Вандроўнікі ў часе

Ці магчыма вандраваць у часе? Фізікі б’юцца над гэтай праблемай, якую ім паставілі фантасты. Але ў нашай краіне ўсё ўжо вырашана. Час можна сціснуць, а можна і расцягнуць. Памятаеце стары савецкі лозунг: «Пяцігодку — у чатыры гады!». Вось вам і сцісканне часу.

Днямі Аляксандр Лукашэнка вырашыў і праблему расцягнення часу. Ён падпісаў указ, згодна з якім Год малой радзімы, абвешчаны сёлета, працягнецца аж да 2020 года. Яшчэ ў красавіку, каментуючы Год малой радзімы, кіраўнік Беларусі казаў: «За год мы наўрад ці нешта там пабудуем, створым. Адразу людзей не павернеш. Яны спачатку павінны прывыкнуць, усвядоміць, намеціць сабе нейкія планы, а дзесьці камусьці трэба і грошы зарабіць, каб у сваю малую радзіму ўкласціся». Адпаведна, праблема расцягнення часу была ўсвядомлена яшчэ тады.

І вось — падаўжэнне аднаго года да трох. Зразумела, як афіцыйна паведамляецца, дакумент прыняты ў мэтах стымулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў.

Амаль адначасова беларускі лідар у чарговы раз заявіў, што не выключае продажу сельгаспрадпрыемстваў прыватнікам «на жалезных умовах»: «Я не прыхільнік, каб прыватызаваць калгасы і саўгасы. Але, думаю, на мяне сяляне не пакрыўдзяцца, калі я буду кропкава прымаць рашэнні пра прыватызацыю».

Ці трэба гэта разумець так, што тыя, хто «заробіць грошы, каб у малую радзіму ўкласціся», будзе мець магчымасць набыць стратны калгас ці саўгас і ператварыць яго ў квітнеючае прадпрыемства? Некаторыя каментатары нават пачалі казаць пра грунтоўны паварот у светаўспрыманні кіраўніка дзяржавы. Як жа — ён дазволіў прыватызацыю!

Насамрэч, нічога падобнага не адбываецца. Па-першае, Аляксандр Рыгоравіч пра прыватызацыю сельгаспрадпрыемстваў казаў неаднаразова. Была нават ідэя прадаваць стратныя калгасы за 1 рубель, прычым, недэнамінаваны. Але ніхто іх нават за такую суму не набываў. Бо набыццё такога «актыву» можа не ўзбагаціць, а прымусіць згалець: стратныя калгасы, як правіла, закрэдытаваныя. А набываць за рубель мільённыя крэдыты — каму трэба?

Па-другое, што атрымлівае пакупнік за свае грошы, апроч праблемаў? Ды ён не атрымлівае нічога. Таму што прыватнай уласнасці на зямлю ў Беларусі няма. Фактычна, той, хто разлічвае ўкласціся ў калгасы, набывае разваленыя будынкі, зламаную тэхніку, а асноўны сродак вытворчасці — зямля, — яму не належыць. І хто пойдзе на такія ўмовы?

Але галоўнае ў прамове кіраўніка дзяржавы — гэта слова «кропкава». Дзе Лукашэнка паставіць кропку — ніхто не ведае. А таму прадпрымальнікі і бізнесмены, якія, па ідэі, павінны ўкладацца ў малую радзіму ў межах трохгадовага года, з насцярогай ставяцца да ініцыятывы.

Бо, дапусцім, зробіш нешта для малой радзімы — пабудуеш дарогу, пракладзеш камунікацыі ці гандаль пачнеш развіваць, — а тут прыйдзе Аляксандр Рыгоравіч, паставіць кропку, і ўсе твае намаганні перададуць каму-небудзь іншаму. А бізнес так не рызыкуе.

Тым больш, што і без гэтага рызыкаў хапае. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы жыхароў Беларусі, паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта краіны, у студзені — красавіку 2018 года выраслі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 7,4%. У студзені — сакавіку рост складаў 7,7%.

Можна было б парадавацца за тое, што растуць у нас не толькі кошты на тавары і паслугі. Але, як заўсёды, ёсць некалькі «але». Найперш, гэта лічбы Белстату, да якіх мы небеспадстаўна ставімся даволі скептычна. Другі момант — рост даходаў чамусьці мала адбіваецца на самаадчуванні беларусаў. Ну і трэці — гэта тое, пра што неаднаразова казаў той жа Аляксандр Рыгоравіч. Рост даходаў насельніцтва магчымы толькі пры парытэтным (а тое і апераджальным) росце прадукцыйнасці працы.

Згодна з тымі ж афіцыйнымі дадзенымі, рост прадукцыйнасці працы ў 2017 годзе быў зафіксаваны на ўзроўні ўсяго 3,6%. Па выніках першых месяцаў 2018 года афіцыйна рост прадукцыйнасці працы склаў 5,9% адносна пачатку 2017 года. Такім чынам, апераджальнымі тэмпамі пакуль растуць даходы. А гэта ў выніку можа разагнаць інфляцыю.

Апроч таго, непакоіць сітуацыя ў нашага найбліжэйшага і найбуйнейшага гандлёва-эканамічнага партнёра — Расіі. Галоўная навіна апошніх дзён з «усходняга фронту» — тое, што расійскі ўрад прыняў рашэнне пра завяршэнне так званага «падатковага манеўру» цягам бліжэйшых гадоў. Сутнасць «манеўру» ў тым, што Расія ўвядзе асобны падатак на здабычу карысных выкапняў і адмовіцца ад экспартнай пошліны на нафту. Згодна з пагадненнямі пра ЕАЭС і Мытны саюз, гэтая экспартная пошліна тых нафтапрадуктаў, што ідуць праз Беларусь, асядае ў беларускім жа бюджэце. Такім чынам, агульны аб’ём стратаў бюджэту Сінявокай можа перавысіць 2 мільярды долараў, што складае каля 20% даходаў рэспубліканскага бюджэту ва ўмовах 2018 года.

Прычым, гэта не толькі страта бюджэту — гэта страта валютных паступленняў у краіну. Страта валютных паступленняў у такім аб’ёме можа адбіцца на выплатах па знешніх пазыках, якія і так неймаверна высокія. А па-другое — прывядзе да дэфіцыту валюты ў краіне.

Што азначае дэфіцыт валюты, мы адчувалі на сабе і сваіх кішэнях не раз. Гэта азначае сур’ёзнае падзенне курсу беларускага рубля, то бок маштабную дэвальвацыю.

Цікава і тое, што дагэтуль Нацбанк і ўрад вытрывалі некалькі «штармоў» у сваёй зоне адказнасці. Прынамсі, падзенне расійскага рубля ў красавіку гэтага года да 64 рублёў за долар ніяк не адбілася на курсе рубля беларускага — хаця павінна было адбіцца: усё ж Расія застаецца асноўным экспарцёрам нашых тавараў. І мы вельмі адчувальныя да пературбацыяў у суседняй краіне. Якімі высілкамі была дасягнутая стабільнасць беларускіх грошай — нам не кажуць, але, верагодна, не малымі.

Самае займальнае ў тым, што рэалізацыя гэтага «алармісцкага сцэнару» прагназуецца на 2019–2020 гады. Прынамсі, у 2019 годзе будуць спыненыя пералічэння з расійскага бюджэту, якія ажыццяўляюцца ў рамках дамоўленасці РБ і РФ у нафтагазавай сферы, заключанай у 2017 годзе.

А гэта, між іншым, гады парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць