Выжыць і адкласці на адпачынак

"Я атрымліваю максімальную стыпендыю — 1 008 150 рублёў. Памятаю, што самая першая мая стыпендыя была 190 тысяч, а прайшло ўсяго тры гады. Але стыпендыя ў мяне не асноўны заробак, так, прыемны дадатак".



Мы пацікавіліся ў студэнтаў розных вышэйшых навучальных устаноў, якую стыпендыю яны атрымліваюць і на што хапае гэтых грошай. 
 
Марыя, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ:
 
 
 
 
— Я атрымліваю максімальную стыпендыю — 1 008 150 рублёў. Для гэтага трэба мець сярэдні бал за сесію звыш 9.0 і здаць усе іспыты без пераздач. Сёлета мінімальная стыпендыя ў БДУ — 672 100 рублёў. Далей яна павялічваецца ў залежнасці ад паспяховасці, альбо можна яе пазбавіцца, калі заваліць хоць адзін іспыт. Тады можна будзе падаць на сацыяльную стыпендыю — 409 750. Ведаю, што ў студэнтаў-гуманітарыяў стыпендыя крыху меншая пры высокім бале, чым у студэнтаў натуральных дысцыплін. Памятаю, што самая першая мая стыпендыя была 190 тысяч, а прайшло ўсяго тры гады. Але стыпендыя ў мяне не асноўны заробак, так, прыемны (ці не вельмі) дадатак. Нейкі час пражыць, безумоўна, можна. Пытанне толькі ў тым — які? Насамрэч, у СМІ ёсць тысячы эксперыментаў кшталту «як пражыць на стыпендыю». Вядомы па «нашаніўскім» артыкуле Мікіта Курэпін жыў на стыпендыю, пры гэтым адкладаў грошы на вандроўкі. Усё залежыць ад чалавека, вядома.
 
 
 
Руслан, студэнт прыборабудаўнічага факультэта БНТУ:
 
 
 
— Штомесяц на маю картку пры­ходзяць 625 000 рублёў. Гэта мінімальная стыпендыя на маім факультэце. І тое, каб яе атрымаць, мне прыйшлося ўсё здаць з першай спробы з сярэднім балам звыш 5.0, але да шасці (гэта ўжо 750 тысяч) не дацягнуў. У БНТУ вучыцца даволі складана. Грошай хапае ненадоўга. Аддаеш за тэлефон, інтэрнэт ды праезд — і вось ужо няма гэтых грошай. 
 
 
 
Алена, студэнтка факультэта тэхналогіі арганічных рэчаў БДТУ:
 
 
 
— Ат­рымліваю 768 600 рублёў пры сярэднім бале вышэй за 8.0, але каля 168 тысяч сыходзіць на аплату інтэрната. Базавая ж стыпендыя ў маім універсітэце — 549 000 рублёў за здачу сесіі на 5 і вышэй. У прынцыпе, сістэма такая ж, як і ва ўсіх мінскіх дзяржаўных ВНУ. У лепшым выпадку можна атрымаць 878 400. Але існуюць яшчэ і спецыяльныя і імянныя выплаты. Яны яшчэ болей. Насамрэч, грошы разлятаюцца вельмі хутка. Вось здаецца, што толькі іх атрымала, а праз пару дзён іх зусім няма. А гэта і інтэрнэт аплаціць, нешта паесці ў сталоўцы ды ў кіно схадзіць ці на канцэрт. 
 
 
 
Аляксей, студэнт факультэта кампутарных сістэм і сетак БДУІР:
 
 
 
— Шчы­ра кажучы, я нават не памятаю дакладную лічбу сваёй стыпендыі па прычыне таго, што такую суму добрымі грашыма не назавеш і жыццёва неабходнай яе не лічу. Але, калі не памыляюся, гэта каля 658 000 рублёў (дзякуй «Гуглу» за гэта) пры маім сярэднім бале 7.6 за сесію. Базавая ж каля 550 000, а максімальна за паспяховасць — 878 000, што таксама вялікімі грашыма не назавеш. Напэўна, у маім універсітэце адна з самых нізкіх стыпендый у Мінску. Выдаткоўваю грошы ў асноўным на тое, каб, скажам, пасядзець у кавярні ці набыць якую-небудзь дробную рэч. Радуе, што студэнцкая картка звязана з маім гульнявым акаўнтам. З гэтага часам аплачваю гульні і набываю рэчы праз інтэрнэт-крамы за сваю стыпендыю.
 
 
 
Уладзіслаў, студэнт фінансава-эканамічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта:
 
 
 
— Я ат­рымліваю максімальную стыпендыю на маім факультэце — 775 000 рублёў, базавая ж — 517 тысяч. На педагагічных і тэхнічных факультэтах стыпендыі дасягаюць 827 200 рублёў. Яшчэ, як і ў астатніх універсітэтах, можна за вялікія дасягненні ў навуцы ці спорце атрымліваць імянную стыпендыю, але такое рэдкасць. У рэгіёне жыць крыху прасцей, чым у горадзе, але выжыць на такія грошы можна толькі, набываючы «ролтаны».
 
 
 
Святлана, студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта:
 
 
 
 
— Сістэма стыпендый у ЕГУ моцна адрозні­ваецца ад беларускай. Выплата ва ўсіх адна — 200 еўра на месяц. Але, каб па­даць заяву на стыпендыю, неабходна мець сярэдні бал не ніжэй за 9.0, ды ўлічваецца так званы «сацыяльны бал», які можна атрымаць, калі студэнт удзельнічае ва ўніверсітэцкіх мерапрыемствах, дапамагае ў іх арганізацыі або займаецца валанцёрствам. На першым курсе можна падаць на стыпендыю пасля першага семестра, адпаведна, студэнт атрымлівае грошы толькі на працягу другога семестра. Пасля заканчэння курса адбываецца пералік сярэдняга і сацыяльнага балаў, і ўсё пачынаецца зноў. Першакурснікам пасля 1 семестра прапаноўвалі 14 стыпендый, на старэйшых курсах сістэма крыху іншая, таму што рэйтынг складаецца агульны для 2–4 курсаў. Яшчэ адна адметнасць ЕГУ, што студэнты могуць быць на платнай форме навучання і атрымліваць тыя ж выплаты, што і на бясплатнай. Наконт выдаткаў: пражыванне ў інтэрнаце каштуе 240 літаў (70 еўра) за месяц. Бібліятэка бясплатная, кнігі запісваюцца альбо на пашпарт, альбо на студэнцкі білет ці нейкі іншы дакумент. 
 
 
Алег, курсант Акадэміі МУС:
 
 
 
— Атрымліваю на картку каля двух мільёнаў рублёў за месяц. Гэта сярэдняя стыпендыя, а дакладней — грашовае забеспячэнне. Такую атрымліваюць курсанты з сярэдні балам сесіі большым за 6. У каго менш — атрымліваюць на 200 тысяч меней. Пры бале сесіі вышэй 8, дастаецца на 200 тысяч болей за сярэднюю. Пазбавіцца выплаты ў Акадэміі МУС нельга. Увогуле, такая сістэма ва ўсіх ваенізаваных ВНУ нашай краіны. Крыху дадаюць грашыма курсантам-камандзірам. І ёсць курсанты, якія атрымліваюць імянную стыпендыю. За форму, ежу і пражыванне ў казарме не плацім, таму, як бачна, грашовае забеспячэнне нядрэннае ў параўнанні са стыпендыямі цывільных студэнтаў. Але я лічу, што гэта апраўдана нашымі ўмовамі пражывання і службы. Да таго ж мы не маем права на дадатковыя заробкі. Зразумела, трэба нешта есці акрамя сталоўскай ежы, хочацца і апранацца, не толькі ж у форме хадзіць. Некаторыя курсанты, якія жывуць у казарме, спрабуюць і на летні адпачынак адкласці. Увогуле, выдаткоўваем свае грошы на тое ж, на што іншыя студэнты ў мерах дазволенага. 
 

Каментаваць