Увага на фізічных асобаў

Пераход шэрагу прадпрыемстваў на няпоўны працоўны дзень справакаваў рост незаконнага прадпрымальніцтва. Пра гэта заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка.

Нелегалы таксуюць і стрыгуць



Пераход шэрагу прадпрыемстваў на няпоўны працоўны дзень справакаваў рост незаконнага прадпрымальніцтва. Пра гэта заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка.

Нелегалы таксуюць і стрыгуць

За пяць месяцаў гэтага года было выяўлена 10,5 тысячы фізічных асоб, якія займаліся прадпрымальніцкай дзейнасцю без рэгістрацыі. Гэта ў тры разы больш у параўнанні з мінулым годам. Амаль палова выяўленых “нелегалаў — 42 працэнты — пасля папярэджанняў з боку падатковых органаў сталі на ўлік. За неаднаразовае парушэнне заканадаўства 2 019 грамадзян былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. З іх дзяржава атрымала ў казну ў выглядзе штрафаў 882 мільёна рублёў.

Намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі Васіль Каменка адзначыў, што пасля пераводу рабочых на шэрагу прадпрыемстваў на няпоўны працоўны дзень у іх з’явіўся вольны час, у які людзі імкнуцца падзарабіць. “Многія займаюцца падсобнай гаспадаркай і атрымліваюць дадатковы прыбытак са сваіх участкаў. І гэта добра, — лічыць чыноўнік. — Але многія выконваюць працу, звязаную з аказаннем паслуг.

Найбольш нелегальных прадпрымальнікаў у сферы транспартных паслуг, асабліва ў сталіцы. На другім месцы — выкананне будаўнічых работ, за імі ідзе зборка і рамонт мэблі, рамонт аўтамабіляў, паслугі цырульнікаў і нянек. Выяўляць падобныя выпадкі даволі складана, бо людзі звычайна ці размяшчаюць аб’явы пра аказанне паслуг у газетах, ці знаходзяць кліентаў праз сваіх знаёмых. Да таго ж неабходна даказаць, што чалавек займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю сістэматычна. Парушальнікаў, якіх злавілі ў першы раз, — папярэджваюць, у наступны раз заводзіцца пратакол аб адміністрацыйным парушэнні, і справу ўжо разглядае суд.

Дарэчы, з гэтага года фізічныя асобы змогуць падаваць дэкларацыі ў электронным выглядзе. У перспектыве з развіццём электроннай базы плацельшчыкаў падатковыя органы плануюць увогуле перайсці да выплаты падаткаў без запаўнення дэкларацый.


Юрыдычных асоб падзеляць і падтрымаюць

Пільную ўвагу падатковых органаў да фізічных асоб намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі Васіль Каменка патлумачыў дзейнасцю ўказа прэзідэнта № 689, паводле якога ўведзены мараторый на правядзенне праверак на прадпрыемствах.

Акрамя таго падаткавікі засяродзіліся на выяўленні ценявых аперацый з грашовымі сродкамі і таварамі. Як паведаміў намеснік міністра, было заведзена чатыры крымінальныя справы за заніжэнне падаткаабкладаемага прыбытку. Найбольш штрафаў за парушэнне падатковага заканадаўства сплацілі будаўнічыя арганізацыі, лесаперапрацоўчыя і лесанарыхтоўчыя, прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу.

Разам з тым намеснік міністра заўважыў, што ўмовы для вядзення бізнесу ў дзяржаве не пагаршаюцца, а, паводле яго меркавання, наадварот, многае робіцца для спрашчэння працэдур рэгістрацыі, падаткаабкладання і рэгулявання прадпрымальніцтва. Напрыклад, дзяржаўную фінансавую падтрымку за кошт сродкаў праграм падтрымкі малога бізнесу могуць атрымаць індывідуальныя прадпрымальнікі, аб’ём выручкі якіх за мінулы год не перавысіў 500 мільёнаў рублёў. З першага ліпеня пачала дзейнічаць адпаведная пастанова Савета міністраў № 863.

Права на дзяржпадтрымку таксама маюць мікраарганізацыі і малыя арганізацыі, гадавы аб’ём выручкі якіх ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг без уліку падатку на дабаўленую вартасць не перавышае, адпаведна, 2 мільярдаў і 14 мільярдаў рублёў. Фінансавая падтрымка прадстаўляецца ў выглядзе выдзялення фінансавых сродкаў на зваротнай аснове, льготных крэдытаў, маёмасці на ўмовах лізінгу, кампенсавання часткі расходаў, звязаных з удзелам у выставачна-кірмашовых мерапрыемствах або з іх арганізацыяй, кампенсавання часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі. Абавязковай умовай для атрымання фінансавай падтрымкі на конкурснай аснове з’яўляецца стварэнне на прадпрыемстве новых працоўных месцаў.

Новаўвядзенні ў дачыненні да юрыдычных асобаў з’явяцца і ў галіне падаткаабкладання. Міністэрства па падатках і зборах падзеліць усіх юрыдычных плацельшчыкаў на групы рызыкі па нявыплаце падаткаў. Гэта прадугледжана праектам указа аб кантрольнай дзейнасці, які зараз распрацоўваецца. Усе суб’екты гаспадарання будуць падзеленыя на тры групы рызыкі. На прадпрыемствах, якія трапілі ў групу высокай рызыкі, падатковыя інспектары будуць заходзіць не часцей за адзін раз на год. Прадпрыемствы з другой групы і адпаведна з большым узроўнем даверу будуць правяраць не часцей за адзін раз на тры гады. Самыя надзейныя змогуць чакаць праверак не часцей за адзін раз на пяць гадоў ці ўвогуле кантрольныя органы правяраць іх не будуць.

Праектам указа таксама прадугледжваецца, што толькі зарэгістраваныя прадпрыемствы вызваляць ад усіх праверак на тры гады. Толькі выключныя выпадкі могуць стаць нагодай для пазапланавых праверак новаствораных прадпрыемстваў. Важна дадаць, што паводле новага ўказу нарматыў праверак будзе тычыцца не толькі падатковых, але і ўсіх кантралюючых органаў.


Мінус на плюс


Намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі Васіль Каменка паведаміў, што агулам падатковая нагрузка ў частцы плацяжоў, якія кантралююцца падатковымі органамі, у першым паўгоддзі склала 30,1 працэнта да валавога ўнутранага прадукту. Летась гэты паказчык быў на ўзроўні 36 працэнтаў.

Для далейшага паніжэння падатковай нагрузкі разглядаецца магчымасць адмены збору ў фонд падтрымкі сельскагаспадарчых вытворцаў у памеры аднаго працэнта, а таксама змяненне стаўкі падатку на прыбытак з 24 да 20 працэнтаў. Каб кампенсаваць паступленні грашовых сродкаў у бюджэт, прапануецца павялічыць стаўку падатку на дабаўленую вартасць з 18 да 20 або 22 працэнтаў.

Каментаваць