Валютны шторм

Валютны рынак краіны ад пачатку года ліхаманіць — насельніцтва скупляе валюту ў абменніках, прадпрымальнікі чакаюць абвалу рубля і загадзя павялічваюць кошты на прадукцыю. Нацбанк у сваю чаргу спрабуе абмежаваць вымыванне золатавалютных рэзерваў, якія растаюць не горш за сакавіцкі снег.

Бясплатны крэдыт дзяржаве



Валютны рынак краіны ад пачатку года ліхаманіць — насельніцтва скупляе валюту ў абменніках, прадпрымальнікі чакаюць абвалу рубля і загадзя павялічваюць кошты на прадукцыю. Нацбанк у сваю чаргу спрабуе абмежаваць вымыванне золатавалютных рэзерваў, якія растаюць не горш за сакавіцкі снег.

Бясплатны крэдыт дзяржаве

За першыя два месяцы міжнародныя рэзервовыя актывы (золатавалютныя рэзервы) Беларусі, разлічаныя па стандартах Міжнароднага валютнага фонду, скараціліся амаль на мільярд долараў — цягам лютага на 319,4 млн. долараў ЗША (7,4 %), на 687,7 млн. долараў (на 13,7 %) за студзень. На 1 сакавіка золатавалютныя рэзервы склалі 4 млрд. 23,6 млн. долараў супраць 5 млрд. 30,7 млн. долараў на 1 студзеня. Такім чынам, за два месяцы бягучага года золатавалютныя рэзервы знізіліся на 20%.

Праўленне ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа» прыняло пастанову, паводле якой з 16 сакавіка тэрмін рэзервавання сродкаў у беларускіх рублях на пакупку замежнай валюты на біржавых таргах быў часова павялічаны да 30 каляндарных дзён. Мэтай гэтай пастановы была кансалідацыя асноўнага аб’ёму попыту і прапановы суб’ектаў гаспадарання на пазабіржавым валютным рынку. Такім чынам, па новых правілах кампанія павінна выдзеліць грошы ў рублях для набыцця валюты праз месяц на біржы. Атрымліваецца, што грошы кампаніі цягам месяца знаходзяцца ў абароце, але дзяржаўным — своеасаблівы крэдыт беларускай эканоміцы. Гарантый стабільнасці курса цягам месяца, зразумела, няма.

Праз тыдзень пасля з’яўлення гэтага «інавацыйнага» дакумента старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч паведаміў, што павелічэнне тэрмінаў рэзервавання сродкаў для набыцця валюты адмяняецца. То бок банкі змогуць задавальняць попыт насельніцтва за кошт уласных валютных сродкаў або купляць валюту для абменнікаў на біржы. У адпаведнасці з пастановай праўлення Нацбанка ад 22 сакавіка 2011 года №89, з 1 красавіка адмяняецца 30-дзённае рэзерваванне сродкаў у беларускіх рублях на куплю замежнай валюты на таргах ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа». З 1 красавіка рэзерваванне банкамі сродкаў на набыццё валюты будзе ажыццяўляцца ў ранейшым рэжыме — за адзін працоўны дзень да правядзення таргоў.

Салют шэрым схемам!

Яшчэ адзін дакумент, што быццам бы мусіў вырашаць усё тое ж праблемнае валютнае пытанне, — пастанова Саўміна і Нацбанка № 240/5 ад 25 лютага «Аб разліках па імпарце некаторых тавараў» — выклікаў хвалю абурэння ў прадстаўнікоў бізнэс-стурктур, а фірма Samsung увогуле заявіла, што спыняе пастаўку тавараў у Беларусь з-за немагчымасці працаваць у такіх умовах. Сэнс пастановы ў тым, што былі абмежаванні на набыццё замежнай валюты для пакупкі тавараў інвестыцыйнага кірунку — не больш за 50 тысяч еўра ў месяц з адным пастаўшчыком. Вядучыя беларускія бізнэс-асацыяцыі звярнуліся з адкрытым лістом на адрас прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і старшыні праўлення Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча. Бізнэсоўцы канстатуюць, што рэалізацыя на практыцы пастановы ўжо прывяла да стварэння «шэрага рынку», а таксама ажыятажнага попыту пры набыцці валюты насельніцтвам. Да ўсяго новаўвядзенне істотна пагоршыла інвестыцыйны клімат краіны. Прадстаўнікі дзелавых колаў звяртаюць увагу і на той факт, што пастанова № 240/5 была прынятая ў парушэнне пункта 09/04 Дырэктывы №4, якім рэгламентавана абмеркаванне найважнейшых дакументаў з удзелам бізнэс-супольнасці. Пастанова Саўміна і Нацбанку выйшла ў аўтаномным рэжыме.

Такім чынам, буйныя вытворцы пазбаўленыя магчымасці працаваць на нашым рынку. У прадстаўніцтве кампаніі Samsung у Беларусі паведамілі аб поўным спыненні паставак кандыцыянераў, маразільнікаў, тэлевізараў з убудаваным DVD, манітораў, праектараў, ноўтбукаў, прынтараў, камплектуючых і пыласосаў у Беларусь. «На сённяшні дзень тавару на аптовых складах і ў рознічных сетках засталося прыблізна на месяц. Пасля гэтага пачнецца рэзкі дэфіцыт названых прадуктаў», — падлічылі ў кампаніі Samsung. «Прыняцце згаданай пастановы азначае, што функцыянаванне створанай сеткі продажу становіцца немагчымым. Таксама становіцца немагчымым забяспечыць спажыўца сродкамі ІТ-тэхналогій, а арганізацыі — яшчэ і сродкамі камунікацый. Гэта азначае непазбежнае адраджэнне шэрага рынку, істотнае скарачэнне плацяжоў у бюджэт з боку кампаній ІТ-сектара і ўцечку валюты ў сумежныя дзяржавы як следства зрушэння попыту на рынкі Расіі, Літвы і Польшчы. Як больш доўгатэрміновыя наступствы — істотнае адставанне Беларусі ад працэсаў фарміравання інфармацыйнай прасторы, страты канкурэнтаздольнасці», — канстатуюць спецыялісты кампаніі Samsung.

«Працаваць з імпартам у нармальных аб’ёмах будзе немагчыма. Калі фірма застанецца на рынку, то яна будзе вымушаная стварыць некалькі клонаў, з’явяцца дадатковыя расходы, што будзе адбівацца на коштах тавараў для канчатковых спажыўцоў»,  — тлумачыць прадстаўнік адной з крамаў па продажу электроннай тэхнікі.

Гэты ж спецыяліст расказаў, што ва ўмовах валютнага дэфіцыту узрос попыт на паслугі ілжэпрадпрымальніцкіх структур, якія ўжо паднялі курс долара да 4000–4200 беларускіх рублёў. Фірмы, што займаюцца адмываннем грошай ці канвертацыяй валюты, працуюць на ценявым рынку. Яны «адбельваюць» тавар, нелегальна завезены з іншых краінаў (часцей за ўсё з Расіі) шляхам выпіскі фіктыўных прыходных накладных. Многія прадпрыемствы звязаныя з падобнымі фірмамі, і гэта, натуральна, адаб’ецца на коштах тавараў і паслуг. Некаторыя аптовыя фірмы некалькі дзён не працавалі ўвогуле, зрабілі пераацэнку тавараў і ўжо паступова пачалі закладаць валютныя рызыкі ў кошт прадукцыі.
 

Каментаваць