Выканкамы застануцца буйнымі землеўласнікамі

Улады загадалі «ўдасканаліць» заканадаўства аб адабранні і выдзяленні зямельных участкаў, каб забяспечыць «належнае выкарыстанне зямлі». На практыцы гэта прывядзе да ўзмацнення пазіцый мясцовых выканкамаў, якія рэальна распараджаюцца зямлёй.

Зямлю зноў «упарадкуюць»

Паўнавартаснай прыватнай уласнасці на зямлю ў Беларусі няма — як няма, адпаведна, і рынка зямлі. Усё распараджэнне зямлёй засяроджана ў руках чыноўнікаў, у асноўным — мясцовай улады. Мала таго, што гэта само па сабе стварае глебу для карупцыі, дык яшчэ і робіць вельмі цяжкім самы розны бізнес: фермераў, будаўніча-дэвелаперскіх кампаній, інвестараў, якія жадалі б пабудаваць уласную вытворчасць, і гэтак далей.

Дый з прыватнымі ўладальнікамі зямельных участкаў рэгулярна ўзнікаюць праблемы — напрыклад, калі ў гарадах ліквідуецца прыватны сектар дзеля будаўніцтва шматкватэрных дамоў.

Апошнім часам «зямельныя» канфлікты ў трыкутніку «грамадзяне — бізнес — мясцовая ўлада» пачалі адбывацца часта, і кіраўніцтва краіны вырашыла ўмяшацца. Лукашэнка правёў адмысловую нараду па пытаннях заканадаўства аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў. Пачаў ён з таго, што канстатаваў: заканадаўства, якое рэгулюе зямельныя адносіны, прыспеў час змяняць. «Я не кажу, што немагчыма карэктаваць нейкія нормы заканадаўства: і дэкрэты, і ўказы прэзідэнта, і законы падлягаюць карэкціроўцы, паколькі жыццё ідзе, усё мяняецца, — сказаў Лукашэнка. — Перадача зямлі павінна прыносіць дзяржаве эканамічную выгаду. Пры гэтым трэба выключыць залішнія адміністрацыйныя бар’еры і празмерную бюракратыю».


Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час зямельныя пытанні строга кантраляваліся на вышэйшым узроўні, але потым кіраўнікам абласцей была дадзеная магчымасць прымаць рашэнні на месцах, перадаючы землі інвестарам. Аднак гэта сябе не апраўдала: заканадаўства выконвалася неналежна, інвестары былі незадаволеныя, а землі рабіліся занядбанымі. «Таму я быў змушаны адмовіцца ад практыкі прадастаўлення зямельных участкаў губернатарамі і вярнуць гэта права прэзідэнту», — адзначыў Лукашэнка.

Пасля гэткай «прэлюдыі» гаворка пайшла па сутнасці. Старшыня Дзяржкаммаёмасці Андрэй Гаеў распавёў пра праект указу, які, не змяняючы канцэптуальна існуючыя падыходы да адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, спросціць гэтыя працэдуры, прадугледзіць механізмы абароны правоў землекарыстальнікаў і ўзмоцніць адказнасць за прынятыя рашэнні. У адказ Лукашэнка нагадаў, што добра было б яшчэ «рацыяналізаваць» парадак працы з пустуючымі і занядбанымі хатамі, а таксама распрацаваць парадак адабрання зямельных участкаў з недабудаванымі аб’ектамі. І наогул, глыбей прапрацоўваць пытанні — для чаго перадаецца зямельны ўчастак, якія аб’екты на ім будуць будавацца.

«Ці спросціць новы ўказ працэдуры прадастаўлення зямельных участкаў і змены іх мэтавага прызначэння? Ці не створаць прапанаваныя карэкціроўкі шчыліны для махінацый з зямлёй? Улічваючы звароты грамадзян, звязаныя з адабраннем зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб, хачу даведацца, наколькі гэтыя захады паслужаць вырашэнню сітуацый, што ўзнікаюць, — сказаў кіраўнік Беларусі. — Востра стаіць пытанне аб увядзенні ў гаспадарчае абарачэнне зямельных участкаў, занятых інвестарамі, якія не выконваюць свае абавязкі. Асабліва ў Мінскай вобласці. Неабходна навесці парадак з такімі інвестарамі».


Як бачым, ніякіх рэальных зменаў у «зямельным пытанні» чакаць не даводзіцца, а пытанне аб прыватнай уласнасці на зямлю нават не падымаецца. Хутчэй, наадварот: тых інвестараў, што ўжо атрымалі зямлю ў карыстанне, мяркуючы па ўсім, будуць «нагінаць».

«Праблемы, якія ўзнікаюць пры прадастаўленні, адбіранні і эфектыўным выкарыстанні зямельных участкаў, палягаюць не столькі ў пэўных нормах заканадаўства, колькі ў яго правапрымяняльнай практыцы. Не так важна, хто будзе прымаць рашэнне пра выдзяленне ўчасткаў. Важна, хто і як будзе кантраляваць выкананне заканадаўства, умоваў прадастаўлення і гэтак далей. А тут па-ранейшаму вялікая роля мясцовай выканаўчай улады і мясцовых праваахоўных органаў», — сказаў «Новаму Часу» грамадскі актывіст, каардынатар кампаніі «Генплан для мінчукоў» Дзяніс Кобрусеў.

Паводле яго словаў, Адміністрацыя прэзідэнта аб’ектыўна не зможа пракантраляваць усе праблемныя моманты і будзе абапірацца на мясцовую выканаўчую ўладу, якая ўжо цяпер неэфектыўна займаецца пытаннямі выдзялення і адабрання зямельных участкаў, пры няўвазе да гэтых пытанняў праваахоўных органаў.

«Ці будуць хоць якія прыкметныя паляпшэнні, можна будзе сказаць толькі праз пэўны час. Для жыхароў Мінска мала што зменіцца, бо ў грамадзян і так мала магчымасцяў кантраляваць рашэнні і органаў мясцовай улады, і тым больш Адміністрацыі прэзідэнта. А для інвестараў зменяцца толькі дзверы канкрэтных службоўцаў, у якія яны будуць уваходзіць», — лічыць Кобрусеў.


Будаўніцтва ў цэнтры ўвагі

На прэс-канферэнцыі 25 студзеня чыноўнікі паспрабавалі патлумачыць, якія змены чакаюцца ў святле карэкціроўкі ўказу «Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў». У асноўным выступала намесніца начальніка ўпраўлення землеўпарадкавання Дзяржкаммаёмасці Марына Астапенка, паводле словаў якой папраўкі ва ўказе не прадугледжваюць карэнных зменаў у падыходах да прадастаўлення і адабрання зямельных участкаў.

Галоўная навацыя дакумента — у тым, што грамадзянам дазволяць будаваць, рамантаваць і рэканструяваць свае дамы, калі яны знаходзяцца на ўчастку, які ў будучыні плануецца перадаць для дзяржаўных патрэбаў.

Дагэтуль любая рэканструкцыя або нават рамонт прыватнага дому забараняліся, калі ён знаходзіўся ў зоне прыватнага сектара, якую генпланам меркавалася адвесці, скажам, пад новае будаўніцтва. Такі «падвешаны» статус дома мог доўжыцца дзесяцігоддзямі. «Адна з істотных паправак — можна выкарыстоўваць зямельныя ўчасткі і размешчаныя на іх маёмасць і аб’екты, займацца рамонтам, дабудоўкай і гэтак далей, аж да прыняцця рашэння аб адабранні зямельнага ўчастку», — заявіла Астапенка.


Паводле яе, у новым указе таксама будзе вызначана, у які перыяд і якім чынам дзяржава пакрые грамадзяніну страты ад адабрання зямельнага ўчастку і размешчаных на ім будынкаў.

Пры гэтым, аднак, уладальнікам прыватных дамоў давядзецца самім цікавіцца ў мясцовых выканкамах, ці мае дзяржава планы на занятыя імі землі. «Ну не могуць жа выканкамы самі рассылаць апавяшчэнні ўсім уладальнікам дамоў, на тэрыторыях якія мяркуецца забудоўваць!» — сказала Астапенка.

Прагучала гэта дзіўна — падатковая інспекцыя, значыць, можа разаслаць 400 тысяч апавяшчэнняў «дармаедам», а выканкам некалькі сотняў паведамленняў уладальнікам дамоў — не можа?

Сам праект новага «зямельнага» ўказу пакуль не апублікаваны. Але, у любым выпадку, відавочна, што ён будзе арыентаваны на пытанні будаўніцтва, — у тым ліку індывідуальнага.


У сярэдзіне снежня 2016-га Лукашэнка зацвердзіў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016–2020 гады. Адзін момант у ёй, звязаны з жыллёвым будаўніцтвам, варта вылучыць асобна: «Асноўным кірункам будаўніцтва жылля ў бягучай пяцігодцы стане развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва». Гэта значыць, вектар масавага жыллёвага будаўніцтва ссоўваецца з панельных шматпавярховікаў на прыватныя дамы: «з улікам устойлівай тэндэнцыі росту цікавасці грамадзян да пражывання ў індывідуальных жылых дамах, аб’ёмы будаўніцтва такога жылля будуць павялічаныя і яго доля будзе даведзеная да 40% да 2020 года ў агульным аб’ёме жылля, што ўзводзіцца».

Ужо агучаныя планы прадугледжваюць як выдзяленне ўчасткаў зямлі без бюракратычных праблемаў, так і забеспячэнне інжынернай інфраструктурай (газа-, вода-, энергазабеспячэнне). Прычым, гаворка ідзе не толькі пра буйныя і малыя гарады, але і пра ўчасткі ў сельскай мясцовасці. 29 снежня 2016 года была прынятая і пастанова Савета Міністраў №1113, якая загадвае мясцовым уладам «аказваць усебаковае садзейнічанне грамадзянам у будаўніцтве індывідуальных жылых дамоў».

План на 2017 год па развіцці індывідуальнага будаўніцтва для ўсёй краіны — 1 мільён 250 тысяч квадратных метраў, для Мінска — 20 тысяч квадратных метраў.



Каментаваць