У раі было б нудна

"Эканамікс", падручнік па эканоміцы, напісаны Полам Самуэльсанам, разышоўся па свеце шматмільённымі тыражамі, дзякуючы чаму яго аўтар зрабіўся мультымільянерам. Але ж і на Сонцы бываюць плямы...

"Эканамікс", падручнік па эканоміцы, напісаны Полам Самуэльсанам, разышоўся па свеце шматмільённымі тыражамі, дзякуючы чаму яго аўтар зрабіўся мультымільянерам. Але ж і на Сонцы бываюць плямы...

Падручнік падчас перабудовы быў выдадзены ў СССР і адразу нарабіў тлуму і гвалту. Прынамсі, студэнты (а каб паспець за імі, і маладыя дацэнты) адклалі ўбок "Капітал" Маркса, каб па "Эканамікс" вывучаць эканоміку як жывую і практычную навуку. Увогуле, "Эканамікс" мае ліберальны накірунак, але яго аўтар аддаў даніну часу і аўдыторыі, на якую быў скіраваны рускі пераклад. У прадмове да рускага чытача было адзначана: "Савецкая эканоміка з’яўляецца сведчаннем таго, што, насуперак меркаванням шматлікіх скептыкаў, сацыялістычная камандная эканоміка можа функцыяніраваць і нават квітнець".

Сказана безапеляцыйна, а галоўнае — у патрэбны час. 1989 год увайшоў у гісторыю як год афіцыйна прызнанага фактычнага банкруцтва эканомікі СССР. Хоць звонку ўсё выглядала нават вельмі прывабна. Валавыя паказчыкі вытворчасці дасягнулі небывалых маштабаў, у грамадскай вытворчасці было занята ледзь не ўсё дарослае насельніцтва, з уборкай высокіх ураджаяў дапамагалі нават піянеры і школьнікі, але ўсё імі зробленае і сабранае знікала чорт ведама куды. Люстраныя вітрыны сталічных універсамаў пакрыліся пылам, а на паліцах сельмагаў стаялі адно вялізныя чыгуны. І больш нічога ў афіцыйным гандлі ўвогуле не было.

Атрымоўвалася так, што даведзеная да абсалюту рацыянальнасць абрынулася на людзей абсалютным хаосам. Прыкладам вось такая выснова ў Маркса: асобнаму музыканту не патрэбен дырыжор, а сімфанічны аркестр без яго не абыдзецца. Як з гэтым не пагадзіцца, як не паверыць, што планавае гаспадаранне нашмат больш эфектыўнае, чым стыхійнае рынкавае? А як не паверыць таму, што пайшло ў свет ці то як дырэктыва, ці ў якасці анекдота — "эканоміка павінна быць эканомнай!". Бо кожная ж гаспадыня эканоміць.

Так яно так, але за анекдотамі важная праблема са сферы аналізу перамясцілася на поле веры. Старое як свет: веру, бо абсурдна.

Нешта падобнае зараз адбываецца і ў Беларусі. Мноства людзей, ці не бальшыня, верыць у тое, што абсалютна ўсё, уключна з пенсіямі і заробкамі, залежыць ад прэзідэнта. Як ён сказаў, так і будзе, як ён захоча, так зробіць, а не захоча, дык і не дасць. А між тым, мусіць, няма ў краіне асобы, ад якой так мала залежаў бы стан рэчаў у эканоміцы, як прэзідэнт. Ён не мае магчымасці падвысіць заробкі, ён нават не можа стварыць магчымасці, каб кожны зарабляў болей на сваім месцы. Прычына адна, і яна павінна быць усім вядомай. Заробкі залежаць не ад указаў прэзідэнта, а ад стану эканомікі. Калі прадпрыемствы, транспартныя ды гандлёвыя арганізацыі сваёй дзейнасцю павялічваюць памеры аплачаных кліентамі продажаў, калі на знешніх рынках яны прадаюць больш тавараў, чым купляюць для ўласнага вытворчага спажывання, то эканоміка рэальна расце і заробкі падвышаюцца аўтаматычна.

Ніякай павышанай крэатыўнасці не мае і створаная прэзідэнтам уладная вертыкаль. Прыкладам, у пачатку года Віцебскі аблвыканкам, пра што паведаміла "Браслаўская праўда", зацвердзіў павышаныя (г. зн. больш высокія, чым даведзеныя ўжо прэзідэнтам) паказчыкі. Прыкладам, аб’ём прамысловай вытворчасці трэба было за год павялічыць на 20% у фізічным вымярэнні і на 25% — у супастаўных цэнах.

Як гэта? Калі сыходзіць з таго, што супастаўныя цэны — гэта цэны сёлетняга года, пералічаныя з улікам інфляцыі і таму роўныя цэнам мінулага года, то фізічны аб’ём па тэмпах росту павінен супадаць з вартасным. Таму адно з двух: ці ў чыноўнікі пераблыталі супастаўныя цэны з бягучымі, ці яны ўвогуле не бачаць ніякай розніцы паміж імі. Але ў апошняе цяжка паверыць, бо гэту розніцу кожны з нас ведае з уласнага досведу. Як кажуць, учора былі па пяць рублёў, але вялікія, а сёння па тры, але дробныя.

Магчыма, для віцебскага чыноўніцтва існуе і нейкі іншы варыянт, думка пра які ўзнікае пры знаёмстве з іншымі вельмі падвышанымі абавязацельствамі. Прыкладам, за бягучы год рознічны таваразварот павінен падвысіцца на 30%, аб’ём платных паслуг насельніцтву — на 80%, у тым ліку бытавыя паслугі — на 100%, транспартныя — на 50%, турыстычныя і культурныя — на 100%. Цікава, у якіх цэнах — супастаўных або бягучых? Калі ў бягучых, то гэта цалкам магчыма, што не аднойчы было даказана ўрадам.

Але ж "на бягучы момант", як казаў хуліган Федзя студэнту Шурыку, гіперінфляцыйны рост аб’ёмаў — гэта не наш метад.

Віцебская вобласць дзесяцігоддзямі займае лідуючае, калі можна так у дадзеным выпадку сказаць, становішча па тэмпах скарачэння колькасці сельскага насельніцтва. І ў мінулым годзе паказчык натуральных страт насельніцтва, разлічаны для ўсёй вобласці (на вёсцы ён, зразумела, вышэйшы), склаў 6 памерлых на 1000 насельніцтва. На другім месцы са значным адставаннем — сталічная вобласць (4,5), на апошнім — Брэсцкая (1,7 памерлых на 1000).

Па прычыне банальнага вымірання вяскоўцаў памер сельскагаспадарчай вытворчасці ў прыватным сектары пастаянна скарачаецца. У віцебскай вобласці ён, калі ўлічыць гэту сумную статыстыку, скарачаецца хутчэй, чым "у цэлым па рэспубліцы". Але ў аблвыканкаме не паскупіліся з паказчыкамі і абавязалі сельгасарганізацыі павялічыць памер вытворчасці на 30%, а прыватныя гаспадаркі вяскоўцаў — да 10%.

Ёсць такая ілюстрацыя для блізнярскіх сітуацый: з’есці ён з’есць, але ж хто яму дасць?!

Але паверым у немагчымае, павышаныя абавязацельствы выкананы. Тады, каб спажыць вырабленае, насельнікам спатрэбіцца больш грошай, чым яны сёння зарабляюць. У мінулым годзе сярэдні заробак у вобласці склаў 889 тысяч рублёў (каля 300 долараў ЗША), або 86,2% ад сярэдняга па краіне ўзроўню. Да канца года ён павінен павялічыцца да 500 долараў, або ў 1,6 разы. Незразумела, коштам чаго, калі нават падвышаныя паказчыкі росту складаюць "усяго" 20–30%. Двукоссе ў дадзеным выпадку тлумачыцца тым, што найбольшы паказчык падвышэння ВУП у гісторыі суверэннай Беларусі быў дасягнуты ў далёкім ужо 1997 годзе і склаў "усяго" 11,7%. Магчыма, віцебскія таварышы разлічвалі павялічыць памер экспарту ў 1,6 разы і ўсю валютную выручку хуценька размеркаваць паміж працоўнымі калектывамі. Але тое сумнеўна, паколькі гэтыя "працоўныя калектывы" звыш усялякіх "паняццяў" закрэдытаваны і крэдыторы чакаюць — не дачакаюцца, калі на іх рахунках з’явяцца грошы, каб спагнаць сваё. Хоць у бягучых цэнах, хоць і без належных працэнтаў.

Як любіць казаць Лукашэнка на сваіх прэс-канферэнцыях, звяртаючыся да якога-небудзь журналіста, гэта правільнае пытанне, дзякуй, што вы яго задалі! Пытанне пра вяртанне запазычанасці па старых крэдытах, па атрыманні новых, гэта на сёння асноўнае для беларускай эканомікі пытанне, і пазітыўнае вырашэнне яго ад уладаў не залежыць.

Усё залежыць ад вытворчасці, а яе вынікі — ад рэалізацыі, а вынікі рэалізацыі — ад выручкі, якая павінна быць большай (з улікам пастаўленых задач — нашмат большай за выдаткі вытворчасці і рэалізацыі). Што тычыцца знешняга гандлю, то пра яго рэальны стан яскрава сведчыць сальда.

Пачнём з вытворчасці. Віцяблянам не спатрэбіцца больш высокая, чым у мінулым годзе заработная плата для спажывання прамысловай прадукцыі ў павышаных памерах. Бо прамысловая вытворчасць у вобласці замест таго, каб неверагодна падвысіцца, скарацілася і склала за дзесяць месяцаў бягучага года толькі 92,3% ад аб’ёму дзесяці месяцаў мінулага года. Сельская гаспадарка таксама не скокнула ўгару — 99,7%, у тым ліку ў сельгасарганізацыях — 101,3%, у прыватнікаў — 95%.

На гэтым фоне вельмі смешнымі выглядаюць разважанні пра навуковы характар сацыльна-эканамічнага прагназавання ў Беларусі.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што сярэдні заробак у вобласці склаў 1001,6 тысячы рублёў, або каля 330 долараў ЗША. Ёсць куды развівацца — да "магічнай" лічбы "500" застаецца яшчэ 170 у. а. Але да выбараў, зразумела, ніхто іх ужо не дасць.

Затое пасля, верагодна, коштам падвышэння бягучых цэн, адбяруць і тое, што ёсць. Бо замест таго, каб нешта зарабіць ад падвышэння памераў знешняга гандлю, вобласць за 10 месяцаў атрымала адмоўнае сальда ў памеры 905,4 мільёна долараў. Амаль мільярд не заробленых грошай, які да канца года павялічыцца яшчэ на некія там 200 мільёнаў у. а.

Добра, што чалавеку не дадзена быць Богам (жыццё ў раі было б нудным), але ён можа ўявіць сябе роўным Богу. Тады жыццё становіцца тлумным, зменлівым, падманным, як у нас зараз.

Цешыць толькі тое, што яно не можа заставацца такім вечна.
 

Каментаваць