У адпачынак на бульбу

Валютны крызіс закрануў бадай што ўсе сферы гаспадаркі. Не засталіся ў баку ад праблем і прадстаўнікі рэкрэацыйных, забаўляльных структур, якія падвышаюць кошты на свае паслугі адпаведна росту валютнага курса.

Валютны крызіс закрануў бадай што ўсе сферы гаспадаркі. Не засталіся ў баку ад праблем і прадстаўнікі рэкрэацыйных, забаўляльных структур, якія падвышаюць кошты на свае паслугі адпаведна росту валютнага курса.

Туры на чэрвень у той ці іншай ступені былі раскупленыя яшчэ ў сакавіку-красавіку, калі дзейнічала ранняе браніраванне, а праблемы з валютай не мелі такіх маштабаў. Цяпер жа турфірмы затаіліся ў чаканні: пакуль не зразумела, што прынясе сезон адпачынкаў. “Продажы ўпалі ў параўнанні з любым месяцам мінулага года. Карыстаюцца попытам бліжнія туры, на якія не трэба віза, — экскурсіі ў Кіеў, Львоў, — расказвае ўласніца невялікай турыстычнай фірмы Юлія. — Авіятуры цяпер менш папулярныя. Грошы ў лю­дзей ёсць, але, думаю, тут варыянт “не да жыру, быць бы жывым. Людзі цяпер проста не ведаюць, што будзе заўтра, ці будуць яны мець працу. Непрадказальнасць будучыні моцна ўплывае на жаданні расставацца з грашовымі запасамі.

Звычайна беларусы пачынаюць адкладаць грошы на адпачынак яшчэ з зімы. Аднак на фоне імклівага падвышэння коштаў на спажывецкія тавары многія адмаўляюцца ад пляжнага варыянту адпачынку і скіроўваюцца ў бок лецішчаў і дамкоў на вёсках. Невялікае апытанне сярод знаёмых паказала: колькасць тых, хто плануе летам палоць грады, перавышае колькасць лайдакоў-курортнікаў. У такім кантэксце спецыялісты прадказваюць скарачэнне турыстычных заявак напалову і больш.

Цяпер кліенты часцей звяртаюцца да бюджэтных прапаноў, але запоўніць забраніраваныя месцы на ўзроўні мінулага года наўрад ці атрымаецца. Таму турфірмы, якія яшчэ напрыканцы мінулага года арганізавалі чартарныя рэйсы, таропка спрабуюць скараціць праграмы.

Турыстычныя кампаніі атрымалі дазвол разлічваць кошт тураў у замежнай валюце, пры гэтым прытрымлівацца курсу валюты па дамоўленасці з кліентам. “Курс мяняецца амаль штодня. На 18 мая долар лічылі па 6 000 рублёў, 19-га будзе 6 500, хоць 17-га курс быў 5500, 16-га — 5 000, — тлумачыць прадстаўніца турфірмы. — Нешта прагназаваць складана, бо мы не ведаем, па якім законе будзем жыць заўтра. Нейкі працэнт беларусаў у любым выпадку будзе ездзіць адпачываць. У нас фірма не мае вузкай спецыялізацыі, мы прадаём і пуцёўкі, і экскурсійныя туры. Таму хоць неяк трымаем узровень продажаў.

Што тычыцца адпачынку беларусаў унутры родных межаў, то пуцёўкі ў санаторыі і дамы адпачынку даўно раскупленыя. У асноўным кліентамі беларускіх здраўніц з’яўляюцца расіяне. Кошты ж на дзіцячы адпачынак, як і на дарослы, цягам апошняга месяца павысіліся на 10–20% па “аб’ектыўных прычынах, як тлумачыць кіраўніцтва аздараўляльных устаноў.
 

Каментаваць