Усё будзе па-кітайску

Як паведамляюць з розных крыніц, быццам бы Міністэрства абароны Беларусі выказала зацікаўленасць у набыцці тэхнікі ў КНР. Пра гэта раней звычайна проста разважалі, але зараз чуткі падаюцца за праўду.



Ветэраны ўспамінаюць і абураюцца, што старая савецкая тэхніка нашмат лепшая за кітайскую. Нагадваюць пра выспу Даманскі, дзе кітайскія агрэсары атрымалі дастойны адпор. Маўляў, шмат што змянілася ў Паднябеснай, а кітайскія «калашы» застаюцца зброяй для «разавага выкарыстання». Зброя для начных вартаўнікоў, а не для салдатаў.

Урэшце, не ў тым справа. Беларускаму салдаціку якую зброю не даручы, на ўсякі выпадак трэба маліцца, каб вайны не было. Але купляць кітайскія аўтобусы замест беларускіх, як плануе Міністэрства абароны, — гэта ўжо за рамкамі ўяўлення пра здаровы сэнс і нацыянальную бяспеку. Зараз, калі прамысловасць затаварылася, калі запас гатовай прадукцыі машынабудавання дасягнуў двух сярэднемесячных аб’ёмаў вытворчасці, купляць кітайскія аўтобусы — гэта здрада. Хоць і не вайна, але вельмі падобна на тое, як не аднойчы адбывалася ў гісторыі. Калі краіна ваюе, а нейкія інтэнданты робяць свой брудны бізнэс.

Як кажуць французы, на вайне як на вайне. Калі ўжо пачалося, давядзецца прайсці свой шлях да канца. Што б ні казалі зампаліты, да чаго б ні змушалі айцоў-камандзіраў. Прайсці да канца шляхам дружбы з кітайцамі. Нават задумацца пра стратэгічнае супрацоўніцтва.

На гэты конт ёсць вельмі цікавыя лічбы. Прыкладам, галоўным знешнегандлёвым партнёрам Беларусі з’яўляецца Расія, з якой таваразварот складае 48,4%. Кітай з таваразваротам у 4,3% займае 5-е месца. Паміж Расіяй і Кітаем — Нідэрланды (8,6% таваразвароту), Украіна (7,5%), Нямеччына (6%), а шостую-сёмую пазіцыю пасля КНР маюць Польшча з Італіяй (2,6–2,5%).

Цікава выглядае і структура гандлю таварамі з гэтымі краінамі. Вядома, што ў Расіі Беларусь змушана купляць сыравіну для перапрацоўкі, а яе прадукцыю прадаваць ці нават амаль наўпрост перапрадаваць. Як гэта яшчэ ўчора было з растваральнікамі. Карацей, з Расіяй маем блізу 60% імпарту і 40% экспарту. Гатовыя прадаць ці не ўсё, але Масква купляе толькі тое, што ёй патрэбна. Да таго ж у Расіі зараз адбываецца прыстасаванне эканомікі да нормаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Расія яшчэ не цалкам інтэгравалася з Беларуссю, а ўжо непакоіцца пра лепшае месца ў новым глабальным эканамічным парадку.

Дзе, дарэчы, КНР даўно мае сваё пачэснае месца і адказныя функцыі. Зразумела, расійская прысутнасць у Беларусі больш шырокая і моцная, але гэта вызначаецца выключна рознымі нішамі, якія Расія і Кітай займаюць, розным геаграфічным становішчам, структурнай рознатыповасцю эканомік. Калі казаць пра Расію, то яна толькі два гады як увайшла ў дзясятку мацнейшых эканомік свету, а Кітай займае другое месца пасля ЗША і вызначаецца выключна моцнымі пазіцыямі ў экспарце.

З іншага боку, абмежаваныя эканамічныя магчымасці, але адметныя геапалітычныя пазіцыі, дазваляюць Беларусі заводзіць хаўрус нават з Пекінам. Бо з краінамі ЕС усё не проста, а вельмі проста. Прыкладам, з Нідэрландамі Беларусь мае 94,6% экспарту і толькі 5,4% імпарту. Такая структура вызначаецца выключнымі інтарэсамі транзітнага бізнэсу, транспарціроўкі нафтапрадуктаў праз порт Ратэрдама. Нідэрланды, як і большасць еўрапейскіх краін-партнёраў, амаль не маюць іншай зацікаўленасці ў беларускіх справах, акрамя транзіту.

У структуры знешнегандлёвага таваразвароту з Беларуссю КНР мае 28% імпарту (менш за ўсіх галоўных знешніх партнёраў) і 72% экспарту ў Беларусь. За І квартал бягучага года экспарт у КНР склаў 238,4 мільёна долараў (у 2,75 разы болей), дзякуючы пераважна падвышэнню калійных угнаенняў, і 613,5 мільёна долараў (138,3% у параўнанні з І кварталам 2012 года) экспарту.

Наогул, кітайскі экспарт мае 50 000 найменняў. Нават паэтычны радок Мао Цзэдуна пра тое, каб квітнелі сто кветак, толькі збольшага адлюстроўвае рэальнае хараство. Не хапае фарбаў.

Калі казаць наўпрост, то беларуская прамысловасць, якая зараз мадэрнізуецца і лічыцца ўжо сучаснай, праз некалькі гадоў у той ці іншай форме атрымае сабе кітайскіх уласнікаў. Я не кажу, што будзе горай, але будзе не так, як зараз. Будзе па-кітайску.

Каментаваць