасць турыстаў паменшылася, а не вырасла.



А вось што да экскурсій, то тут у бясспрэчныя лідары выбілася Брэсцкая вобласць, якая за адзін год на парадак павялічыла іх колькасць. У 2015 годзе на Брэсцкую вобласць прыходзілася 45% усіх удзельнікаў унутрыбеларускіх экскурсій. Калі адкінуць гэты брэсцкі феномен, то на першым месцы па экскурсантах, як і па турыстах, будзе сталіца, пасля якой ідзе Мінская вобласць. Вядома, у Мінскай вобласці знаходзіцца Нясвіж, куды на экскурсію ў палац Радзівілаў няцяжка знайсці ахвотнікаў. Але ж ёсць і Мірскі замак, аднак статыстыка Гродзенскай вобласці не дае такіх значных паказчыкаў па экскурсіях, і нават саступае ў гэтым Магілёўскай вобласці. 

Абмеркаванне:

  • Уладзімер Русаковіч
  • 2016-08-03 00:28:49
Вялікі дзякуй за карысны артыкул.
Дадаў бы, што ў вёсцы Буйнічы Магілёўскага раёна: "У 2011 годзе заасад прыняў звыш 200 тыс. наведнікаў з 15 краінаў" ( https://be-tarask.m.wikipedia.org/wiki/Буйнічы ).

Каментаваць