Вышэй за неба

Краіна пасля летніх адпачынкаў уцягнулася ў працу, і ўрад Беларусі шукае: што б яшчэ павысіць? На жаль, расце не дабрабыт насельніцтва. Растуць кошты. І растуць значна.



На гэтым тыдні ўрад у чарговы раз скарэктаваў свае абавязальніцтвы па інфляцыі. Напачатку года планавалася, што яна складзе прыкладна 11%, у той час, як нават 12% інфляцыі — гэта мара ўрада: паказчык, які ставіцца штогод на працягу гадоў ужо трох, і штогод з’яўляецца недасягальным для нашай эканомікі. Гэтыя першасныя 11% былі скарэктаваныя ўвесну да 14,5%, што было больш падобнае на праўду, але, як высветлілася — таксама аптымістычна. За студзень-жнівень мы набралі 11,1% інфляцыі, а за той самы жнівень гадавая інфляцыя ўзрасла ўжо да 12%.

Зараз афіцыйны прагноз па інфляцыі зноў перагледжаны — рост спажывецкі цэн у 2014 годзе чакаецца на ўзроўні 17,3%, гаворыцца ў жнівеньскім нумары «Эканамічнага бюлетэня», які выдаецца Навукова-даследчым эканамічным інстытутам Міністэрства эканомікі Беларусі.

Рашэнне павысіць прагнозны параметр было прынятае ўрадам у сувязі з невыкананнем першапачатковага прагнозу. Для дасягнення новага паказчыка, па разліках НДЭІ Мінэканомікі, сярэднямесячны рост спажывецкіх коштаў у другой палове года не павінен перавышаць 1,04%.

На думку спецыялістаў НДЭІ, асноўнае ўздзеянне на паскарэнне інфляцыі аказаў рост коштаў на харчовыя тавары і паслугі, «якія ў той ці іншай ступені рэгулююцца дзяржавай». Прыняцце ў першай палове года рашэння «аб адмене ўстанаўлення гранічных цэн і пераходзе да свабоднага цэнаўтварэння на мяса істотна павялічыла цэны на рынку харчавання і прывяло да паскарэння інфляцыі ў другім квартале». Паводле ацэнак НДЭІ, асноўныя рызыкі ўзмацнення інфляцыйных працэсаў у другой палове года «могуць быць звязаныя з дэвальвацыйнымі чаканнямі, рэальнай верагоднасцю зніжэння курсу нацыянальнай валюты вышэй, чым запланавана, а таксама ростам цэнаў па рэгуляваных групах тавараў і паслуг (прамое рэгуляванне, усталяванне новых акцызаў)».

Але насамрэч справа ў тым, што трэба цвяроза разлічваць свае сілы і не ставіць перад сабою невыканальных мэтаў. Яшчэ напачатку года Сусветны банк прагназаваў, што інфляцыя ў Беларусі складзе 16,4%, а Міжнародны валютны фонд казаў пра 16%. Ды што там разу ыя людзі недзе за мяжой — родны Нацбанк ужо ў красавіку казаў, што нашая інфляцыя складзе 16–17% на год.

Падаецца, урад выступае тут у ролі жырафа, да якога доўга ўсё даходзіць. Паўгода яму спатрэбілася, каб прызнаць слушнасць Нацбанку, і дзевяць месяцаў — каб пачуць тое, пра што казалі аўтарытэтныя міжнародныя эксперты.

Можа быць, нам трэба гэтага «жырафа» неяк ператварыць у якога-небудзь «вожыка»? Каб ён быў «бліжэй да зямлі», да народа, і чуў усё адразу?

Між тым, рост цэнаў працягваецца. Два тыдні прайшло — і ў нас зноўку рост цэнаў на паліва. Канцэрн Белнафтахім з 9 верасня ў сярэднім на 4% павысіў рознічныя цэны на нафтапрадукты. Кошт 1 літра бензіну АІ-95-К5 складае зараз Br10 850 (раней — Br10 400), АІ-92-К5 — Br10 100 (Br9 700), «дызеля» ДТ-К5 — Br11 150 (Br10 700), ДТ-К4 — Br10 950 (Br10 500).

Гэта — апошняя навіна пра павышэнне коштаў на бензін. Больш такіх навінаў не будзе. Не таму, што ён больш не будзе даражэць — даражэць ён будзе, але ад гэтага часу — штодня. Беларускія ўлады змянілі парадак цэнаўтварэння на нафтапрадукты, прывязаўшы кошт паліва да долара ЗША. У выніку гэтага рашэння больш за ўсіх выйгралі тыя, у каго аўто жарэ 92-гі бензін. Літр АІ-92-К5-Еўра вызначаны індыкатарам, і будзе каштаваць у любым выпадку долар за літр. Змяняецца курс долара — змяняецца кошт. Кошты астатніх відаў бензіну будуць карэктавацца з улікам «існуючых цэнавых суадносін паміж АІ-92-К5-Еўра і іншымі маркамі паліва».

Між тым, канцэрн не ўдакладняе, як часта будзе ажыццяўляцца карэкціроўка цэн на бензін. У адпаведнасці са стратэгіяй «плаўнай дэвальвацыі», курс долара на таргах БВФБ падымаецца 3–4 разы на тыдзень на 10 рублёў за раз.

Варта адзначыць, што рашэнне канцэрна канчаткова пахавае анансаваную пэўную колькасць гадоў таму праграму «дэдаларызацыі» беларускай эканомікі, рэальнай валютай якой застаецца долар ЗША, у той час як беларускі рубель выконвае толькі разліковыя функцыі.

Свой унёсак ва ўзровень інфляцыі робяць і камунальшчыкі. Улады Мінска на 9,8% падвысілі тарыфы на паслугі ЖКГ. Павышаныя аплаты за тэхнічнае абслугоўванне жылых дамоў, водазабеспячэнне, каналізацыю і карыстанне ліфтам.

Увогуле, нашае ЖКГ — такая дзіўная рэч, што здольная вытрасці грошы нават з паветра. Напрыклад, павышаная зараз аплата за ліфт са жніўня здымаецца нават з жыхароў другога паверха, якія гэтай прыладай, па вялікім рахунку, не карыстаюцца: пешкі дайсці хутчэй, чым чакаць, пакуль ён прыедзе.

Падаецца, плата за ліфт — сума невялічкая: для кватэры, у якой у сярэднім пражываюць тры чалавекі — прыкладна Br6 700 на месяц. За год набягае прыблізна 8 долараў. Але па ожце гэтую лічбу на 4 кватэры на другім паверсе, і на колькасць дамоў з ліфтам у Мінску з яго амаль двухмільённым насельніцтвам… Думаю, 300–500 тысяча долараў у год «з паветра» ЖКГ мае.

Адно толькі не вядома — куды дзяюцца гэтыя «паветраныя» грошы. З гэтай праблемай, — высветліць, куды знікаюць грошы ЖКГ, — улада ўжо столькі б’ецца, што самы ўпарты ўжо б лоб разбіў.

А тое, што павінна рабіць ЖКГ, робяць самі жыхары гарадоў. У краіне пройдзе экалагічная акцыя «Зробім!», у межах якой праходзяць маштабныя прыборкі смецця. Смецце будуць прыбіраць кожныя выходныя з 13 верасня па 12 кастрычніка. У акцыі няма арганізатара: любы ахвотны можа стварыць уласную групу і навесці парадак там, дзе трэба. Запланаваныя кропкі ўборкі можна паглядзець на сайце greenmap.by. Там у рэжыме рэальнага часу наносяцца месцы, дзе запланавана або ідзе ўборка. Першая ўборка ў Мінску пройдзе 14 верасня на Мінскім моры.

Акцыя «Зробім!» упершыню стартавала ў 2008 годзе ў Эстоніі. За адзін дзень 50 тысяч добраахвотнікаў сабралі 10 тысяч тон смецця па ўсёй краіне! У 2012 годзе акцыя ператварылася ў міжнародную «Сусветную ўборку», да якой падключыліся больш за 80 краін, у тым ліку і Беларусь.

Каментаваць