Уверх па лесвіцы, што вядзе ўніз

Нягледзячы на тое, што міністры не збіраюцца рабіцца дэпутатамі, яны паддаліся агульнаму ажыятажу і пачалі ці тое выдаваць перадвыбарчыя абяцанкі, ці тое заспакойваць насельніцтва і сваіх непасрэдных кіраўнікоў. Інакш нельга растлумачыць, чаму на нас абрынуўся вал аптымістычных прагнозаў.


Напрыклад, 23 жніўня па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Нацбанка і Саўміна кіраўнік Нацыянальнага банка Павел Калаур паведаміў, што стабільнасць на валютным рынку захаваецца да канца 2016 года. «Нягледзячы на тое, што мы сутыкнуліся ў гэтым годзе з новымі выклікамі — гэта зніжэнне экспарту ў коштавым выражэнні, у першую чаргу па такіх групах, як нафтапрадукты і калій, — урад і Нацбанк разам з банкаўскай сістэмай прынялі адпаведныя захады, якія дазволілі сітуацыю на валютным рынку істотным чынам стабілізаваць. Гэта стабільны стан прагназуецца і да канца года», — цытуе Калаура агенцтва БелТА.

Калаур таксама сказаў, што падчас сустрэчы Лукашэнка звярнуў увагу ўрада і Нацбанка, а таксама іншых банкаў на неабходнасць прыкласці адпаведныя намаганні для захавання належнай рэсурснай падтрымкі непасрэдна для крэдытавання рэальнага сектара эканомікі. «Давер да банкаў захоўваецца з боку партнёраў за межамі краіны. Банкі не зніжаюць, а павялічваюць рэсурсную базу за кошт сродкаў нерэзідэнтаў. Захоўваецца давер да банкаўскай сістэмы і ўнутры нашай краіны, што выяўляецца ў пэўнай дынаміцы ўкладаў насельніцтва», — заявіў Калаур.

З апошнім можна паспрачацца. Канешне, насельніцтва (не ад добрага жыцця, зразумела) панесла ў банкі свае валютныя «заначкі», каб захаваць прыстойны лад жыцця. Аднак даступная статыстыка сведчыць: за першыя пяць месяцаў года колькасць рублёвых укладаў паменшылася як у найбуйнейшых банках, так і ў сярэдніх і дробных: у найбуйнейшых — з 17,1% на 1 студзеня да 16,4% на 1 чэрвеня, у сярэдніх і дробных — з 9,4% да 9,1%.

Але ключавым выказваннем Лукашэнкі на гэтым зборы было ўсё ж захаванне «належнай рэсурснай падтрымкі непасрэдна для крэдытавання рэальнага сектара эканомікі». Што гэта значыць? Што банкі зноў абавяжуць крэдытаваць прадпрыемствы.

З гэтым у нас такі швах, што незалежныя аналітыкі сур’ёзна турбуюцца і за прадпрыемствы, і за банкі. У першым паўгоддзі 2016 года рэзка павялічылася сума пратэрмінаванай запазычанасці арганізацый па крэдытах і пазыках. Толькі ў Мінску гэтая лічба вырасла ў 1,6 разы. Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў у інтэрв’ю «Заўтра тваёй краіны» падлічыў, што эканоміка (чытай — прадпрыемствы) павінна банкам пяць месячных выручак.

«Ды яна ў жыцці гэта ніколі не аддасць», — лічыць Маргелаў. Адсюль узнікае крызіс неплацяжоў, які выкліча развал прадпрыемстваў, што набралі залішне шмат крэдытаў. А наступны этап — сур’ёзны крызіс банкаў.

І, як мы бачым, Лукашэнка патрабуе працягваць крэдытаванне «рэальнага сектара».

У гэтай сітуацыі і вожыку зразумела: трэба бегчы ў банкі і здымаць свае грошы, пакуль сістэма не лопнула. І ў далейшым захоўваць іх у слоіку. Што, як сведчыць прыведзеная вышэй статыстыка па банкаўскіх укладах, беларусы і робяць. Значыць, не дурнейшыя за вожыка.

На той жа сустрэчы наконт рэальнага сектару, які трэба крэдытаваць, выказаўся прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. Па яго словах, «у ліпені мы трошкі аселі (па ВУП), на 0,2%. Але гэта было ў канкрэтнай сітуацыі з канкрэтнымі абставінамі». Паводле слоў прэм’ера, беларускі бок спадзяецца, што «гэта часовая з’ява».

Кабякоў падкрэсліў, што па выніках першага паўгоддзя ВУП склаўся на ўзроўні 97,5% да аналагічнага перыяду мінулага года, па выніках студзеня гэты паказчык складаў 95,6%. «Гэта значыць, мы на 1,9 працэнтнага пункта за паўгоддзе палепшылі паказчык па ВУП», — дадаў ён.

Рост на 1,9% — гэта, канешне, крута. Асабліва калі ўзгадаць параўнальны 2015-ы, калі наш ВУП знізіўся на 3,6%. То бок на самай справе, гэта не рост, і нават не ўзнаўленне да мінулых паказчыкаў. Гэта ўсё яшчэ падзенне. Гледзячы з чым параўноўваць. Айчынныя чыноўнікі і прапагандысты ў гэтым даўно абазнаныя і параўноўваюць наш узровень жыцця з Кыргызстанам, а не з Польшчай ці Германіяй.

Што сапраўды з’яўляецца паказчыкам рэальнага стану эканомікі — гэта нашыя адносіны да беспрацоўных. Калісьці НЧ пісаў пра буйныя планы ўрада даць дадатковае страхаванне гэтай катэгорыі эканамічна актыўнага (падкрэслю гэта) насельніцтва і ствараць 50000 працоўных месцаў штогод. Дык вось, каб не было пытання, дзе гэтыя месцы і чаму беспрацоўе расце, статыстыку па беспрацоўі проста «замажуць».

З 23 кастрычніка ўдвая скарачаецца максімальны перыяд знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўнага — з 36 да 18 месяцаў. Таксама ўносяцца карэкціроўкі адносна таго, пры якіх абставінах адбываецца зняцце з уліку. Калі раней такая мера ўжывалася за няяўку ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне больш за 3 месяцы, то зараз гэты перыяд складае 2 месяцы. Выплата дапамогі па беспрацоўі будзе прыпыняцца ў тым выпадку, калі чалавек без паважнай прычыны не прыйшоў на перамовы з наймальнікам на працягу двух рабочых дзён.

Узмацняюцца ўмовы паўторнай рэгістрацыі. Тыя, каго здымуць з уліку, могуць зноў зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага… толькі праз год!

І яшчэ адзін «званочак» сапраўднага стану «сацыяльнай дзяржавы». З 1 кастрычніка ў Беларусі ўводзяцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі для частковай кампенсацыі платы за ЖКГ і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі, паведаміў журналістам той жа Кабякоў. Разлічваць на падтрымку змогуць сям’і, дзе аплата жыллёва-камунальных паслуг будзе перавышаць усталяваны працэнт ад сукупнага даходу. «Для гараджан гэта выдаткі больш за 20%, а для сельскай мясцовасці — 15%», — растлумачыў прэм’ер.

Паводле падлікаў ураду, гэтым скарыстаецца 10% сем’яў. То бок, кожная 10-я сям’я не ў стане самастойна заплаціць па жыроўках! Вось вам і «беларускі эканамічны цуд».

Каментаваць