Турызм без турыстаў

Беларусь, нягледзячы на ўсе свае перспектывы і высілкі, так і не стала «турыстычным раем». Як паведамляе Белстат, летась Беларусь арганізавана наведалі 118 тысяч турыстаў. Гэта на 2,3% больш, чым у 2011 годзе. Па-ранейшаму значная з іх частка — расіяне, якіх пабыло тут 94 200 чалавек.



Чаму ж Беларусь не карыстаецца попытам у замежных турыстаў? Адмыслоўцы кажуць пра некалькі хібаў, якія перашкаджаюць замежнікам наведаць Беларусь.

Першае, што адрознівае заходняга турыста ад расіяніна — гэта, канешне, віза. Беларускія візы каштуюць дастаткова шмат. Стандартны кошт аднаразовай турыстычнай або дзелавой візы — 40–60 долараў. Беларуская віза звычайна выдаецца на працягу 5 рабочых дзён, ёсць таксама магчымасць тэрміновага атрымання візы ў Беларусь (на працягу 48 гадзін) пры аплаце ў падвойным памеры. Але гэтыя візы выдаюцца там, дзе ёсць пасольства альбо консульства Беларусі.

 

Раней візу можна было атрымаць у Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Зараз гэтая паслуга не для ўсіх. З 1 верасня 2012 года ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» спынілася выдача ўязных віз замежным грамадзянам з тых краін, дзе ёсць дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Беларусі. Так што — усе ў консульствы.

 

Па-другое, аказваецца, у Беларусі няма на што паглядзець замежнікам! Збольшага, яны могуць паглядзець Мінск і… І ўсё. Для турыстаў нічога не зроблена — апошнім часам адрэстаўраваны толькі два замкі: Мір і Нясвіж. Яшчэ попытам карыстаецца Белавежская пушча. Але гэта тое, што «вырасла само», і да таго ж значна камфортней на яе паглядзець з боку Польшчы.

 

Беларускі агратурызм, пра які так доўга казалі, так і не здолеў набраць абароты. На ўсю краіну на дадзены момант існуе 71 аграсядзіба, дзе можна адпачыць. Прынамсі, такую лічбу падае першы каталог беларускіх аграсядзіб usadby.by. Пра што тут можна казаць?

 

Тое, што Беларусь непрываблівая для замежнікаў, з імпэтам скарыстоўваюць расіяне. Гэта, найперш, санаторыі і лячэнне ў Беларусі. Тое, канешне, спадчына СССР, але гэта захаваная спадчына. Рускаму лепш адпачыць у Беларусі «без асаблівых прэтэнзій», і гэта абыдзецца ўдвая танней, чым на Радзіме. А хто з прэтэнзіямі — хай ляціць у Карлавы Вары.

 

Як ні дзіўна, апошнім часам у Беларусь рускія едуць «за настальгіяй». На фоне расійскай «праімперскай прапаганды», што ўзмацняецца, выгаду атрымлівае Беларусь — сюды арганізавана едуць паглядзець на музеі Вялікай Айчыннай вайны ды пракаціцца па «Лініі Сталіна». Балазе, любы горад у нас — ад самага маленькага да Мінска — жывы помнік ВАВ.

 

Але Беларусі ўсё ж трэба выбіраць, якіх турыстаў яна чакае. Турыстычнай палітыкі ў нас папросту не існуе. Зашмат турыстычных грошай мы губляем на «ідэалагічнасці». І Літва, і Польшча ў год 150-годдзя паўстання Каліноўскага зрабілі шмат для таго, каб атрымаць хаця б «унутраных турыстаў», каб паказаць гісторыю сваім грамадзянам. Мы не толькі не зрабілі нічога, але і, наадварот, амаль на дзяржаўным узроўні робім падарунак палякам, кажучы пра польскую прыналежнасць Каліноўскага.

 

Тое ж самае з «раскруткай» мастацкіх рэчаў. «Славянскі базар у Віцебску» і «Лістапад» ператварыліся ў «міжсабойчык». Амаль няма нацыянальнай кухні: рэстарацыі Мінска з чым-небудзь нацыянальным, больш складаным за дранікі, можна пералі­чыць па пальцах адной рукі.

 

У гэтай сферы трэба вельмі шчыра працаваць. Бо «на халяву» турыстаў, як краіны, дзе ёсць цёплае мора, Беларусь не атрымае. Але нешта нам перашкаджае ў развіцці гэтай галіны. І, пэўна, не толькі візы.

 

А ў Літве, у якой жыве менш за 3 мільёны чалавек, за год спыніліся 2 мільёны турыстаў (1,1 мільёна — замежнікі). Прырост турыстаў за год склаў 12,4% — гэта другі паказчык у ЕС пасля Ісландыі.

Каментаваць