Улады Бранску забаранілі традыцыйны беларускі кірмаш

Яшчэ напярэдадні на адной з галоўных плошчаў расейскага Бранску — Плошчы Партызанаў — віравала жыццё, сёння ж там адно рэдкія мінакі.
Улады гораду адмянілі сваю ранейшую згоду і забаранілі ладзіць на плошчы кірмаш. Нават брэнд якасці беларускіх тавараў, пад якім і гандлявалі яшчэ ўчора ў цэнтры Бранску, не дапамог прадаўцам і іх шматлікім пакупнікам: скаргі мясцовых жыхароў на антысанітарыю і ператварэнне памятнага месца ў рынак аказаліся мацнейшыя.

У расійска-беларускіх гандлёвых войнах, якія рэгулярна спраўджваюць на трываласць інтэграцыйны хаўрус, чарговая перамога – за нашым усходнім суседам. Улады памежнага Бранску забаранілі традыцыйны беларускі кірмаш, які раней ладзіўся на набярэжнай, а пасля яе закрыцця на рамонт – на цэнтральнай Плошчы Партызанаў. Пры гэтым перамагалі гандляроў класічна: зрабілі сюжэт на дзяржаўным тэлеканале, запісалі ветэрана.

«Катэгарычна супраць! Месцаў хапае, хай шукаюць і гандлююць. У нас дастаткова крамаў, якія нас забяспечваюць. Людзі бачаць, што ўсё пастаўленае толькі на гандаль. Таму гэта і дрэнна, бо няма аніякага патрыятычнага выхавання маладога пакалення», – кажа інвалід вайны Канстанцін Мярэжка.
Незадаволеныя кірмашом знайшліся і сёння – ужо на пустой плошчы.

«Жахліва! Гэта ўсё агідна папросту! Ці ж у сакральным месцы можна ладзіць гэткія мерапрыемствы? Па-першае, застаецца бруд, смецце. Беларускага тут практычна няма: адзі-два шапікі, усё астатняе – нашае рыззё!», – сказала жыхарка Бранску Наталля Васільева.

Зрэшты, пераважная большасць мясцовых гандляроў на, здавалася б, беларускім кірмашы – не адзіная нестыкоўка ў гісторыі перамогі сакральнасці над каўбасамі і ніжняй бялізнай. Гандлёвыя намёты, паказаныя ў сюжэце каналу «Россия 1» літаральна каля Вечнага Агню, насамрэч знаходзіліся далёка ад мемарыялу.

«Тыдзень яна тут была і нічога не парушала. Куды больш парушае моладзь, якая сядае на гэтыя тумбы, але ж на гэта ніхто не звяртае ўвагі. Вось мы спрабуем разганяць… Кірмаш пабыў і знік. Маё меркаванне наступнае: гэта папросту прошукі канкурэнтных гандлёвых фірмаў!», – сказаў намеснік дырэктара краязнаўчага музею Уладзімір Аляксееў.

І пагатоў, сведчыць кіраўніцтва мясцовага краязнаўчага музею, на тэрыторыі якога паводле ўзгодненасці з гарадскімі ўладамі і працаваў кірмаш, гандляры істотна дапамагалі ўстанове ў дробным рамонце, набывалі мэблю, скуплялі квіткі.

«Калі браць маральны аспект, то можа быць нам гэта і не вельмі падабаецца Чыста маральны аспект, і ён мае права быць. Калі б браць жыццёвы аспект, калі нам усім трэба жыць і выжываць, то тады ўжо тут мы і не пагарджаем іх дабрачыннасцю», – дырэктар краязнаўчага музею Ірына Куляшова.

І, бадай, галоўная нестыкоўка – вялізныя чэргі на кірмашы, супраць якога нібыта як адзін паўсталі бранцы.

«Мне, у прынцыпе, нават зручна, таму што з дзіцём можна прысціі нешта тут набыць, далёка не хадзіць. Бруду ад іх тут аніякага не было: яны ўсе з’ехалі – усё чыста, акуратна», – жыхарка Бранску Марына Дзягілева.

Чаго не скажаш пра астатнюю тэрыторыю – уласна святое і сакральнае месца воінскай славы.

«Страшна гуляць з дзіцём тут. Таму што баішся, што там праваліцца зямля. Плітка вунь там правальваецца. Усё вельмі брудна, асабліва тут. З таго боку наагул грамадскую прыбіральню зрабілі!», – кажа Яўгенія Малікава.

Ці ачысціцца Плошча Партызанаў не толькі ад гандляроў, але і ад бруду ўдзячных нашчадкаў – гэта, канешне ж, пытанне. А вось музей, пабудаваны ўласна для ўшанавання памяці загінулых, дык дакладна застаўся без хоць нейкай дапамогі.

Паводле belsat.eu

Каментаваць