Выбірай: цябе задушыць ці зарэзаць

Вядома, што батоны не растуць на дрэвах. Таксама, як і грошы. Праўда, у адных удаюцца добрыя батоны, а іншым пекарам было б за лепшае кінуць гэту справу, бо толькі муку пераводзяць.



Дрэнныя батоны, як і дрэнныя грошы, не маюць добрай спажывецкай вартасці. Прыкладам, долар ці фунт, ці еўра — таксама робяцца людзьмі, як і беларускія рублі. Але ж рублі гэтыя не прымаюцца як плацёжны сродак амаль нідзе ў свеце, акрамя роднай сінявокай. Ды і тое не кожную рэч, не кожную паслугу тут можна набыць за беларускія рублі. А за долары — можна ўсё. За долар, як калісьці адзін зазначыў, усё купляецца і ўсё прадаецца.

У тым ліку і ўлада, бо службовыя асобы, якія бяруць хабар, працуюць пераважна з валютамі. Але ж і звычайным людзям нельга абысціся без валюты. Хаця б на адпачынак калі за мяжу з’ездзіць ці на шопінг у Польшчу ці Літву.

Не абысціся без валюты і беларускай эканоміцы. Усе беларускія арганізацыі, хоць экспарцёры, хоць імпарцёры, хоць тыя, што працуюць на мясцовых матэрыялах (прыкладам, соляць айчынныя агуркі ў беларускі расоле), выкарыстоўваюць пакупныя энерганосьбіты.

Зразумела, харчавікі не бегаюць за валютай у абменнікі, яны разлічваюцца з бюджэтам рублямі, а іх канвертацыяй займаецца сам урад. Ураду таксама трэба валюта, бо ён грошы не зарабляе, а толькі выдаткоўвае. Напрыклад, штогод некалькі мільярдаў на датацыі сельскай гаспадарцы ў пераліку на беларускія рублі.

Не зарабляе ні рублёў, ні валюты і вярхоўны беларускі правіцель. А вось выдаткоўвае больш за ўсіх. З таго, што зарабляюць іншыя. І нават з таго, што яшчэ не зарабілі. Маем на ўвазе крэдыты, якія «здабываюцца» паўсюль, дзе іх яшчэ даюць. Зараз даў 2 мільярды Пуцін у абмен за подпіс Лукашэнкі на інтэграцыйным праекце.

Так і працуе ўся беларуская фінансавая сістэма — «з колаў»: пазыка за пазыкай у разлік за старыя даўгі.

Так і жывем — пад Богам, правіцелем і ў трывожным чаканні, што аднойчы гэтае хараство ляснецца. Рвануць цэны, знікнуць батоны.

Згодны, калі кажуць, што дэвальвацыі залежаць ад нас, ад людзей. Гэта ў экзістэнцыйным сэнсе. А канкрэтна яна мае вельмі ўскоснае дачыненне да фінансавай палітыкі разам з яе «архітэктарам». Менавіта ён запускае друкарскую машыну, і папяровых грошай становіцца шмат. Пры гэтым той, хто друкую грошы, мае час, каб паспець набіць свае кішэні і затанна затаварыцца патрэбнымі яму рэчамі. А вось чалавек звычайны — рабочы, служачы, прадпрымальнік — пакуль атрымае свой заробак, рублі ўжо ператворацца ў капейкі.

Гэтая пагроза становіцца рэальнасцю менавіта ў моманты, калі той, хто друкуе грошы ў краіне, пачынае разважаць пра ментальныя ўласцівасці сваіх падданых і асаблівасці прыроды беларускіх грошай.

Карацей, звыкла ўключае дэмагогію. Маўляў, калі вы не перастанеце «бегаць па абменніках», то ён гарантуе стабільнасць. Калі ж не, мы гэта не плануем, але па вашай просьбе зробім, дэвальвуем. На 10–20 працэнтаў, як яму, быццам бы, раяць нейкія спецыялісты. Так што выбірайце! Бо на самай справе, па яго словах, з пачатку года беларускія грошы ўжо «пахудзелі» на 7–8 працэнтаў, а пасля яшчэ на 5–7%. На яго глыбокую думку, людзі да гэтага прывыкаюць і не палохаюцца.

Як кажуць, выбар заўсёды ёсць. Тут прапануецца выбіраць — ці цябе ноччу прыдушаць падушкай, ці «хірургічным спосабам» ампутуюць галаву. Вынік, вядома, аднолькавы, але адчуванні, падаецца, розныя. І ў ахвяры, і ў ката. Пры гэтым кат ахвяру лічыць злачынцам. Тры гады таму такую «хірургічную аперацыю» правялі Лукашэнка з Пракаповічам.

А вінаватымі абвясцілі аўтамабілістаў, якія спяшаліся купіць аўто да аб’яўленага падвышэння мыты на іншамаркі. Бо Беларусь прыняла на сябе абавязкі абараняць расійскі аўтапрам ад замежнай канкурэнцыі на сваім уласным рынку.

Чакалася, што Масква дасць Лукашэнку грошы, каб кампенсаваў страты фінансавай сістэму. Але ці грошай не далі, ці не шмат далі, ці ў Мінску знайшлі для іх іншае прымяненне, невядома. У выніку, той, хто паспеў набыць таннае аўто, згубіў пасля дэвальвацыі 1/3 сваіх спажывецкіх даходаў, хто нічога не купіў, страціў амаль усё.

Калі не лічыць бальшавіцкія экспрапрыяцыі, гэта адабранне грошай у насельніцтва стала адным з буйнейшых у сучаснай гісторыі Беларусі. Відавочна, што працэс яшчэ не скончаны.

Каментаваць