У глухім аптымізме

Урад агучыў шэраг эканамічных паказчыкаў, якіх мы плануем дасягнуць у 2016 годзе. Прагнозы па-дзіцячаму аптымістычныя: мы ізноўку маем намер утаймаваць інфляцыю, дасягнуць росту экспарту і ВУП. Толькі заробак падкачаў.



Найперш, інфляцыю мы разлічваем стрымаць у межах 12%. Гэта — сакральная лічба яшчэ з моманту дэвальвацыі 2011 года, і з тых часоў яна не вытрымлівалася.

«Прагнозны намінальны памер заработнай платы ў 2016 годзе складзе Br7,832 млн., і вырасце на 1,2%. Заработная плата ў бюджэтным сектары складзе Br6,347 млн.», — праінфармаваў на пасяджэнні ўрада міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.

Згодна дадзеным Нацыянальнага статыстычнага камітэта, намінальны заробак за чэрвень гэтага года склаў 6 млн. 883 тыс. 744 рублі. Такім чынам, рост да 7,8 млн. — гэта толькі кампенсацыя надзвычай аптымістычнай інфляцыі.

Улады плануюць, што ў 2016 годзе рост ВУП складзе 1,1% за кошт рэзкага, на 24%, росту экспарту тавараў і паслуг.

Між тым, як дасягнуць экспарту тавараў і паслуг на цэлую чвэрць, ніхто не патлумачыў. Наадварот, у гэтым плане нас чакаюць змрочныя часы.

Ні для каго не сакрэт, што асноўны спажывец беларускага экспарту — Расія. Таму па нас моцна б’е падзенне расійскага рубля. Калі рубель у Расіі падае адносна долара, то нашы тавары на гэтым рынку аўтаматычна даражэюць. І, аўтаматычна, падаюць продажы нашых тавараў. Такім чынам замест «плюсу» пры павелічэнні экспарту мы атрымліваем «мінус» у грошах ад продажу гэтых тавараў.

Расія ж не збіраецца падтрымліваць сваю нацыянальную валюту. Прэзідэнт РФ нават назваў падзенне расійскага рубля шанцам для развіцця ўнутранага турызму і прапанаваў аслабіць візавы рэжым для турыстаў з краін БРІКС. Пуцін, які абвясціў курс на імпартазамяшчэнне ў адказ на заходнія санкцыі, заклікаў павышаць якасць у індустрыі паслуг, «каб адпачываць у Расіі было камфортна, цікава і выгадна».

То бок, ратаваць расійскі рубель ад падзення Пуцін не збіраецца. Адпаведна, беларускі экспарт у Расію, якім бы па колькасці ён ні быў, будзе вымушана таннець. І ягоны рост на 24%, нават калі гэта адбудзецца, зусім не азначае, што мы атрымаем на 24% больш грошай. Наадварот, як бы ў «мінус» не сысці.

Дадатковым цяжарам для сінявокай у будучым годзе стане і абслугоўванне знешняга дзярждоўгу. У 2016 годзе мы павінны выплаціць крэдыторам $3,2 млрд., уключаючы $2,3 млрд. пагашэння асноўнага доўгу. Палову асноўнага доўгу плануецца пагашаць за кошт бюджэту, другую палову ўрад мяркуе рэфінансаваць, паведаміў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.

У бягучым годзе абслугоўванне знешняга дзярждоўгу ўлятае краіне ў $4 млрд. На сёння ўлады ўжо пераадолелі пік выплат, уключаючы пагашэнне дэбютнага выпуску еўрабондаў на суму ў $1 млрд. Але зазначым, што ўсе выплаты былі рэфінансаваныя за кошт новых крэдытаў і абавязацельстваў, то бок, мы іх не аддалі, а проста «падоўжылі». І крэдытны цяжар дагэтуль вісіць над краінай.

Забяспечыць рост рэалізацыі беларускай прадукцыі на расійскім рынку ў гэтых умовах можна двума шляхамі. Першы шлях — доўгі і дарагі. Гэта мадэрнізацыя вытворчасці, каб зрабіць беларускую прадукцыю менш энергаёмкай, менш дарагой і больш якаснай. На гэта патрэбныя грошы і новыя сучасныя тэхналогіі, якія можна ўзяць толькі ў замежных інвестараў. Але інвестары патрабуюць празрыстай прыватызацыі прадпрыемстваў, скасавання залішняга дзяржаўнага кантролю і, як мінімум, інстытута «залатой акцыі». Фактычна, гэты шлях вядзе да карэннай ломкі існуючай сістэмы «беларускага эканамічнага цуда». На што ўлада, канешне ж, не пойдзе.

Другі шлях даўно звыклы, хуткі і апрабаваны. Гэта дэвальвацыя нацыянальнай валюты да таго ўзроўню, пры якім беларускія тавары стануць канкурэнтназдольныя на расійскім рынку па кошце, калі не па якасці. У «мінімальным» варыянце беларуская дэвальвацыя павінная быць роўная «спуску» расійскага рубля.

Сцэнар «плаўнай дэвальвацыі» мы ўжо назіраем: за два тыдні гэтага месяца амерыканскі «зялёны» вырас больш чым на 700 рублёў. Яшчэ 1 жніўня ягоны курс па Нацбанку быў 15.248 рублёў. 17 жніўня «бакс» пераадолеў псіхалагічную рысу ў 16 тысяч і склаў 16.024 рублі.

Аналітыкі расійскага «Сбербанка» ў песімістычным сцэнары чакаюць, што да канца года расрубель патаннее яшчэ працэнтаў на 30 — да 80–90 рублёў за долар. Зыходзячы з гэтага, варта чакаць дэвальвацыі беларускай валюты на 35–40%.

Каментаваць