У іх ёсць план

Аляксандр Рыгоравіч злятаў у Маскву і сустрэўся там з Пуціным у межах ужо мала каму памятнай Саюзнай дзяржавы. Вынікам гэтай сустрэчы стала тое, што мы даведаліся: у іх ёсць план. Сумесны план па выхадзе з агульнага крызісу.

 



Як паведаміў на прэс-канферэнцыі Пуцін, «пад уплывам неспрыяльнай сусветнай кан’юнктуры — падзення коштаў на нафту, рэзкіх ваганняў валютных курсаў — адбылося некаторае скарачэнне аб’ёмаў узаемнага гандлю, у 2014 годзе яно склала каля пяці працэнтаў. Для пераадолення гэтай сітуацыі і забеспячэння ўстойлівай дынамікі дзелавога ўзаемадзеяння прымаюцца аператыўныя меры. Урадамі прыняты План мерапрыемстваў па стварэнні дадатковых умоў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Па сутнасці, гэта сумесны антыкрызісны план, накіраваны на далейшае ўмацаванне расійска-беларускай інтэграцыі. Зразумела, усе палажэнні гэтага дакумента будуць выконвацца з улікам нашых абавязкаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза».

Што гэта за план, навуцы не вядома. Пуцін агучыў толькі ягоныя асноўныя элементы. Па ягоных словах, з Лукашэнкам ён дамовіўся пра «нарошчванне ўзаемнай інвестыцыйнай актыўнасці», адзначыўшы, што Беларусь — лідар па аб'ёме назапашаных расійскіх капіталаўкладанняў. Казалася пра новыя праекты ў энергетыцы, аўтамабілебудаванні, электроннай прамысловасці, высокатэхналагічнай сферы.

Карацей, Пуцін казаў пра далейшую экспансію расійскага капіталу ў Беларусь, бо ў сінявокай «інвестыцыйнай актыўнасці ў Расіі» амаль няма — грошы не тыя. Між тым, перш чым казаць пра «новыя праекты», трэба было б разабрацца са старымі — холдынгамі МАЗ-Камаз (аўтамабілебудаванне), «Пеленг» (электронная прамысловасць) і гэтак далей. У гэтыя «смачныя кавалкі» беларускай эканомікі Лукашэнка расіянаў не пускае, і наўрад ці дапусціць.

Ёсць вельмі вялікія сумневы, што гэты «план» будзе выконвацца. Варта толькі ўзгадаць, як прэм’еры — Дзмітрый Мядзведзеў і Андрэй Кабякоў, яго падпісвалі. Гэта проста анекдот.

«У адпаведнасці з нашымі даручэннямі эксперты адпрацавалі план мерапрыемстваў па стварэнні дадатковых умоў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Пэўны план, канкрэтныя пункты, над выкананнем якіх, я думаю, мы на працягу гэтага паўгоддзя практычна павінны скончыць працу», — па-ваеннаму каротка даклаў Кабякоў Мядзведзеву. «Мы з вамі прэм’еры, а не эксперт. Таму давайце мы план паглядзім, можа, там што не тое напісана, а калі ўсё ў парадку — падпішам яго», — прапанаваў Мядзведзеў. «Абсалютна згодны», — адказаў Кабякоў. І — падмахнулі.

Пра тое, што план — не план, сведчыць заява Кабякова пра «на працягу гэтага паўгоддзя практычна павінны скончыць працу». А калі «не практычна»? Карацей, абодва прэм’еры падпісалі яго з упэўненасцю, што выконваць яго не давядзецца. Прынамсі, паўгады. А можа, і ніколі.

Аляксандр Рыгоравіч жа быў заклапочаны іншым. Падчас пасяджэння ён сказаў: «Мы не дапрацоўваем, ствараем напружанасць у гандлёвых адносінах, дысбаланс у эканамічнай палітыцы паміж нашымі краінамі, з-за чаго ўзнікаюць штучныя бар’еры для свабоднага перамяшчэння тавараў. Усе гэтыя бар’еры трэба здымаць. І мы гэта зробім», — казаў ён.

Але як насамрэч здымаюцца гэтыя бар’еры, дэманструюць дзяржаўныя органы. У той час, як кіраўнік Беларусі здымае бар’еры, Дзяржаўны мытны камітэт іх стварае. З 10 сакавіка ў чарговы раз уводзяцца абмежаванні на правоз пэўных тавараў з-за мяжы для асабістага карыстання. Толькі адзін раз у тры гады можна будзе ўвозіць у сінявокую 1 адзінку складанай бытавой тэхнікі і электрапрыбораў. Сюды патрапілі газавыя і электрычныя пліты, пыласосы, кухонныя камбайны, мікрахвалёвыя печы, лядоўні, маразільнікі, пральныя машыны, кававаркі, ноўтбукі і планшэты, пыласосы, і нават дзіцячыя каляскі. Раз на два гады можна будзе ўвезці чатыры аўтамабільныя шыны і дыскі.

Можна было б казаць пра логіку ў дачыненні да газавых плітаў, лядоўняў і пральных машын — хай людзі падтрымліваюць айчыннага вытворцу, набываюць «Гефест» альбо «Атлант». А вось наконт ноўтбукаў і планшэтаў — яўны перагіб, бо ў нас яны не ствараюцца. Ва ўмовах дэфіцыту падручнікаў планшэт са скачанымі на яго з сайта Мінадукацыі кніжкамі можа быць выйсцем, але за год яго дзіцёнак «удзелае» так, што толькі на запчасткі ён і прыдатны. Прыкол і з дзіцячымі каляскамі. У 2012-м годзе канцэрн «Беллегпрам» з пенай у роце рапартаваў, што наладжана «імпартазамяшчэнне» гэтай прадукцыі. Як высветлілася, на ўсю Беларусь выпускаецца 250 (!) дзіцячых калясак на год. І пры такой пазіцыі Мытнага камітэта мы разлічваем на павышэнне нараджальнасці? Навошта дзяржаўны мытны камітэт крыўдзіць дзетак? І як наконт «зняцця бар’ераў»?

Самы прыкол у тым, што гэтая пастанова, як заўсёды, уводзіцца «папярэднім чыслом». Адлік «каляндарных трох гадоў» пачынаецца з 31 сакавіка 2014 года. Таму не спяшайцеся да 10 сакавіка паспець за мяжу ў пошуках тавараў — вы ўжо спазніліся.

Ну і, як заўсёды, на заканчэнне, добрая навіна. Каб вярнуць прадпрымальнікаў на рынкі, улады нарэшце падрыхтавалі праект указа, які дазволіць ІП-шнікам гандляваць таварамі, увезенымі з тэрыторыі Мытнага саюза, без якіхсьці пацвярджаючых дакументаў, паведаміла прэс-служба Міністэрства па падатках і зборах РБ. «...ІП — плацельшчыкам адзінага падатку прадастаўлена права ў дачыненні да тавараў (за выключэннем падакцызных тавараў), увезеных з тэрыторыі дзяржаў-членаў Мытнага саюза на тэрыторыю РБ і прызначаных для рознічнага гандлю з выплатай адзінага падатку, ажыццяўляць раздробны гандаль у гандлёвых аб’ектах (за выключэннем магазінаў) і на гандлёвых месцах на рынках без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё (паступленне) гэтых тавараў», — гаворыцца ў паведамленні.

Але за гэта давядзецца заплаціць: за «бездакументную» працу прадугледжваецца выплата адзінага падатку з прымяненнем павышальнага каэфіцыента 2 і выплата ПДВ у фiксаваных сумах у павялічаных памерах», — канстатуе МПЗ. Падпісанне ўказа плануецца «ў самы бліжэйшы час».

Каментаваць