Людзі не вераць у беларускі рубель

Міністэрства фінансаў не здолела размясціць рублёвыя 18-месячныя доўгатэрміновыя дзяржаўныя аблігацыі. Абвешчаны аўкцыён па размяшчэнні 274-га выпуску ДДА з купонным даходам не адбыўся з-за адсутнасці заявак. Людзі больш не вераць у беларускія рублі.



Тым жа часам канцэрн «Белнафтахім» прывязаў кошт паліва для аўтамабіляў да курсу долара. «Прывязка» кошту паліва да долара абгрунтаваная — сваёй нафты ў нас кату па пяту, набываем мы яе за валюту. Але рашэнне канцэрна паказальнае: да сваёй валюты даверу няма.

Чаму ж людзі не вераць у беларускі рубель?

Калі вяртацца да аблігацый, то стаўка купоннага даходу па іх была вызначаная як стаўка рэфінансавання Нацбанка РБ (20%)+1%. Будзем шчырымі адразу — гэта не даход, а суцэльныя страты. На гэты год урад плануе інфляцыю ў памеры 17,3%. Між тым, як казалася раней, аблігацыі размяшчаюцца тэрмінам на паўтара гады. Такім чынам, калі браць тэндэнцыю, то за паўтара гады гэтая інфляцыя складзе каля 25%. Атрымліваецца, што даход — меншы альбо роўны інфляцыі.

Але, укладаючы некуды грошы, мы маем намер атрымаць прыбытак, ці не так? У дадзеным жа выпадку, у лепшым варыянце мы застанемся «пры сваіх», страціўшы 18 месяцаў. А бізнэс-колы ведаюць знакамітае выслоўе: час — гэта таксама грошы.

Зараз вернемся да «Белнафтахіму». Яшчэ больш цікавай сітуацыя выглядае, калі ўзяць за аснову разліку не інфляцыю, якую лічаць па «сацыяльных» паказчыках, а курс долара. На 1 студзеня 2014 года ён складаў 9 520 рублёў. На 10 верасня гэтага года долар куплялі за 10 480 рублёў. То бок, з пачатку года долар падаражэў амаль на тысячу рублёў, альбо на 10,8%. І гэта яшчэ не фініш — да канца года застаецца тры месяцы, то бок прыкладна на рост долара ў нас ёсць 3–4% рэзерву.

Такім чынам, каб проста адбіць свае грошы ў «цвёрдай валюце», даход па аблігацыях павінен быць не 21%, а 30% (17% — інфляцыя і 13% — рост курса долара). Між іншым, прыкладна такую стаўку па рублёвых дэпазітах (27–30%) зараз прапануюць беларускія банкі.

Але, як кажуць, і тут «ёсць нюанс». Гэтыя 27–30% тычацца дэпазітаў, тэрмін размяшчэння якіх — ад ультракароткіх (10 дзён) да паўгода. Тое, што больш за паўгады, ідзе ўжо пад 30–31%. Дык які сэнс размяшчаць аблігацыі на 18 месяцаў пад 21%?

Відавочна, што пры такой палітыцы Мінфіна ў дачыненні да аблігацыяў попыту на іх не будзе. Тым больш, што «супольнае» Міністэрства эканомікі, павышаючы прагноз інфляцыі да 17,3%, абгрунтавала гэтае павышэнне па-першае, «вялікімі дэвальвацыйнымі чаканнямі», а па-другое «рэальнай верагоднасцю зніжэння курсу нацыянальнай валюты вышэй, чым было запланавана». То бок, долар будзе расці, і насельніцтва, як і раней, чакае «абвалу» рубля.

Перадумоваў для такога абвалу пакуль што не бачна. На фоне «гандлёвага эмбарга» Расіі і чаканага на наступны год звароту ў беларускі бюджэт паловы расійскіх мытных пошлінаў на нафтапрадукты, «сінявокая» ў валютным плане выглядае даволі ўпэўненай. Канешне, дэфіцыт рахунка бягучых аперацый краіны ў гэтым годзе можа скласці $5 мільярдаў, але на фоне таго, што мы яшчэ «недаатрымалі» абяцаны Пуціным расійскі крэдыт у $2 мільярды ды разлічваем на іншую «знешнюю падтрымку», то гэта выглядае не так крытычна, як здавалася б.

І яшчэ адзін цікавы пункцік. У Беларусі ў жніўні чысты продаж замежнай валюты (наяўнай і безнаяўнай) з боку насельніцтва вырас да $92,3 мільёна з $48,7 мільёна ў ліпені. Насельніцтва «здала» банкам за жнівень $43,6 мільёна. То бок, як і прадугледжвалася, шмат у каго «накрыўся» гэтым летам планаваны адпачынак у Крыме, і людзі часткова засталіся ў Беларусі. Але адначасова гэта азначае, што і «валютныя заначкі» ў беларусаў «пахудзелі». А значыць, з першых нармальных пасля адпачынку заробкаў пачнецца тэндэнцыя іх умацавання, і попыт на валюту будзе ўзрастаць.

Карацей, тэндэнцыя аслаблення долара, высокая інфляцыя і ўзнаўленне валютных «падушак бяспекі» насельніцтвам не спрыяюць даверу да беларускага рубля. І нікуды не падзеліся «дэвальвацыйныя чаканні». У такой сітуацыі, каб умацаваць нацыянальную валюту, патрэбныя тытанічныя высілкі.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-09-11 12:28:57
Калі ўчора напісаў пад адным з артыкулаў, поўным памылак друку, іранічнае "Белаурсь упедар", не думаў, што нехта паставіць падобны загаловак... "белраускі рубель", вы
ўпэўнены? І яшчэ: "полгода" па-бел. будзе "паўгода", а не "паўгады". А вось параўнанне "кату па пяту" спадабалася.

Каментаваць