У хісткай раўнавазе

Беларускі ўрад вельмі любіць маляваць прыгожыя карцінкі. Але гэтыя карцінкі рэдка супадаюць з адчуваннямі грамадзян. А таму немагчыма прадказаць, што адбудзецца, калі малюнак уладаў канчаткова ўвойдзе ў супярэчнасць са штодзённым досведам насельніцтва.

Фота www.rabkor.ru

Напрыклад, прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы па актуальных пытаннях развіцця беларускай эканомікі казаў: «У нас устойлівая тэндэнцыя на зніжэнне інфляцыі… Ёсць перспектывы таго, што да снежня інфляцыя можа не перавысіць 7%».

Першапачаткова беларускія ўлады ставілі мэту знізіць інфляцыю ў 2017 годзе да 9% (з 10,6% у 2016 годзе). Па выніках студзеня-ліпеня цэны на спажывецкім рынку выраслі ў Беларусі на 3,3%. Міністэрства эканомікі ў чэрвені заявіла, што па выніках года інфляцыя ў краіне можа скласці 7%.

Тым не менш, насельніцтва, наадварот, адчувае рост цэнаў. Асабліва пасля таго, як, выдаткаваўшы грошы на летні адпачынак, народ паглядзеў у свае гаманцы і на кошты ў крамах. Чаму ж мы не адчуваем зніжэння інфляцыі «на сваёй скуры»?

Усё вельмі проста, тлумачыць, напрыклад, эканаміст Леў Марголін. Рост коштаў паводле дадзеных статыстыкі і рост коштаў паводле адчуванняў насельніцтва — вельмі розныя рэчы. Справа ў тым, што афіцыйная інфляцыя разлічваецца па пэўным кошыку тавараў і паслуг, а доля тых ці іншых тавараў і паслуг у гэтым кошыку ўсталёўваецца самім Белстатам. Шараговага ж спажыўца не прымусіш купляць толькі тое, што закладзена ў «статыстычны» кошык, а таму для кожнай асобнай сям’і гэтая інфляцыя можа выглядаць па-іншаму.

Што датычыцца прагнозаў да канца года, то, на думку эканаміста, у аптымістычным прагнозе мы можам і не ўтрымацца. Па-першае, Аляксандр Рыгоравіч паставіў задачу давесці заробак «усім па 500», і ўдакладніў: для бюджэтнікаў — 800 рублёў. Для таго, каб заплаціць столькі бюджэтнікам, трэба будзе, хутчэй за ўсё, друкаваць грошы, бо нейкіх рэальных падстаў для значнага павышэння заробку папросту няма. Рост ВУП Беларусі, пра які нам таксама з прыдыханнем распавяда­юць па тэлевізары, знаходзіцца ў межах статыстычнай памылкі.

Па-другое, гэта запланаваны рост коштаў на камунальныя паслугі, да канца года іх плануецца павысіць аж у два разы. Гэтыя паслугі таксама ўлічваюцца Белстатам пры разліку паказчыка інфляцыі. І таму за чатыры месяцы да канца года пра ўтаймаванне інфляцыйнага звера казаць рана.

Дарэчы, наконт павышэння заробку бюджэтнікам. Праз тыдзень пасля знакамітай нарады ў Аляксандра Рыгоравіча той жа Андрэй Кабякоў расказаў, што 800 рублёў заробку ім, бюджэтнікам, не свеціць. Паводле яго словаў, сярэдні заробак бюджэтнікаў у 2018 годзе павінен скласці не менш як 750–760 рублёў. І тое, калі будуць самыя спрыяльныя ўмовы.

«Па кансерватыўным сцэнары тэмп росту ВУП асцярожна ацэньваецца ў 101,2%. Пры гэтым сярэдняя зарплата ў бюджэтнай сферы пралічваецца на ўзроўні каля 700 рублёў. Але мэтавы прагноз на 2018 год — 103,4% (рост ВУП)», — сказаў ён.

Калі спраўдзіцца не кансерватыўны, а мэтавы сцэнар, дык эканоміка зможа згенераваць даходы фондаў у аб'ёме, дастатковым для павышэння сярэдняга заробку бюджэтнікаў у 2018 годзе да ўзроўню 750–760 рублёў. А калі не — выбачайце.

А калі ў нас апошнім часам спраўджваліся аптымістычныя сцэнары? Ды ніколі…

Ёсць яшчэ адзін фактар, здольны паўплываць як на нашы заробкі, так і на ўзровень айчыннай інфляцыі. Днямі расійскія эканамісты, прааналізаваўшы манетарную палітыку адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і эфекты ад новых сектаральнай санкцый супраць РФ, прыйшлі да высновы, што ў чацвёртым квартале гэтага года расійскі рубель можа сур'ёзна «ліхаманіць». Не выключаны таксама і сцэнар абвалу валюты ўсходняга суседа.

А паколькі ў нас 50% экспарту завязана на Расію, то абвал расійскага рубля непазбежна выкліча аналагічныя працэсы ў Беларусі. І дэвальвацыя беларускага рубля будзе ў любым выпадку — інакш нашы тавары ў Расіі па кошце стануць проста неканкурэнтаздольныя.

Больш за тое, тыя ж расіяне самі казалі, што іх рубель «пераацэнены», і яго так ці інакш трэба «апускаць» у адносінах да долара. Гэтае «апусканне» меркавалася зрабіць восенню, а тут яшчэ плюс і сектаральныя санкцыі ЗША. Так што, верагодна, можна зваліць карысны «абвал рубля» на «падступных амерыкосаў»… Адзінае, што гэтаму пакуль замінае, — палітыка. Напачатку 2018-га ў Расіі адбудуцца прэзідэнцкія выбары, і Пуціну за паўгода да іх лепей устрымацца ад непапулярных рухаў кшталту зніжэння рубля. Ці прынясе ён эканоміку ў ахвяру палітыцы? Верагодней за ўсё, так і станецца.  Але потым «аддача» будзе яшчэ больш балючай, чым калі б гэта ён зрабіў зараз.

Ну, і яшчэ крыху пра бескарысныя пасяджэнні Лукашэнкі з урадам. Бачна, што Аляксандр Рыгоравіч сам незадаволены тым, якая інфармацыя да яго даходзіць і якім чынам ажыццяўляюцца (ці, дакладней, не ажыццяўляюцца) яго планы і даручэнні. А таму ён на тыдні падпісаў палажэнне пра паўнамоцных прадстаўнікоў кіраўніка дзяржавы, якія будуць прызначаныя ва ўсіх абласцях і Мінску.

У задачы такіх прадстаўнікоў будзе ўваходзіць аналіз і прагназаванне сітуацыі ў эканамічнай і сацыяльнай сферах на замацаванай за імі тэрыторыі, у тым ліку ацэнка наяўных праблем, інфармаванне кіраўніка дзяржавы пра становішча спраў у вобласці, выпрацоўка прапаноў па развіцці асобных рэгіёнаў.

Ведаеце — гэта крута. Мы кажам пра «аптымізацыю дзяржаўнага апарату», на гэтым жа тыдні былі вызваленыя ад пасады аж шэсць намеснікаў міністраў! І адначасова мы ствараем «паўнамоцных прадстаўнікоў» у шасці абласцях і Мінску з функцыямі «інфармавання і выпрацоўкі прапаноў» — то бок, пісанне справаздачаў і нічога больш. Нават не вельмі здзіўлюся, калі гэтыя «вызваленыя ад пасады» намеснікі заўтра стануць паўнамоцнымі прадстаўнікамі. І адно цёплае мястэчка яшчэ захаваецца ў рэзерве.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць