Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Уладзімір Кавалкін: Беларусь — сярод найбольш карумпаваных краін

Наша краіна можа падзяліцца «досведам» стварэння адміністратыўных бар’ераў і закрытай ды непразрыстай сістэмы дзяржзакупак.

Беларусь удзельнічае ў 7-й сесіі Канферэнцыі дзяржаў — удзельніц Канвенцыі ААН супраць карупцыі, якая 6 лістапада пачалася ў аддзяленні Арганізацыі ў Вене. Паведамляецца, што ў планах беларускай дэлегацыі — падзяліцца “досведам і лепшымі практыкамі зніжэння адміністрацыйных бар'ераў, упарадкавання адміністрацыйных працэдур, павышэння празрыстасці дзяржаўных закупак, а таксама антыкарупцыйнай экспертызы законаў як інструментаў эфектыўнага процідзеяння карупцыйным праявам”.

Але ці насамрэч Беларусі ёсць чаму павучыць міжнародную супольнасць у галіне барацьбы з карупцыяй? І якія пазіцыі ў карупцыйных рэйтынгах стабільна займае наша дзяржава? Пра гэта Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” распавёў эксперт па пытаннях рэформы дзяржаўнай службы і кіраўнік праекта “Кошт урада” ў рамках даследчага цэнтру BIPART Уладзімір Кавалкін.

Па яго словах, планы беларускай дэлегацыі “гучаць, як анекдот”.

— Беларусь стабільна знаходзіцца ў апошняй палове найбольш карумпаваных краін свету па рэйтынгах успрымання карупцыі Transparency International. Таму, калі ўжо чым і дзяліцца, — дык гэта, хутчэй, досведам стварэння тых самых адміністратыўных бар’ераў, а таксама досыць закрытай і непразрыстай сістэмы дзяржзакупак. Гэта паказваюць абсалютна ўсе рэйтынгі. На сайце таго ж Мінгандлю ёсць інфармацыя пра колькасць рознага кшталту працэдур закупак, якія праводзяцца ў Беларусі, праўда, яна ўжо даўно не абнаўляецца — апошнія дадзеныя датуюцца 2014 годам (што, дарэчы, таксама сведчыць аб іх “празрыстасці” і “адкрытасці”).

Паводле дадзеных Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у 2014 годзе больш за 90% дзяржзакупак у Беларусі адбыліся па працэдуры закупкі з адной крыніцы, і згодна заканадаўства інфармацыя аб гэтых закупках нідзе не публікуецца.

Што да адміністратыўных перашкод, Мінэканомікі апошнім часам спрабуе ад іх пазбаўляцца, прызнае Уладзімір Кавалкін. Напрыклад, стала прасцей адкрыць бізнес.

— Але што датычыцца іншых адміністратыўных працэдур — вядзенне бізнесу, выплата падаткаў, і тым больш закрыццё бізнесу — гэта вельмі складана і звязана з вялікай колькасцю неадэкватных праверак рознага кшталту.

Уладзімір Кавалкін мяркуе, што адзінае, у чым беларуская дэлегацыя магла б падзяліцца досведам з замежнымі калегамі, — гэта барацьба з дробнай карупцыяй (хабар выкладчыкам, урачам і г.д.), на постсавецкай прасторы тут мы сапраўды апярэджваем усіх. Але што датычыцца буйной сістэмнай карупцыі — гэта проста смешна, лічыць эксперт.

 eurobelarus.info


Каментаваць