Хто выйграе ад супрацьстаяння прадпрымальнікаў і ўлады

У першых днях ліпеня нас чакае не толькі пачатак дэнамінацыі. 1 ліпеня заканчваецца ўмоўны тэрмін «мараторыя на праверкі», якія здолелі выгандлеваць прадпрымальнікі падчас зімніх пратэстаў. Зараз абодва бакі рыхтуюцца да актыўных дзеянняў.

Фота Intex-press. Людміла Пракопава

Фота Intex-press. Людміла Пракопава




Яшчэ ў лютым Аляксандр Лукашэнка наконт праверак прадпрымальнікаў сказаў: «Правяраем і будзем правяраць!» Канешне, пры гэтым ён адзначыў: «Мы ўжо прынялі ўсе захады для таго, каб інспектар, ідучы па вуліцы, не меў права зайсці ў кіёск і па сваёй волі там пачаць яго правяраць і вытрасаць усё навыварат. Гэта недапушчальна, немагчыма, пакуль начальнік не дасць прадпісання. Няма прадпісання — не пушчай яго наогул на парог».

Тым не менш, кантралюючыя органы вырашылі даць палёгку ІП, заявіўшы, што будуць не правяраць, а «маніторыць» іх дзейнасці да 1 ліпеня. Зараз з’явіліся вынікі гэтага маніторынгу.

Спецыялісты Дзяржстандарту склалі спіс тавараў, якія прадаюцца з парушэннямі. Самыя частыя «грахі» прадпрымальнікаў — няправільная маркіроўка, сумнеўная якасць і недастатковая бяспека прадукцыі. У лідарах антырэйтынгу апынуліся дзіцячыя рэчы, цацкі і адзенне. У ведамстве таксама высветлілі, што кожны другі тавар, які правяраўся, прадавалі з парушэннямі. ІП мяркуюць, што прадаўцы менавіта гэтых тавараў — першыя ў спісе на праверкі.

Дробныя бізнесоўцы таксама не спяць у шапку. У Мінску прайшоў чарговы форум прадпрымальнікаў, які арганізавала аб’яднанне «Перспектыва». На ім Анатоль Шумчанка канстатаваў, што працоўная група па праблемах ІП пры Мінэканомікі не вырашыла праблемы. Хаця і разумее, што яна не для гэтага стваралася. «Яна мела адну задачу — выйграць час, каб збіць запал і прымусіць ІП выйсці на працу. Гэта павінна паслужыць усім нам урокам, у далейшым мы гэтага больш не дапусцім. (…) Нашы праблемы не вырашаныя, а закансерваваныя», — казаў Шумчанка на форуме.

Карыстаючыся тым, што на форуме прысутнічалі прадстаўнікі Мінэканомікі, Шумчанка папярэдзіў уладу: «Праверкі справакуюць новую хвалю пратэстаў прадпрымальнікаў. Тое, што цяпер людзі маўчаць па ўказе №222, гэта не значыць, што яны з ім змірыліся. Як толькі пачнуцца праверкі па гэтым указе, адразу ж загучаць масавыя заявы і патрабаванні аб яго адмене. Прычым, гэтыя заявы будуць падмацаваныя пэўнымі дзеяннямі саміх прадпрымальнікаў», — цытуе Шумчанку БелаПАН.

Аднак вось што дзіўна. У выніковай рэзалюцыі форума багата ініцыятыў і прапаноў: па ўключэнні прадстаўнікоў ІП у заканатворчую дзейнасць, якая тычыцца прадпрымальнікаў, па недатыкальнасці маёмасці, спыненні канфіскацыі тавараў, увядзенні патэнтнай сістэмы і гэтак далей. Аднак няма нічога пра гатоўнасць распачаць акцыі пратэсту ў выпадку хвалі праверак. І наступны прадпрымальніцкі форум запланаваны не на ліпень, а ажно на верасень.

Магчыма, гэта і непатрэбна, бо сітуацыя ў прадпрымальніцкім руху нагадвае барацьбу ў Паўночнай Ірландыі за аддзяленне гэтага краю ад Брытаніі і аб’яднанне Ірландыі. Там ёсць «палітычныя гульцы» ў выглядзе «Шын Фейн», а ёсць радыкалы з Ірландскай рэспубліканскай арміі. І брытанскім уладам лепш размаўляць з «памяркоўнымі».

Так і ў нас: ёсць памяркоўны Шумчанка, з якім можна дамаўляцца, а ёсць «радыкальны» Камітэт па выратаванні прадпрымальніцтва з Макаевым, Севярынцам і Аўтуховічам. Дарэчы, Макаева і Севярынца на форум «Перспектывы» не пусцілі, маўляў, каб «не блытаць эканоміку з палітыкай».

Непамяркоўныя таксама рыхтуюцца. Прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч нават напісаў інструкцыю, што рабіць у выпадку праверак і канфіскацыі тавараў. Яна шырока разышлася ў інтэрнэце і больш нагадвае інструкцыю па тым, як гэтыя праверкі сабатаваць.

 Апроч таго, вынікам зімовых акцый ІП стала ідэя па стварэнні прадпрымальніцкага прафсаюзу «Разам». Улетку плануецца ягоны ўстаноўчы з’езд. Як паведаміў Павел Севярынец, збор подпісаў за адмену ўказа №222 ідзе больш чым у 40 гарадах Беларусі. Такім чынам, пры актывізацыі праверак «радыкалы» могуць паставіць на вушы палову краіны.

У выпадку новай канфрантацыі ІП з уладай не будзе пераможцаў. Як ні дзіўна, гэта разумее і ўлада. На тым жа прадпрымальніцкім форуме дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтву Міністэрства эканомікі Беларусі Пётр Арушаньянц так і заявіў, што ад страйкаў ІП не выйграў ніхто. За студзень-люты доля ІП у рознічным таваразвароце скарацілася ўдвая. Гэта кепска і ўладзе, і спажыўцам, і самім прадпрымальнікам.

Зараз, як кажуць, «мяч на баку ўлады». Ці здолее яна, па словах Шумчанкі, «захаваць статус-кво», альбо нам рыхтавацца да акцый пратэсту?


Каментаваць