Украіна не будзе абмяжоўваць імпарт з Беларусі

Украіна вырашыла адкласці да 15 верасня ўвядзенне спецыяльный пошліны ў памеры 39,2% на імпарт шэрагу тавараў з Беларусі. Папярэдне планавалася, што гэтая пошліна пачне дзейнічаць з 1 траўня.


Такое рашэнне Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі прыняла пасля разгляду прадстаўленых Міністэрствам эканамічнага развіцця і гандлю Украіны інфармацыйных матэрыялаў адносна доступу ўкраінскіх тавараў на рынак Рэспублікі Беларусь, гаворыцца ў паведамленні камісіі, апублікаваным у газеце «Урядовый курьер» 23 красавіка 2016 года.

Украінскі рэсурс technosotnya.com нагадвае, што 13 лістапада 2015 года МКМГ вырашыла ўвесці спецпошліну на малако і малочныя прадукты, сыры ўсіх відаў, цукраўтрымліваючыя кандытарскія і хлебабулачныя вырабы, соладавае піва, гарэлку, мыйныя сродкі, кухонную мэблю, шыны і пакрышкі, камбінаваныя халадзільнікі-маразільнікі ёмістасцю да 340 л і маразільныя шафы ёмістасцю да 250 л, розныя віды трактароў для сельгасработ паходжаннем з Рэспублікі Беларусь.

Абмежаванні планавалася ўвесці з 20 студзеня (потым было прыпынена да 1 мая) у якасці кроку ў адказ на недобразычлівыя дзеянні з боку Беларусі ў адносінах да ўкраінскіх прадпрыемстваў кандытарскай і піваварнай галін.

28 снежня ў Мінску адбылося другое пасяджэнне беларуска-ўкраінскай рабочай групы па пытаннях ўзаемнага гандлю, падчас якога ўдзельнікі выказалі жаданне зняць абмежавальныя меры ў гандлі з абодвух бакоў.

Каментаваць