У чаканні місіі на Марс

Мяне апаноўвае падвойнае пачуццё — ці то радасці, ці то прыкрасці. З аднаго боку, прыемна, калі твае прагнозы спраўджваюцца, — значыць, не такі ты ўжо і дурны. З другога — лепш бы такія прагнозы не спраўджваліся ўвогуле.



НЧ неаднаразова пісаў пра хуткую дэвальвацыю нацыянальнай валюты. Прагноз пра дэвальвацыю спраўдзіўся, але мы меркавалі, што яна будзе больш плаўнай. Насамрэч, інакш як «абвалам» сённяшнюю сітуацыю назваць нельга.

Долар у продажы банкамі перасягнуў чарговы псіхалагічны рубеж у 18 тысяч. Еўра на пакупцы таксама больш за 20,5 тысячы рублёў. Зараз паўсюль адны размовы: «Вы новыя курсы валют бачылі?» Прычым гэта выклікае не здзіўленне, не абурэнне, а нейкія сумныя ўсмешкі. Беларусы ўжо нават не расчароўваюцца і не злуюцца з нагоды абвалу рубля, а проста смяюцца. Прызвычаіліся ўжо, што тут плакаць...

Паводле падлікаў АФН, з пачатку жніўня беларускія ўлады дэвальвавалі нацыянальную валюту на 17%. Зараз мы з удзячнасцю ўзгадваем спадарыню Ермакову з яе ідэяй плаўнай дэвальвацыі — яна за год апусціла рубель толькі на 10%.

Дэвальвацыя ў 17% зараз (а жнівень яшчэ не скончаны) супастаўляльная з 20-працэнтнай дэвальвацыяй 2009 года. Але зараз нешта не бачна «панічных» фотак з крамаў бытавой тэхнікі, як пяць гадоў таму, калі людзі скуплялі лядоўні і тэлевізары — абы патраціць беларускія грошы. Зараз мы бачым толькі чэргі ў абменніках. Значыць, сапраўды прызвычаіўся народ. Альбо людзі прыслухаліся ўсё ж да незалежных эканамістаў, якія гэтую дэвальвацыю прадказвалі ці не з таго моманту, як прайшла папярэдняя. І маюць нейкую «падушку бяспекі» ў выглядзе схаваных пад падушкай колькі соцень долараў.

Безумоўна, дэвальвацыю трэба было праводзіць. На фоне падзення валюты ў нашага асноўнага экспарцёра — Расіі, беларускія тавары станавіліся проста не канкурэнтнымі па кошце. Да таго ж, паслабленне «зайца» крыху стрымлівае насельніцтва ад хітраватых схемаў, калі так патрэбная нам валюта перацякала праз мяжу, дзе з-за падзення расійскіх грошай тавары апыналіся значна таннейшымі.

Але дзіўна, што ўлада не датрывала з гэтымі крокамі да прэзідэнцкіх выбараў. Толькі-толькі нам з гонарам адрапартавалі, што рэальны заробак у ліпені перавысіў чэрвеньскі на 1,6% — і тут на табе…

А можа, рэальны заробак яшчэ нават вырасце ў жніўні. Не верыце? А дарма. Справа ў тым, што ён разлічваецца «з улікам росту цэн на спажывецкія тавары і паслугі». Тут улада камандуе цэнам: «Стаяць!». Напрыклад, кіраўніцтва Мінска ўжо з 25 жніўня ўзмацніла кантроль за цэнаўтварэннем і прымяненнем гандлёвых надбавак суб’ектамі гаспадарання сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. Як паведамляе ўпраўленне гандлю і паслуг Мінгарвыканкама, меры прынятыя «ў мэтах недапушчэння неабгрунтаванага росту цэн і тарыфаў». У выпадку выяўлення парушэнняў парадку цэнаўтварэння да суб’ектаў гаспадарання будуць прымяняцца меры адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Праўда, як заўсёды, не сказана, што рабіць з імпартам, які набываецца не за беларускія рублі і павінен падаражэць. Памятаеце, як у пачатку года намесніца міністра гандлю Ірына Наркевіч замест таматаў прапаноўвала есці агуркі, а Аляксандр Лукашэнка прызнаваўся, што не ўжывае бананаў? Вось тое самае напаткае нас і зараз. Колькі разоў ужо можна паўтараць, што абмежаванне коштаў на імпарт вядзе да збяднення асартыменту тавараў, і ўрэшце прыводзіць да супрацьлеглага выніку: вымыванне валюты з краіны толькі павялічваецца. Бо людзі купляюць валюту і едуць за тым, што ім патрэбна, за мяжу.

З «камандным цэнаўтварэннем» мы наступаем на тыя ж граблі, спадарства.

Але ёсць і добрыя навіны. Расія працягвае падкідваць беларускім прадпрыемствам дробныя бонусы. Услед за знішчэннем харчоў Расспажыўнагляд узяўся за іншыя тавары. Ён распарадзіўся зняць з продажу шэраг імпартных мыйных сродкаў з-за неадпаведнасці патрабаванням бяспекі.

У прыватнасці, узніклі прэтэнзіі да прадукцыі «Henkel»: у пералік патрапілі кандыцыянер для бялізны «Вернэль Вясновая свежасць», пральны парашок «Персіл Эксперт Сэнсэтыў» і мыйны сродак «Пемас дзіцячы». Таксама ў пераліку апынуліся сродак для мыцця посуду «Fairy Platinum» (пастаўляецца Procter&Gamble з Чэхіі), вадкае мыла «Palmolive Натурэль» (Colgate-Palmolive, Турцыя), нямецкі сродак для чысткі і догляду за падлогай «Emsal» (Werner&Mertz GmbH) і шэраг іншых.

Ёсць дзе разгарнуцца пральнаму парашку «Мара» і Гомельскаму тлушчаваму камбінату з ягоным «Мылам гаспадарчым 72%»! Галоўнае, шанцы не губляць.

Падзеннем расійскага рубля скарысталіся не толькі кемлівыя грамадзяне. Мінабароны Беларусі падпісала кантракт з «Росабаронэкспартам» на пастаўку ў 2016 годзе 5-ці зенітных ракетных комплексаў «Тор–М2К». Дэталі кантракта не паведамляюцца, але відавочна, што яны абышліся нам танней, чымсьці гэта магло быць, напрыклад, год таму.

З усіх гэтых дэвальвацыяў і ўяўных поспехаў усё больш і больш назіраецца тэндэнцыя размежавання краіны. Грамадзяне Беларусі жывуць у краіне — з усімі яе дэвальвацыямі, падзеннем узроўню жыцця, павелічэннем беспрацоўя і гэтак далей. А вось улады жывуць у дзяржаве. У дзяржаве ўсё добра, яна жыве ў свеце нармальных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, якія малюе Белстат, у «эканамічным цудзе», дзе павялічваецца экспарт і імпарт, і плануецца станоўчы ВУП. І дзе можна будаваць амбітныя планы.

Аж да таго, што дзяржава плануе паляцець на Марс!

Так-так, гэта не жарт. Гендырэктар Касмічнага агенцтва ААЭ Мухамед Насер аль-Ахбабі, які наведаў Мінск, заявіў, што Аб’яднаныя Арабскія Эміраты разглядаюць Беларусь у якасці партнёра ў даследаваннях Марса. «Мы плануем запусціць місію на Марс. Гэта будзе першы падобны запуск у рэгіёне. Мы думаем, што сумесная праца з Беларуссю ў гэтай сферы будзе шматабяцальнай», — сказаў аль-Ахбабі.

Можа б, і сапраўды, зляцела б адсюль тая «дзяржава». Тады б грамадзяне засталіся ў «краіне» без усялякіх падаткаў на вяселле, на беспрацоўе і іншых падобных «падаткаў на паветра». Лягчэй жылося б у краіне…

Каментаваць