З-за крызісу ў Беларусі ў два разы вырасла колькасць бедных

Для барацьбы з беднасцю трэба ствараць умовы для прыбытковага бізнесу.
За апошнія два гады абсалютная беднасць у Беларусі павялічылася ў два разы. Складанасці з забеспячэннем базавых патрэбаў адчувае амаль трэць насельніцтва краіны.

Такая выснова вынікае з працы навуковага супрацоўніка цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Алега Мазоля. Ён даследаваў узровень абсалютнай беднасці на падставе дадзеных Белстата, якія тычацца выбарачных абследаванняў хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця за перыяд з 2009 па 2016 гады.

Як распавёў эканаміст, узровень абсалютнай беднасці ацэньваўся на аснове супастаўлення выдаткаў насельніцтва (сярэднедушавыя расходы хатняй гаспадаркі ў сярэднім за месяц) з разлічаным мінімумам сродкаў, неабходных для задавальнення базавых патрэбаў чалавека (рыса беднасці)*.

* Для вызначэння рысы беднасці у міжнароднай практыцы ўжываецца методыка ацэнкі асноўных патрэбаў (cost of basic needs approach). На першым этапе вызначалася харчовая частка рысы беднасці: (1) разлічвалася цана адной калорыі прадуктаў (з улікам розніцы коштаў па рэгіёнах Беларусі), якія фармуюць спажывецкі кошык сям'і з чатырох чалавек; (2) атрыманая ў разрэзе рэгіёнаў цана выкарыстоўвалася для ацэнкі кошту сутачнай фізіялагічнай нормы спажывання калорый для хатняй гаспадаркі ў залежнасці ад яго полаўзроставага складу, у адпаведнасці з нарматывам Міністэрства аховы здароўя; (3) на аснове (2) ацэньвалася харчовая рыса беднасці ў сярэднедушавым разрэзе хатняй гаспадаркі.

На другім этапе ацэньвалася нехарчовая частка рысы беднасці як фіксаваная доля выдаткаў на нехарчовыя тавары і паслугі ў агульнай структуры спажывецкіх расходаў малазабяспечаных хатніх гаспадарак. Сума харчовай і нехарчовай частак і фармавала рысу беднасці.

Для параўнання: Белстат лічыць, што чалавек знаходзіцца за мяжой беднасці, калі ўзровень яго сярэднедушавых наяўных рэсурсаў ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму. У 2016 годзе разліковая велічыня БПМ у сярэднім на душу насельніцтва склала 173,1 рубля ў месяц.

«Калі выдаткі насельніцтва перавышалі рысу беднасці, то хатняе гаспадарка не лічылася беднай; у адваротным выпадку хатняя гаспадарка адносілася да катэгорыі бедных», — распавядае Алег Мазоль.

Даследаванне паказала, што з 2009 па 2016 гады самы высокі ўзровень абсалютнай беднасці назіраўся ў 2011 годзе і складаў 32,58% насельніцтва. Да 2014 года ён знізіўся да 14,87% насельніцтва, але затым зноў вырас і ў 2016 годзе склаў 29,3% насельніцтва.

«Рост абсалютнай беднасці ў апошнія гады абумоўлены крызіснымі з'явамі ў айчыннай эканоміцы, якія прывялі да скарачэння рэальных даходаў і, адпаведна, выдаткаў насельніцтва», — адзначае эканаміст.

Пры гэтым у сельскай мясцовасці ўзровень абсалютнай беднасці вышэй, чым у горадзе. У 2016 годзе ён склаў 40,55% насельніцтва, у той час як у горадзе — 25,27% насельніцтва. Гэта звязана з тым, што прыбыткі сельскіх жыхароў ніжэй, чым у горадзе і ў цэлым па краіне.

«Сярэдні заробак у раённых цэнтрах і сельскай мясцовасці як мінімум на 20% менш, чым у сярэднім па рэспубліцы, а ў сельскай мясцовасці ён яшчэ менш, чым у райцэнтрах. Усё гэта вядзе да таго, што ў сельскай мясцовасці ў людзей менш даходаў. У выніку, яны могуць менш затрачваць», — тлумачыць навуковы супрацоўнік BEROC.

Даследаванне дазволіла выявіць катэгорыі насельніцтва, якія знаходзяцца ў групе рызыкі і могуць апынуцца за мяжой беднасці. У ліку такіх апынуліся шматдзетныя сем'і і сем'і з малалетнімі дзецьмі, а таксама хатнія гаспадаркі, чальцамі якіх з'яўляюцца беспрацоўныя альбо маці-адзіночкі.

Такія групы рызыкі маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай падтрымцы дзяржавы.

У якасці магчымых першачарговых мер паказваецца павелічэнне дапамогі па беспрацоўі. А для барацьбы з беднасцю ў сельскай мясцовасці варта ствараць умовы для фармавання сямейнага бізнесу, у першую чаргу, у сельскай гаспадарцы, «каб насельніцтва не арыентавалася толькі на наёмную працу ў СВК і  дзяржпрадпрыемствах, і ў сельскіх жыхароў былі магчымасці забяспечыць саміх сябе».

«Толькі ў такім варыянце магчыма спыніць адток насельніцтва з сельскіх раёнаў і пачаць новы этап у развіцці беларускай вёскі», — адзначае Алег Мазоль.

Прынятыя нядаўна законы, накіраваныя на лібералізацыю бізнэсу ў краіне, ён лічыць крокам у правільным кірунку, але жыхарам вёсак трэба стварыць умовы не проста для таго, каб увайсці ў бізнес, але і магчымасць для яго прыбытковага функцыянавання. У прыватнасці, неабходна ствараць цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва, бізнес-інкубатары і гэтак далей.

Паводле naviny.by

Каментаваць