Восеньскія фантазіі

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракопавіч заявіў, што краіне патрэбны “бум замежных інвестыцый. Амбітныя жаданні чыноўніка лёгка разбіваюцца аб беларускае заканадаўства, якое наўрад ці спрыяе прыцягненню ў краіну замежных інвестараў.



Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракопавіч заявіў, што краіне патрэбны “бум замежных інвестыцый. Амбітныя жаданні чыноўніка лёгка разбіваюцца аб беларускае заканадаўства, якое наўрад ці спрыяе прыцягненню ў краіну замежных інвестараў.

“Нам трэба адкрыць краіну для інвестыцый, замежных і ўнутраных, — цытуе БелТА Пятра Пракопавіча на семінары Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на тэму “Банкаўская сістэма Рэспублікі Беларусь. Стан, праблемы, перспектывы. “Нам як паветра патрэбныя вялізныя замежныя інвестыцыі, патрэбны бум замежных інвестыцый, — падкрэсліў чыноўнік. Для таго, каб Беларусь увайшла ў лік найбольш развітых краін, па словах Пракаповіча, неабходна павялічыць ВУП мінімум у тры разы. Замежныя інвестыцыі мусяць паскорыць гэты працэс.

Таксама кіраўнік Нацбанка лічыць, што ў краіне трэба стварыць новыя галіны, новыя кірункі ў эканоміцы, хуткімі тэмпамі правесці мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Новыя кірункі у эканоміцы неабходна стварыць на працягу бліжэйшых 3–4 гадоў. Яны не павінны патрабаваць значных матэрыяльных рэсурсаў, а ў асноўным грунтавацца на чалавечым капітале. Разам з тым Пётр Пракопавіч падкрэсліў, што краіна мусіць развіваць экспартны патэнцыял і ў тых галінах, дзе Беларусь мае ўласную сыравінную базу.

Паводле аптымістычнага прагнозу кіраўніка Нацбанка, у 2014 годзе магчыма максімальна выйсці на дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Нагадаю, што сёлета ў студзені-верасні ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года беларускі экспарт тавараў паменшыўся на 43,3 працэнта, а імпарт знізіўся на 34,8 працэнта. У выніку адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі склалася ў памеры 5021 мільён долараў ЗША, што на 776 мільёнаў больш, чым у студзені-верасні мінулага года. Гэту сітуацыю дзяржаўныя чыноўнікі тлумачаць неспрыяльнай кан’юнктурай на знешніх рынках.

Намесніца міністра эканомікі Беларусі Таццяна Старчанка супакойвае тым, што хранічны дэфіцыт гандлёвага балансу маюць падобныя з нашай краінай дзяржавы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. “Эканоміка краіны можа развівацца даволі працяглы час і пры наяўнасці адмоўнага сальда, — лічыць намесніца міністра. Аднак фінансава-эканамічны крызіс выявіў слабасць падобнага падыходу.

Сёлета Беларусь, каб хоць неяк стабілізаваць сітуацыю, была вымушаная нарасціць пазыковы партфель. На працягу 2009 года наша краіна брала пазыкі ад Міжнароднага валютнага фонду (на 1 кастрычніка 2009 года на суму 1466,8 мільёна долараў ЗША), урада Расійскай Федэрацыі (500 мільёнаў долараў ЗША), а таксама экспартныя крэдыты, у тым ліку пад гарантыю ўрада Рэспублікі Беларусь, ад банкаў Кітая, Германіі, Італіі на фінансаванне інвестыцыйных праектаў. Такім чынам, паводле афіцыйнай інфармацыі, па стане на 1 кастрычніка 2009 года знешняя дзяржаўная запазычанасць склала 6 191,2 мільёна долараў ЗША.

Каб выправіць сітуацыю з хранічным адмоўным гандлёвым балансам і, адпаведна, недахопам уласных фінансавых сродкаў, кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч прапануе “адкрыць краіну з пункта гледзішча заканадаўчай базы. “Да канца года мы павінны прыняць нарматыўныя акты, каб у 2010 годзе Беларусь змагла ўвайсці ў трыццатку краін з найбольш спрыяльным бізнес-кліматам, — заявіў кіраўнік Нацбанка. Цяпер у агульным рэйтынгу Міжнароднай фінансавай карпарацыі Беларусь знаходзіцца на 58-м месцы, а паводле такога індыкатара як “выплата падаткаў — на апошнім, 183-м месцы. Беларуская кампанія сярэдняга памеру павінна была праводзіць 107 падатковых выплат, затрачваючы на гэта ў год 900 гадзін (для аналізу браліся звесткі за справаздачны перыяд з чэрвеня 2008 года да чэрвеня 2009 года).

Нягледзячы на такія дадзеныя, Пракаповіч упэўнены, што “ёсць усе магчымасці, каб на працягу бліжэйшых дзесяці гадоў Беларусь выйшла на сярэднееўрапейскі ўзровень жыцця насельніцтва. Па заработнай плаце гэта — не меней 2 тысяч долараў у эквіваленце. Дасягнуць гэтага, на думку кіраўніка Нацбанка, магчыма за кошт штогадовага эканамічнага росту на 10–12 працэнтаў, павышэння эфектыўнасці працы, выхаду на дадатнае сальда знешняга гандлю. Найбольш пытанняў у цяперашніх умовах выклікаюць запланаваныя паказчыкі росту ВУП.

Краіна знаходзіцца ў рэцэсіі, і сёлета замест традыцыйных дзесяці працэнтаў Мінэканомікі плануе дацягнуць хаця б да паказчыка росту ў 0–2 працэнты. Хаця кіраўнік дзяржавы ў жніўні 2008 года зацвердзіў прагноз росту ВУП на ўзроўні 10–12 працэнтаў. Міжнародны валютны фонд больш цвяроза глядзіць на праблемы з разгрузкай беларускіх складоў і чакае сёлета паніжэння ВУП Беларусі на ўзроўні 1,2 працэнта і рост у 2010 годзе толькі на 1,8 працэнта.

Што тычыцца непасрэдна інвестыцыйнага клімату, які, уласна, і мусіць спрыяць таму “буму замежных інвестыцый, што мрояцца Пракаповічу, то з ім ёсць некаторыя праблемы. Мінэканомікі Беларусі паведаміла, што завяршыла працу над праектам дакумента, які вызначае парадак надавання статусу інвестыцыйнага агента. Асобныя пункты гэтага дакумента выклікаюць нямала пытанняў адносна таго, якімі інструментамі ўрад плануе заманьваць інвестараў.

Паводле праекта, статус інвестыцыйнага агента змогуць атрымаць асобы, якія валодаюць практычнымі навыкамі падрыхтоўкі інвестыцыйных праектаў да рэалізацыі, а таксама тыя, хто валодае асабістымі дзелавымі якасцямі, якія дазваляюць ім весці перамовы з высокім кіраўнічым складам буйных кампаній. Якім чынам будзе вызначацца ўзровень кампетэнцыі агента — не вядома. А пункт аб пацверджанні “наяўнасці практычнага досведу працы кандыдата ў агенты з інвестыцыйнымі праектамі закрые дарогу маладым бізнесоўцам, якія захацелі б ступіць на няпросты шлях супрацоўніцтва з Беларуссю.

Таксама ў дакуменце ёсць патрабаванні да інвестыцыйнага агента два разы на год падаваць у Мінэканомікі справаздачу аб зробленай працы, а таксама заключаць асобныя дамовы па кожнаму інвестыцыйнаму праекту, што, несумненна, будзе спрыяць бюракратызацыі працэсу. Да ўсяго Беларусь не плануе аплачваць паслугі інвестыцыйных агентаў, што прымусіць іх найперш працаваць на карысць інвестара, а не беларускай дзяржавы.

Каментаваць