У чаканні праграмных выступаў

Я, бадай, упершыню вельмі хачу пабачыць эканамічную праграму кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі на гэтых выбарах. Зазвычай прэтэндэнты на пасаду кіраўніка дзяржавы абяцаюць нам рай на зямлі. Але зараз ён абяцае нам, наадварот, цяжкасці.



Пакуль людзі адыходзяць ад «валацільнасці» беларускага рубля і па звычцы зазіраюць на табло абменнікаў: наколькі яшчэ вырас курс долара? Так, у апошнія тыдні жніўня рубель патаннеў на 17%, потым крыху падрос, і зараз працягвае падзенне. Здавалася, што ў гэтым добрага для насельніцтва? А вось ёсць добрае! На тыдні Аляксандр Рыгоравіч нават пахваліў Нацбанк за тое, што ён не стрымлівае нацыянальную валюту ад падзення.

«Дзякуючы таму, што мы перайшлі на плаваючы курс і ні ў якім выпадку штучна не стрымліваем курс нацыянальнай валюты ў адносінах да іншых валют, нам усё ж такі ўдалося пераканаць насельніцтва, што мы з ім у гульні гуляць не будзем. І гэта правільна, нам трэба прытрымлівацца падобнай пазіцыі», — заявіў Лукашэнка, прымаючы з дакладам кіраўніка Нацбанка.

Зразумелі, у чым карысць? Прэтэндэнт на далейшае кіраванне краінай лічыць добрым, што прызвычаіў сваё насельніцтва да пастаянных «валютных стрэсаў». «У гульні гуляць не будзем» — і кропка. А вы, шаноўныя жыхары краіны, выкручвайцеся самі, як хочаце.

«Якое хочаце ўжывайце кіраванне, абы ад гэтага быў вынік — сёння не да раскошы. У нас наперадзе, магчыма, яшчэ больш складаныя часы, і дай Бог нам вось так прайсці, як мы сёння ідзем. Сітуацыя ў свеце ад нас не залежыць. Мы павінны да яе прыстасавацца, і мы гэта павінны разумець», — звыкла ківае Аляксандр Рыгоравіч на нейкі «сусветны крызіс».

Як гэта можна пракаментаваць? Па-першае, сапраўды, мы не адасобленыя ад «сітуацыі ў свеце». Мы — не Паўночная Карэя, якая ад астатняга свету адгарадзілася жалезнай заслонай. Але важна і разумець, што калі мы — частка сусвету, то мы і таксама ўплываем на гэтую сусветную сітуацыю, і самі павінны вызначаць сваё месца ў свеце.

Канешне, мы не вінаватыя ў тым, што расійская эканоміка крыху больш, чым поўнасцю залежыць ад коштаў на нафту. Але хто, калі не мы, вінаваты ў тым, што наша беларуская эканоміка больш чым напалову залежыць ад адной краіны — Расіі? А хто прымаў рашэнне пра ўсялякія інтэграцыі з «родным вялікім братам»? Ці не персанальна Аляксандр Рыгоравіч падпісваў усе гэтыя дамовы? І «сітуацыя ў свеце» тут ні пры чым.

Чыімі намаганнямі мы адрэзаныя ад сусветных інвестыцыяў, ад сусветных тэхналогій? Хто нам увесь час казаў пра «беларускую мадэль развіцця», і пра тое, што «ў савецкіх — уласны гонар»? Ці варта яму зараз спіхваць усё на «сітуацыю ў свеце»? Таму што насамрэч сітуацыя ў свеце нармальная. Гэта ў нас праблемы, пра гэта ўжо казалася.

Па-другое, «у гульні гуляць не будзем», і «наперадзе больш складаныя часы»… Ці варта разглядаць гэтыя словы так, што мы адмаўляемся ад «сацыяльна арыентаванай дзяржавы»? І ці ёсць гэта прызнаннем, што беларускі «эканамічны цуд» лопнуў, як мыльная бурбалка?

Таму і цікава будзе паглядзець на праграму кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі А.Р. Куды нас надалей плануе весці наш правадыр. У якую будучыню? Калі ў цемру «складаных часоў» — дык, можа, варта змяніць рулявога? Калі ў «светлую будучыню», то цікава, як будзе дасягацца гэтая будучыня?

Пакуль нам прапанавалі вельмі цікавы варыянт вырашэння валютнай праблемы. Рашэнне палягае ў тым, каб проста заплюшчыць вочы і не звяртаць увагі на долар, — нібыта і не існуе яго ўвогуле. «Звычайныя людзі ў нас усё могуць купіць у Беларусі за беларускія рублі», — паведаміў беларускі кіраўнік.

Класная парада, і не паспрачаешся. Канешне, у нас усё можна купіць за беларускія рублі. Але пытанне не ў тым, што можна, — пытанне ў тым, колькі гэта каштуе «за беларускія рублі». Бо нашая эканоміка «імпартаарыентаваная» не менш за «экспартаарыентаваную». Я не кажу ўжо пра асноўныя выдаткі на вытворчасць — нафту і газ, якія мы закупляем выключна за долары. Рухавікі для МАЗаў мы набываем не толькі ў «саюзнічкаў» у Яраслаўлі. На МАЗаўскія аўтобусы ўсё часцей ставяцца «дзвіжкі» Mercedes-Benz і Deutz. Каробкі перадачаў — пераважна Voith і ZF. Увогуле, калі пакапацца ў спецыфікацыі, напрыклад, аўтобуса МАЗ-103, узнікае пытанне, што там беларускага. Тое ж тычыцца і тэлевізараў «Гарызонт», і іншай складанай тэхнікі, якую прынята называць «гонарам беларускай прамысловасці» — «начынне» амаль усё замежнае.

І на ўсё гэтае патрэбныя долары. А значыць, не зважаць на «замежных прэзідэнтаў» проста не атрымаецца — ад іх стану наўпрост залежаць кошты ў крамах.

І звыкла, у савецкай традыцыі, нам прапанавана «раскулачыць» тых, хто добра жыве. Ужо, канешне, не так добра, як раней, а ўсё роўна «кулацтва». Бо раней, у крызіс 2011 года Аляксандр Рыгоравіч казаў пра «народзец», які прыганяў з-за мяжы па «тры-пяць аўтамабіляў». Зараз размова ідзе ўжо пра адзін аўтамабіль і тры-пяць тэлевізараў.

«Менш мяне — хай гэта непапулярна — хвалююць тыя людзі, якія па тры, па пяць тэлевізараў куплялі або купляюць, аўтамабілі могуць сабе купіць», — паведаміў Лукашэнка. Хоць «менш», але ўсё ж такі хвалююць! А значыць, трэба чакаць нейкіх чарговых навацыяў у падаткаабкладанні. Напрыклад, ужо не «дарожны збор», а «тэлевізійны».

Хаця наўрад ці гэтыя навацыі прывядуць да чагосьці выніковага. Як з падаткам на дармаедства: узварушылі краіну, а сэнсу — нуль. Дакладней, не зусім нуль, а 55. Са жніўня беларускія гультаі атрымалі магчымасць датэрмінова выплаціць падатак са зніжкай у 10%. За месяц гэтым скарысталіся толькі 55 «дармаедаў». Што ва ўмовах 4,5-мільённага «эканамічна актыўнага насельніцтва» і 1% афіцыйнага беспрацоўя паказальна — ніхто добраахвотна гэты падатак плаціць не будзе.

Сапраўды, а за што плаціць? Між іншым, нам дагэтуль не патлумачылі, куды пойдуць сабраныя з «дармаедаў» грошы. Калі гэты падатак уводзілі, казалі пра «кампенсацыю бясплатных паслуг у паліклініках, дзіцячых садках, якімі дармаеды карыстаюцца, а падаткаў не плоцяць». Але гэта ўсё абстракцыя. Напрыклад, у мінулым годзе з «дарожнага збору» рэспубліканскі бюджэт атрымаў 800 мільярдаў рублёў, і яшчэ 341 мільярд — ад платных дарог. Але выдаткі на дарогі павялічыліся толькі на 600 мільярдаў.

Можа, лепш Лукашэнку ў эканамічнай праграме патлумачыць, куды дзяваюцца нашы грошы?

Каментаваць