velcom набывае «Атлант Тэлекам»

Пэўны час ішла падрыхтоўка да інтэграцыі дзвюх буйных кампаній. Інфармацыя пра гэта паступала з розных крыніц. Аднак сам аператар сотавай сувязі velcom да сёняшняга ранка трымаў гэта за таямніцу.

Сто працэнтаў статутнага фонду кампаніі набывае холдынг Telekom Austria Group (TAG). Пасля заканчэння здзелкі velcom і «Атлант Тэлекам» будзе дзейнічаць, як адзіная кампанія. Здзелка будзе закрыта на працягу некалькіх бліжэйшых дзён, і тады ж velcom раскажа пра сумесную будучыню дзвух кампаній. Мы паспрабавалі разабрацца: у чым падаплёка падзеі і як яна можа змяніць сітуацыю на рынку.

Угода, якой не было

Крыніца НЧ у тэлекам-галіне Беларусі пацвердзіла: кампанія УП "Велком" рыхтуецца набыць ЗТАА "Альтэрнатыўная лічбавая сетка" (гандлёвая марка "Атлант Тэлекам"), якое пазіцыянуе сябе як найбуйнейшая прыватная тэлекамунікацыйная кампанія Беларусі. Па інфармацыі той жа крыніцы, у "Атлант Тэлекаме" праходзіў аўдыт, на падставе якога і павінна была сфарміравацца канчатковая сума ўгоды.

Між тым, сама па сабе гэтая падзея знакавая для беларускага рынка: найбуйнейшы мабільны аператар спрабуе стаць адначасова і аператарам фіксаванага інтэрнэт-доступу, а таксама абзавесціся ўласнымі каналамі дастаўкі кантэнту.

Упершыню інфармацыя пра тое, што "Атлант Тэлекам" выстаўлены на продаж, з'явілася яшчэ ў маі. Ужо тады крыніцы сцвярджалі, што магчымым пакупніком "Атлант Тэлекама" стане velcom. Але была і іншая інфармацыя: маўляў, перамовы з гэтым аператарам мелі месца, але ў выніку дамова не была дасягнута, і цяпер пытанне абмяркоўваецца з іншым гульцом на рынку.

У ролі гэтага гульца называўся, у прыватнасці, партал TUT.by. Але яго ўладальнік Юры Зісер у гутарцы з журналістам НЧ катэгарычна адпрэчыў свой намер набыць найбуйнейшага інтэрнэт-правайдара.

У сваю чаргу, прэс-служба velcom ніколі не пацвярджала факт магчымай дамовы, кажучы аб тым, што "velcom, як і іншыя гульцы ў сегменце тэлекама, разглядае розныя магчымасці для развіцця бізнэсу, у тым ліку кірункі фіксаванага інтэрнэту".

Аднак яшчэ 29 лістапада прадстаўнік аддзела ўнутраных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў сказаў НЧ даслоўна наступнае:

"Я пакуль не магу вам нічога афіцыйна сказаць. Але калі вы пачакаеце да заўтра або паслязаўтра, то вы атрымаеце афіцыйную інфармацыю".

Падобнымі абяцаннямі кампанія карміла журналістаў з лета. А прэс-служба "Атлант Тэлекама" наогул адмаўлялася даваць якія-небудзь каментары і на ўсе запыты адказвала стандартнай фразай: "Ніякіх дамоў не складзена, казаць няма пра што".

Тым не менш, крыніцы ўнутры "Атлант Тэлекама" пацвярджалі, што ў кампаніі ідзе татальны ператрус, шмат якім супрацоўнікам прыходзіцца пісаць справаздачы аб сваёй працы.

Агульная тэндэнцыя

"У прыватных правайдараў варыянтаў няма — іх або “Белтэлекам” з рынка выцісне, або яны далучацца да кагосьці мацнейшага. "Атлант Тэлекам" — самы буйны і цікавы гулец на гэтым рынку, у яго шмат абанентаў, і velcom цікава іх купіць у рамках канкурэнцыі за карыстальнікаў хатняга інтэрнэту з МТС. Па-мойму, тут усё зразумела", — сказаў у каментары НЧ эксперт па тэлекамунікацыях, галоўны рэдактар выдання "Кампутарныя Весткі" Вадзім Станкевіч.

Між тым, у мінулыя гады "Атлант Тэлекам" сам даволі актыўна скупляў канкурэнтаў. Так, у студзені 2012 году кампанія набыла аднаго з самых прыкметных беларускіх інтэрнэт-правайдараў — ЗАТ "Соло". Тады ж гендырэктар "Атлант Тэлекам" Ігар Сукач згадаў у адным са сваіх інтэрв'ю, што аператар і ў далейшым разглядае варыянты пашырэння ўласнага бізнэсу праз працэдуры зліцця і паглынання.

А яшчэ да гэтага, 20 кастрычніка 2011-га, "Альтэрнатыўная лічбавая сетка" выкупіла 100%-ю долю ў ТАА "Тэлесетка" — гомельскім правайдары інтэрнэт-паслугаў і кабельнага тэлебачання. Гэта пагадненне было праведзенае на сродкі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, які ў 2011 годзе праз кіруючую кампанію "Зубр Капітал" набыў 35% ЗТАА "Альтэрнатыўная лічбавая сетка".

На прэс-канферэнцыі пасля падзеі Ігар Сукач пахваліўся:

"Мы гатовыя разглядаць прапановы кабельных аператараў і іншых гульцоў на рынку, якія маюць уласную інфраструктуру. Пры гэтым нас цікавіць толькі фіксаваная сувязь, якая дазваляе нам рэалізаваць назапашаны досвед у галіне ўкаранення сэрвісаў і паслуг па перадачы дадзеных. … Мы цяпер вядзём перамовы па чатырох дамовах і чакаем, што па меншай меры адна з іх хуткім часам будзе завершаная".

Што ж датычыць сотавага аператара velcom, то ён хоць і застаецца найбуйнейшым у Беларусі, але ў апошні час, мяркуючы па ўсім, справы ў яго ідуць не самым лепшым чынам. УП "Велком" у гэтым годзе кардынальна абнавіла свае базавыя станцыі, ахапіўшы тэхналогіяй 3G 98% насельніцтва Беларусі. Але пры гэтым кампанія не можа запусціць тэхналогію 4G (LTE) — паколькі манаполія на LTE у Беларусі аддадзеная кантраляванаму дзяржавай інфраструктурнаму аператару beCloud.

Аператар МТС яшчэ год таму пагадзіўся карыстацца паслугамі beCloud — і атрымаў магчымасць даць сваім абанентам доступ да LTE. А вось velcom пачаў з нечым не пагаджацца — і ў выніку дагэтуль не можа запусціць уласную LTE-сетку, што ўжо прыкметна раздражняе яго абанентаў.

Як распавёў намеснік гендырэктара па маркетынгу, продажам і абаненцкаму абслугоўванню velcom Роберт Дашан, 2,5 тысячы базавых станцый кампаніі з тэхналагічнага пункта гледжання гатовыя да запуску высокахуткаснай мабільнай перадачы дадзеных. "Нам бы вельмі хацелася зрабіць гэта ўласнымі сіламі, — адзначыў топ-мэнэджар velcom. — Чаго ў кампаніі няма, дык гэта ліцэнзіі, дазволу на дадзеную дзейнасць. Сам па сабе запуск 4G ад velcom — гэта пытанне дзён".

Пры гэтым, не маючы магчымасці развіваць далей мабільную сетку, УП "Велком" робіць стаўку на іншыя тэлекамунікацыйныя тэхналогіі. Уласна, яшчэ ў 2015 году velcom распачаў маштабныя інвестыцыі ў развіццё тэлекамунікацыйнай сеткі, якая б забяспечвала падтрымку любых сучасных тэхналогій.

Хто выйграе?

Усе без выключэння крыніцы казалі аб тым, што перамовы паміж и УП "Велком" і ЗТАА «Альтэрнатыўная лічбавая сетка» ішлі на працягу ўсяго года — доўга і вельмі цяжка. Аднак сам факт таго, што падобнае паглынанне рыхтавалася, цешыць: гэта азначае, што нават ва ўмовах крызісу ў Беларусі ёсць цалкам жыццяздольныя сегменты прыватнага бізнесу.

Як гэтае аб’яднанне двух моцных аператараў сувязі паўплывае на спажыўцоў іх паслуг? Прычым як спажыўцоў інтэрнэт-доступу, так і мабільнай сувязі?

На думку ўдзельнікаў рынку, ніякага ўплыву на абанентаў мабільнай сувязі velcom гэта здзелка не акажа. А вось карыстальнікам інтэрнэту ад "Атлант Тэлекам", магчыма, стане лягчэй — тарыфы не будуць расці. Бо такая буйная кампанія, як УП "Велком", будзе зацікаўлена найперш не ў падвышэнні прыбытку ад існуючых абанентаў, а ў пашырэнні абаненцкай базы. Гэта пытанне канкурэнцыі з МТС, што ўжо даўно прасоўвае паслугу хатняга інтэрнет-доступу па тэхналогіі Ethernet.

Таксама цалкам верагодна, што, набыўшы "Атлант Тэлекам", velcom кінецца даганяць МТС, які не так даўно запусціў лінейку тарыфаў «Усё!», якія аб'ядналі чатыры паслугі «у адным флаконе»: тэлебачанне, мабільны і хатні інтэрнэт, а таксама антывірус для кампутара і смартфона.

Даведка

"Атлант Тэлекам" (ЗТАА "Альтэрнатыўная лічбавая сетка") — найбуйнейшая прыватная тэлекамунікацыйная кампанія Беларусі, заснаваная ў 2000 годзе. Агульная колькасць абанентаў інтэрнэт-аператара ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, па ягонай уласнай інфармацыі, на май 2016-га склала больш за 190 тысяч.

"Атлант Тэлекам" падае доступ да інтэрнэту на аснове тэхналогій Ethernet і ADSL, а таксама комплекс паслуг, у тым ліку кабельнае і лічбавае тэлебачанне (IPTV), хмарны відэаманіторынг, праектаванне, пабудову і абслугоўванне лакальных сетак, падаванне грамадскіх публічных сетак Wi-Fi, ліцэнзійную антывірусную абарону і іншае.

У склад заснавальнікаў "Атлант Тэлекам" уваходзіць фонд прамых інвестыцый SMH пад кіраваннем "Зубр Капітал" і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), які валодае 35% кампаніі. Топ-менеджмент кампаніі — гэта, пераважна, выхадцы з дзяржкампаніі "Белтэлекам".



Абмеркаванне:

  • папагена
  • 2016-12-01 17:51:39
"Мабільнай лічбавай сувязі" не існуе ўжо процьму год) УП "Вэлком"

Каментаваць