Валюта і палітыка

З 1 чэрвеня краіна перайшла на новы прынцып валютнага курсаўтварэння, улады пагадзіліся прыватызаваць банкі. Як вынік гэтых крокаў — МВФ зноўку можа даць сінявокай "крэдыт на прэзідэнцкія выбары".



Раней усё было проста. Пакупнікі і прадаўцы валюты падавалі свае заяўкі на гандаль Беларускай валютна-фондавай біржы. У залежнасці ад попыту і прапановы валюты Нацбанк усталёўваў курс рубля да валютаў. Калі попыт на валюту перавышаў прапанову, то курс рос. Калі прапанова перавышала попыт, то курс зніжаўся. І па ўсталяваным Нацбанкам курсе праводзіліся ўсе здзелкі паміж прадаўцамі і пакупнікамі валюты.

Зараз схема стала больш рынкавай, але больш складанай. З 1 чэрвеня банкі падаюць на біржу заяўкі, у якіх паказваюць колькасць валюты і курс, па якім яны хочуць яе прадаць ці купіць. Гэтыя прапановы трапляюць у асобную катэгорыю, у якой ідзе параўнанне. Калі заяўкі пакупніка і прадаўца супадаюць, то адбываецца здзелка. Калі не, — зразумела, не адбываецца.

Такім чынам, купля-продаж валюты адбываецца па розных курсах у залежнасці ад магчымасцяў прадаўца і пакупніка. Гэтыя здзелкі ідуць, у асноўным, паміж банкамі. Прадпрыемствы на біржы з’яўляюцца толькі тады, калі ім трэба прадаць абавязковыя 30% валюты. Калі ж прадпрыемству патрэбна купіць валюту, ці продаж валюты не падпадае пад гэтыя 30%, то — калі ласка, усё па «дамаўляльнай» схеме.

То бок, першая прыступка курсаўтварэння — на біржы. Другая прыступка — гэта гандаль паміж банкамі і прадпрыемствамі, але адбываецца ён не на біржы, а ў пазабіржавых аперацыях.

Трэцяя прыступка: з гэтых дзвюх лічбаў — біржавой і «дамаўляльнай» — Нацбанк выводзіць сярэдні курс рубля да валюты. Зразумела, такі рэжым «двайнога аўкцыёна» дазваляе галоўнаму фінансаваму рэгулятару краіны вызначыцца з афіцыйным курсам недзе пасля абеду, каля 13 гадзінаў.

Што гэта значыць для насельніцтва? Для шараговага грамадзяніна гэта азначае, у нейкім сэнсе, «плаваючы» курс у абменніках. Бо менавіта ад курсу Нацбанка залежыць, па якім кошце банкі будуць прымаць ці здаваць валюту ў абменных пунктах. Зранку курс можа быць папярэдняга дня, а пасля абеду — іншы, крыху большы ці меншы.

Катастрофы для грамадзянаў у гэтым «двайным курсаўтварэнні» эксперты не прагназуюць. Канешне, у першыя дні гандлю валютай па новай схеме курс долара ў абменніках вырас: калі раней долар куплялі па 14.250, то далей ён скочыў да 14.800. Аднак гэта можна спісаць на няўпэўненасць банкаў у новых умовах працы. Першыя ж таргі на біржы і першы ж новы курс Нацбанка паказаў, што долар ад «панічнай» прапановы ў 14.868 рублёў знізіўся да 14.810 рублёў. «Сярэдні» курс Нацбанка вагаеца вакол лічбы 14.800 рублёў за долар: пазіцыі, якая вызначылася хіба не адразу пасля снежаньска-студзеньскай дэвальвацыі.

З новаўвядзення краіна атрымлівае даволі шмат. «Больш гнуткае курсаўтварэнне на рынкавых прынцыпах» было традыцыйнай прапановай Міжнароднага валютнага фонду для Беларусі. Апроч гэтага, улады пагадзіліся на прыватызацыю некаторых банкаў. Прынамсі, дасягнутая дамоўленасць пра прыватызацыю «Белінвестбанка» з удзелам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. І хоць гэтыя працэс расцягнуты па часе аж да 2020 года, першы намеснік старшыні Нацбанка Тарас Надольны ўжо выказаўся наконт таго, што пасля продажу «Белінвестбанка» могуць быць прыватызаваныя іншыя дзяржбанкі.

У выніку ўсіх гэтых крокаў той жа МВФ заявіў, што «палітычна» ён гатовы прадаставіць Беларусі новы крэдыт пад праграму рэформаў, дэталі якой трэба ўзгадніць бакам «у бліжэйшы час».

Як гаворыцца ў справаздачы МВФ, зробленай па выніках сакавіцкага візіту супрацоўнікаў фонду ў сінявокую, краіна «дамаглася значных вынікаў макраэканамічнай стабілізацыі, а праграма структурных рэформаў уключана ў праект стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016–2020 гады». «Улады пацвярджаюць прыхільнасць правядзенню пераўтварэнняў і выказваюць надзею на хуткі пачатак перамоваў з МВФ па новай праграме», — зазначаецца ў дакуменце.

Канешне, МВФ патрабуе не толькі курсаўтварэння і прыватызацыі банкаў. Фонд настойвае на спыненні ільготнага крэдытавання дзяржпраграмаў, прыватызацыі малых і сярэдніх прадпрыемстваў, спыненні кантролю над цэнамі на «сацыяльна значныя» тавары, і гэтак далей. Але выконваць гэтыя патрабаванні ўлады мусяць толькі пасля атрымання грошай.

А іх, нягледзячы на ўсе дамоўленасці, можна і не выканаць. У гэтым сэнсе паказальны крэдыт МВФ 2009 года. Напрыклад, па ўмовах таго крэдыту ўрад абавязваўся не праводзіць падвышэнне зарплаты ў дзяржсектары, скараціць кантроль над заробкамі і цэнамі, прыватызаваць банкі… Дарэчы, той жа «Белінвестбанк» павінен быў быць прыватызаваны яшчэ па ўмовах таго крэдыту, то бок шэсць год таму!

У выніку ўсё атрымалася «з дакладнасцю да наадварот». Істотнае падвышэнне заробкаў перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года прывяло нас да валютнага крызісу 2011-га, на які было спісана невыкананне ўмоваў МВФ.

Калі зараз МВФ нам зноў дасць «палітычны» крэдыт, сітуацыя можа паўтарыцца. Грошы пойдуць на прэзідэнцкую кампанію, Лукашэнка зноўку падзякуе МВФ за ягоную «элегантную перамогу», а план рэформаў так і застанецца не выкананы. Крок наперад у курсаўтварэнні можа стварыць умовы для двух крокаў назад у больш доўгатэрміновай перспектыве.

Каментаваць