За лістапад сярэдні заробак мінчукоў вырас... на 60 капеек

Намінальны налічаны сярэдні заробак у Мінску ў лістападзе 2017 года склаў 1151 рубель 90 капеек. Гэта на 60 капеек больш, чым у кастрычніку.

Пра гэта піша агенцтва "Мінск-Навіны".

Сярэдні заробак па Беларусі за той жа час упаў на 4,1 рубля.

Лідары па заробках у параўнанні з кастрычнікам не змяніліся. Спіс традыцыйна ўзначальвае сфера IT, дзе налічаны сярэдні заробак дасягнуў 3756 рублёў 50 капеек (на 21,9 рубля больш, чым у кастрычніку). Наступны радок рэйтынгу займае сфера інфармацыі і сувязі — 2988 рублёў 30 капеек (у кастрычніку — 2963 рубля 40 капеек). Тройку сталічных прафесій з лепшымі заробкамі замыкае дзейнасць паветранага транспарту — 2245 рублёў 80 капеек. Але ў параўнанні з кастрычнікам (2462 рублі 30 капеек) спецыялісты гэтай сферы атрымалі менш.

А менш за ўсё ў сталіцы (у сярэднім) плацілі ў сферы сацыяльных паслугаў. Тут заробак за месяц склаў 550 рублёў 60 капеек — і за лістапад знізіўся больш як на 4 рублі. Ненашмат вышэйшы заробак у бібліятэкараў, работнікаў архіваў, музеяў і іншай дзейнасці ў галіне культуры — 575 рублёў 90 капеек (566 рублёў 50 капеек у кастрычніку).

euroradio.fm


Каментаваць