У адной пасудзіне

На апошняй інтэграцыйнай сустрэчы ў Маскве прэзідэнт Расіі Мядзведзеў адзначыў: “Мы казалі, што ствараем Мытны саюз і аб прывілеях, і аб пэўных складанасцях, што могуць, і ўжо ўзнікаюць у дзяржаў, якія не з’яўляюцца сябрамі Мытнага саюза.

На апошняй інтэграцыйнай сустрэчы ў Маскве прэзідэнт Расіі Мядзведзеў адзначыў: “Мы казалі, што ствараем Мытны саюз і аб прывілеях, і аб пэўных складанасцях, што могуць, і ўжо ўзнікаюць у дзяржаў, якія не з’яўляюцца сябрамі Мытнага саюза.

Як патлумачыў прамоўца,  прывілеі атрымліваюць чальцы пэўных міжнародных арганізацый. А складанасці могуць узнікнуць ў тых, хто не прымае удзелу ў “гэтым правасуб’ектным утварэнні. Пэўнае непаразумення застаецца і пасля такога тлумачэння, бо відавочна, што ніякія прывілеі ці складанасці не змусяць уступіць у гэты Мытны саюз ні ЗША, ні нават Гандурас. Бо якімі б рознымі ні былі паміж сабой гэтыя ды абсалютная большасць краін свету, яны крытычна ставяцца да інтэграцыі на постсавецкай прасторы пад эгідай Расіі і аддаюць перавагу сяброўству у арганізацыях сусветнага кшталту.

Такім чынам, расійскі прэзідэнт меў на увазе, хутчэй за ўсё, былыя саюзныя рэспублікі, якіх Масква спрабуе спакусіць пернікам ці напалохаць бізуном. Вядомая ўсім палітыка. Тое ж самае, але крыху на іншы капыл, чакае актыўных удзельнікаў ці нават завадатараў інтэграцыйнага працэсу, якім па волі Лукашэнкі працяглы час выступае Беларусь. І хоць прывілеяў яна атрымала незлічона (як падлічылі эканамісты, ці то на 50 мільярдаў долараў, ці нават на 100), але па узроўню дабрабыту насельніцтва выйшла ці не на апошняе месца сярод еўрапейскіх краін.

То бок, Беларусь атрымлівае не толькі прывілеі, але і складанасці ў адной пасудзіне. Прыкладам, ад Расіі на вельмі льготных умовах Беларусь атрымлівае нафту для перапрацоўкі на сваіх НПЗ. Але пасля продажу нафтапрадуктаў за мяжу павінна заплаціць мыту ў расійскі бюджэт. У выніку хоць справа ідзе пра велізарныя аб’ёмы паставак і перапрацоўкі, але плён беларускага боку не вельмі вялікі.

Той выпадак, калі амаль увесь пар сыходзіць ў свісток. І вядомае казулінскае пытанне пра тое, куды дзяваюцца “нафтавыя грошы да гэтага часу не знаходзіць задавальняючага ўсіх адказу.

Іншая справа — сельская гаспадарка, якая не толькі з эканамічнай нагоды, але і з палітычнай, і з культурніцка-ідэалагічных прычын была абрана прыярытэтам развіцця. Беларусь у гэтай галіне рабіла ўсё, каб дасягнуць і пераўзысці найлепшыя паказчыкі савецкіх часоў. Навошта? Такім чынам меркавалася выйсці на неабсяжны расійскі рынак, заваяваць там камандныя пазіцыі і забяспечыць такім чынам практычна невычарпальныя рынкі збыту. Не апошнюю ролю адыграла і фанабэрыя беларускіх кіраўнікоў, якія ў сваім недалёкім калгасным мінулым лічылі расіян дрэннымі сялянамі. А тыя яшчэ і калгасы развалілі. Вось так і выспела стратэгічнае рашэнне ўзяць патэнцыйнага багатага на рэсурсы хаўрусніка “пад зебры харчовага пытання. Як таго наліма ў чэхаўскім апавяданні. Але тое, што было палічана за звычайнае расійскае “головотяпство, з цягам часу ўсё болей пачало прымаць рысы даволі ўдалай аграрнай рэформы. У выніку Расія вярнула сабе статус аднаго з найбуйнейшых экспарцёраў зерня, пачала аднаўляць жывёлагадоўлю, а ў птушкаводстве дасягнула хуткага і відавочнага поспеху.

Таму пытанне пра тое, што Лукашэнка корміць ці не ўсю Расію, стала адпадаць само па сабе. Наадварот, Расія прыняла канцэпцыю ўласнай харчовай бяспекі і абмежавала імпарт харчовых прадуктаў. У прыватнасці, для Беларусі кожны год вызначаюцца так званыя балансы (фактычна, квоты), за межы якіх нельга выходзіць.

Меркавалі заваяваць неабсяжны рынак, а атрымалі  даволі абмежаваную нішу, якую можна запоўніць ужо пры сучасным стане сельскай гаспадаркі. А развівацца няма куды. Уласны ўнутраны рынак вельмі абмежаваны і па колькасці спажыўцоў, і па іх пакупніцкай здольнасці. Расійскі рынак фактычна для беларусаў зачыніўся. У перспектыве на яго пойдуць вытворцы з сусветнымі брэндамі, якаснымі і дарагімі таварамі. А ў нас з якасцю праблемы. Раней расіяне глядзелі на гэта скрозь пальцы, а зараз рэгулярна ладзяць санкцыі ды інспекцыі на беларускія харчовыя прадпрыемствы.

Меркавалі, што адвечна галаднаватыя “расіяне ўсё з’ядуць ды дабаўкі папросяць. Таму прадукцыя збольшага можа быць рэалізавана на рынках, дзе спажыўцы больш думаюць, дзе набыць паболей і таннага, чым смачнага ды якаснага. А пра іншых калі і думалі, то не настойліва. Таму да 90% і болей па розных пазіцыях беларускага харчавання прадаецца ў Расію. І гэта залежнасць манапольная: што тамтэйшыя спажыўцы скажуць,  то і будзе лічыцца ісцінай.

Прыкладам, расійскія малочнікі абвінавацілі беларусаў у парушэнні правіл сумленнай канкурэнцыі, у гандлі па дэмпінгавых коштах. Давялося спадару Русаму браць пад казырок, завяраць, што гэтага больш не будзе.

Чаго не будзе? Не будзе прывілеяў у гандлі на расійскім рынку, але застануцца складнасці. Бо Расія — манапольны і фактычна адзіны кампаньён беларускіх аграрыяў. Доля Беларусі на яе рынку не проста малая, а вельмі малая. Калі з тамтэйшых крамаў знікнуць беларускія сыры і каўбасы — рынак гэтага нават не заўважыць. Таму для захавання статус-кво беларускім вытворцам трэба задавальняць не толькі сапраўдныя прэтэнзіі расійскага боку, але і ўсе яго прымхі.
 

Каментаваць