Віртуальнай краіне — віртуальныя грошы

Нешта з грашыма ў Беларусі не ладзіцца. Да таго, што часам ліхаманіць афіцыйны беларускі рубель, мы прызвычаіліся. Але і праект беларускай крыптавалюты — «талера» — усё ніяк не можа дайсці да ладу.

Сяргей Лаўрыненка 

Сяргей Лаўрыненка 

Суаўтар «талера» Сяргей Лаўрыненка не так даўно заявіў пра выхад з праекта. Па яго словах, «у карабля не можа быць двух капітанаў», і ён «не хоча браць на сябе адказнасць за словы, якія не казаў, за дзеянні, якіх не рабіў ці не перарываў, за вектар «унутранай» і «знешняй» палітыкі». Карацей, «талерам» Лаўрыненка больш не займаецца.

Другі аўтар «талера», Дзяніс Лаўнікевіч, сказаў dev.by, што ў супольнасці сапраўды было шмат спрэчак пра тое, як павінен развівацца праект, і яго ўдзельнікі моцна разышліся ў поглядах. «Але “талер” — групавы праект, таму я вырашыў: калі Сяргей сыходзіць, я таксама не хачу займацца ім адзін. Праект не завяршаецца, але пераходзіць пад заступніцтва “Вейшнорыі”, з якой мы даўно супрацоўнічаем. І Сяргей, і я перадаём сваю долю прэмайніга гэтаму праекту, і з гэтага часу я буду працягваць развіваць “талер” ад імя віртуальнай краіны «Вейшнорыя», — заявіў ён.

Крыпта ці валюта?

У прынцыпе, крыптавалюты ліхаманіць па ўсім свеце. І гэта не дзіўна, бо дагэтуль свет не разабраўся, што гэта такое і з чым яго ядуць.

З аднаго боку, усё зразумела. Крыптавалюта — гэта тэхналогія блокчэйн. Уявіце сабе лічбавую гісторыю хваробы: кожны запіс у ёй — асобны блок. У кожным блоку (запісе) ёсць пазнака: дата і час унясення зменаў. Прычым, забаронена змена запісаў «заднім лікам», таму што трэба, каб запісы аб дыягностыцы, лячэнні і гэтак далей не дапускалі розных тлумачэнняў і заставаліся ў зыходным выглядзе. Да запісаў могуць атрымаць доступ толькі лекар, у якога ёсць адзін закрыты ключ, і пацыент, у якога ёсць іншы.

Затым да гэтай інфармацыі атрымаюць доступ толькі тыя, каму адзін з гэтых карыстальнікаў прадставіць свой закрыты ключ (напрыклад, бальніца ў цэлым або асобны спецыяліст). Так можа выкарыстоўвацца тэхналогія блокчэйн у медыцынскай базе дадзеных.

Усе змены ў «медычнай картцы» фіксуюцца ў блоках. То бок, гэта прынцыпова не фальсіфікуемая і размеркаваная база дадзеных.

З крыптавалютай — тое ж самае. Толькі замест медычных запісаў — запісы пра транзакцыі і іншыя дзеянні з «валютай». Дадаванне новых блокаў у «гісторыю хваробы» — гэта і ёсць майнінг.

Адсюль вынікае — найбольш каштоўнае ў «крыптавалюце» — усё ж «крыпта», а не «валюта». Гэта сапраўды карысная тэхналогія. Але, як заўсёды, чалавецтва, якое спрашчае блокчэйн да крыптавалютаў, забівае цвікі мікраскопам.

Чаго яна вартая?

Звычайна валюта — гэта грошы, якія раней былі забяспечаныя каштоўнымі металамі, камянямі і тым, што мы называем золатавалютным запасам. Зараз — са сконам прывязкі грошай да залатога стандарту — лічыцца, што грошы краіны забяспечваюцца ВУП краіны.

Крыптавалюта ж не забяспечваецца нічым. Некаторыя яе аматары кажуць, што гэтыя «нібыта грошы» забяспечаны страчанай на яе здабычу электрычнасцю ці магутнасцямі працэсару. Але слаба ўяўляецца, каб валюта была забяспечаная не створанымі, а страчанымі рэсурсамі. Дэ-факта, крыптавалюта «забяспечаная» толькі істэрыкай, якая разгарнулася вакол яе ў СМІ. То бок, уся каштоўнасць крыптагрошай існуе ва ўяўленні людзей, якія гэтым уяўленнем надаюць ёй нейкую каштоўнасць.

Насамрэч крыптавалюта — гэта чыстая матэматыка. І скарыстоўваць яе ў якасці аплаты за паслугі і тавары можна толькі з тымі людзьмі, якія таксама падзяляюць уяўленні пра яе каштоўнасць. Як каштоўнасць блокчэйнавай гісторыі хваробы цікавая толькі дактарам і пацыенту, так і блокчэйнавая «валюта» мае вартасць толькі для тых, хто ў яе верыць і ёю карыстаецца.

Прадаўцы «крыпты» гэтага, дарэчы, і не хаваюць. «У чым крыніца фармавання кошту біткойна? Ён суб’ектыўны. Гэта грамадская думка. Калі казаць простымі словамі, чым больш людзей лічаць гэтую валюту жыццяздольнай і выгоднай, тым вышэй попыт на яе», — піша, напрыклад, сайт биткоин-клуб.рф.

Не дзіва, што першы рост курсу біткойна (увосень 2015 года гэтая крыптавалюта падаражэла на 97%, перавысіўшы 490 долараў) быў звязаны з фірмай MMM Global Republic Bitcoin сумнавядомага расійскага прадпрымальніка Сяргея Маўродзі. 12 красавіка 2016 года MMM Global спыніла выкарыстанне біткойнаў з-за немагчымасці выканаць па іх свае абавязальніцтвы — у духу класічнай фінансавай піраміды, чым яна, уласна, і была.

Талер

Навучаныя рознымі падобнымі схемамі, беларусы не вельмі давяраюць такім «валютам», таму асаблівага ажыятажу стварэнне «талера» не выклікала. А тут яшчэ арганізатарам беларускай «крыпты» падклалі свінню майнеры.

Тыя, хто лічаць «крыпту» валютай, як асноўную яе перавагу падаюць тое, што яна не рэгулюецца дзяржавай, і ўвогуле, не рэгулюецца нікім. «Ланцуг блокаў» — абмежаваны, а таму, маўляў, гэтыя «грошы» не павінны зазнаваць ані інфляцыі, ані дадатковай эмісіі. Бо няма Цэнтрабанку, які рэгулюе іх выпуск.

Як толькі пайшоў тэставы запуск «талера», яго заўважылі прафесійныя майнеры — і падключылі свае «майнінг-фермы» для здабычы беларускай «крыпты». «І ва ўсіх, у каго да гэтага ў тэставым рэжыме ішоў майнінг на звычайных кампутарах, ён, у выніку, устаў калом. У мяне, напрыклад, на хатніх кампутарах з 6 кастрычніка не намайнілася ніводнага талера. Проста таму, што хтосьці падключыў фермы лайткойна і перабіў майнінг усім», — жаліўся Дзяніс Лаўнікевіч.

Забраць ужо здабытыя «талеры» ў несумленных прафесійных майнераў немагчыма. Таму айцы-заснавальнікі талера змянілі алгарытм яго здабычы, каб перашкодзіць «фермам». То бок, дэ-факта яны выступілі ў ролі таго самага Цэнтрабанку, вырашаючы, каму здабываць талер, а каму — не, і «адрэгулявалі» выпуск талера.

Пасля такога наўрад ці хто паверыць у «немагчымасць эмісіі» крыптавалюты.

Вейшнорыя

Пакуль заснавальнікі «талера» разбіраліся са сваімі праблемамі, не меншыя праблемы разграбала віртуальная дзяржава Вейшнорыя. Створаная падчас вучэнняў «Захад–2017» інтэрнэт-краіна вырашала, куды ёй рухацца далей.

Першапачатковы ажыятаж вакол яе прайшоў. Спроба ператварыць яе ў бізнес-праект, прадаючы цішоткі з лагатыпам Вейшнорыі, вокладкі для пашпартоў, сувенірныя манеты-«талеры», асаблівага плёну не дала. Як і не далі вялікага плёну спробы стварыць з Вейшнорыі пэўную экспертную супольнасць па выпрацоўцы віртуальных законаў і падыходаў, якія можна было б ажыццявіць у рэальнай Беларусі са зменай улады. Большасць «грамадзян Вейшнорыі» (іх колькасць зараз складае каля 15 тысяч асобаў) прынялі ўдзел у «інфармацыйнай вайне супраць агрэсара», паўдзельнічалі ў вясёлых «выбарах у Сойм» — і на гэтым іх актыўнасць скончылася.

Зараз Вейшнорыя спрабуе ператварыцца ў пэўную інтэрнэт-супольнасць, дзеянні якой выліваліся б у канкрэтныя афлайнавыя грамадзянскія праекты. Перароблены сайт вейшнория.бел дазваляе грамадзянам віртуальнай краіны вольна стасавацца праз публічныя і асабістыя паведамленні (то бок, гэта своеасаблівы лакальны фэйсбук), знаходзіць каля сябе іншых грамадзян краіны, разам ствараць лакальныя арганізацыі і сумесна выконваць пастаўленыя мэты.

Просты прыклад: супраціў вырубцы зялёнай зоны. Праз сайт «грамадзянін Вейшнорыі» бачыць, што ў гэтым жа раёне жывуць яшчэ пяць такіх жа «вейшнорцаў». Ён звяртаецца да іх па дапамогу, і ў выніку ён ужо не адзін — створаная ініцыятыўная група.

На платформе віртуальнай краіны ёсць яшчэ шмат цікавых фішак. Напрыклад, у яе інтэграваны інтэрнэт-плэер для праслухоўвання радыё. Перамяшчаючы сваё месцазнаходжанне на мапе свету, можна слухаць каля 140 тысяч радыёстанцый. Падчас прэзентацыі сайту яго стваральнікі злавілі нават Novorossia Rock (дарэчы, неблагое радыё).

Вейшнорыя — талеру, талер — Вейшнорыі

З прыходам у Вейшнорыю крыптавалюты «талер» вырашаецца адразу некалькі задачаў. Па-першае, урэшце стала зразумела, навошта яе грамадзянам фізічная «карта вейшнорца». Распрацаваная як сувенір, яна мае ўнікальны QR-код. Зараз гэты код з’яўляецца доступам да віртуальнага гаманца «грамадзяніна Вейшнорыі». І, дзякуючы стваральнікам «талера», у гэтым гаманцы ў кожнага «вейшнорца» ляжыць 1 талер.

Праз «талер» можна забяспечыць фінансаванне лакальнай кампаніі. Напрыклад, актывістам супраціву вырубцы зялёнай зоны трэба надрукаваць улёткі для інфармавання пра праблему насельніцтва. Дзеля гэтага яны могуць скінуцца ўласнымі «талерамі», а могуць запусціць на сайце краўдфандынгавую кампанію. «Крыптаталеры» будуць пералічаныя на іх гаманец, а ўжо якая іх рэальная каштоўнасць — яны вызначаць самі (зразумела, як і ў любой краўдфандынгавай кампаніі за атрыманыя грошы давядзецца трымаць справаздачу).

Талер можа стаць сродкам разліку паміж «грамадзянамі Вейшнорыі». У час той жа прэзентацыі адзін «вейшнорац» праз мабільнік перакінуў свой талер другому «вейшнорцу», за што другі праставіў піва (падзея адбывалася ў бары «Валерыя»).

Такім чынам, «крыптаталер» можа ператварыцца ў сапраўдную валюту пэўнай супольнасці. А абменны курс «талера» на нармальныя грошы вызначаць самі сябры гэтай супольнасці.

Будучыня цмяная, але цікавая

Зразумела, адна Вейшнорыя не можа зрабіць «крыптаталер» сапраўднымі грашыма. Але, тым не менш, інтэграцыя талера ў Вейшнорыю дае пэўныя выгоды — хаця б павялічвае абарачальнасць гэтых «грошай». Што надае ім пэўную каштоўнасць у вачах пэўнай супольнасці.

Адначасова талер падмацоўвае саму ідэю Вейшнорыі, а ідэя ў віртуальнай дзяржаве — гэта галоўнае.

Прысутны на той жа прэзентацыі гісторык, намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў зазначыў, што сто гадоў таму ўмоўнай Вейшнорыяй была… Беларуская Народная Рэспубліка. У фізічным плане ўлада БНР не распаўсюджвалася ані на лапік той тэрыторыі, дзе яна была абвешчаная. Але зараз менавіта БНР, — то бок ідэя, агучаная яе стваральнікамі, — лічыцца адным з падмуркаў беларускай дзяржаўнасці.

Хто каго выратуе — «талер» Вейшнорыю ці Вейшнорыя «крыптаталер»? У любым выпадку, гэта будзе цікавая гісторыя.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць