Зайцовае піке

Тое, што апошнім часам адбываецца з курсам беларускай валюты, яшчэ зусім нядаўна не маглі прадказаць нават самыя скептычныя незалежныя аналітыкі ды эксперты. Чацвер 21 студзеня сапраўды можна назваць «чорным» для айчыннага рубля. 



Так, на чарговых таргах Беларускай валютна-фондавай біржы (пасля завяршэння аперацыяў) курс долара склаў 21.564 рублі (рост — 1.103 рублі, альбо 5,39%). Еўра па курсе Нацыянальнага банка цяпер каштуе 23.779 рублёў (рост на 1.388 рублёў альбо 6,2%). У дачыненні да беларускага « зайца» ўмацаваўся нават расійскі рубель, хоць параўнальна да замежных валют і ён валіцца — 21 студзеня «расіец» падаражэў да свайго беларускага брата-небаракі на 3,27 адзінкі і цяпер каштуе 260,24 беларускіх рубля.

Што ж зараз могуць нам сказаць нашыя аракулы з ураду і адміністрацыі прэзідэнта ці Нацбанка? З чаго яны сыходзілі, калі складалі гадавы бюджэт, разлічваючы на сярэднегадавы курс долара 18.700 рублёў? Чым яны могуць апраўдацца?

Абвал нацыянальнай беларускай валюты абумоўлены і тым, што падаюць кошты на сусветным нафтавым рынку. Так, раніцай у чацвер нафта маркі Brent у пэўны перыяд апускалася ніжэй за 27,5 долараў за барэль. І гэта яшчэ не мяжа, як кажуць эксперты РБК. То бок, імаверна, што курсы як расійскага рубля, так і беларускага будуць працягваць сваё падзенне. Іх чакае сапраўднае піке, асабліва гэта тычыцца «зайца» . Некаторыя аналітыкі называюць нават лічбы (праз некалькі месяцаў) — 25-27 тысяч беларускіх рублёў за долар і 30-34 тысячы за еўра. Расійскі рубель, паводле РБК, каб выправіць дэфіцыт бюджэту РФ і плацёжнага балансу, мусіць ужо сёння складаць 250 рублёў за долар! (Начны жах Крамля і ягоных акалотачнікаў).

Аўтару гэтых радкоў у чацвер давялося назіраць, як у адным толькі абменным пункце буйнога банка цягам паўгадзіны тройчы мяняліся курсы абмену валют. Натуральна, у бок іх павелічэння да беларускай грашовай адзінкі. Людзі, па маім назіранні, у чацвер ужо не стаялі ў чэргах за валютай. Тлумачэнне банальнае — рублёвыя запасы грамадзян скончыліся альбо на мяжы, асабліва пасля святаў, да таго ж, новыя лічбы ўводзяць «народзец» у сапраўдны ступар. І яны псіхалагічна не гатовы выкладваць столькі рублёў за долар ці еўра.

«Я разумею, што рубель будзе падаць і надалей, але пакуль мяне «жаба душыць». Хочацца верыць, што калісьці падзенне спыніцца, але пакуль не ведаю, што рабіць, я яшчэ не вызначылася, — кажа Лідзія, хатняя гаспадыня 54 гадоў. — Пры тым, што мой муж працуе ў пакуль яшчэ нябеднай фірме, нават ягоныя заробкі зараз не дазваляюць спакойна купіць валюту, бо ўсё больш выдаткаў на камуналку, ды і кошты ў крамах не стаяць на месцы. А нам яшчэ дапамагаць дзецям і тром унукам».

«Гэта проста жах, — кажа студэнт Ігар, які здымае кватэру на Паўднёвым Захадзе Мінска. — Мы ўтрох плацім 220 баксаў за двухпакаёўку, а плюс яшчэ камуналка. Гэта ж якую стыпендыю трэба атрымліваць, каб пасля ўсіх выплат засталося яшчэ на яду? Дарэчы, я толькі тут змог набыць долары, каб разлічыцца з гаспадаром, бо ў двух абменніках долараў зусім не было. Дзякуй Богу, яшэ ёсць бацькі, якія дапамагаюць. Але калі справы пойдуць і надалей такім чынам, будзем шукаць больш танныя варыянты. Бо гэта ўжо занадта».

Фінансавыя ўлады Беларусі сёння фактычна не могуць уплываць на курсаўтварэнне. Чыста валютных рэзерваў, якімі можна хутка разлічыцца па знешніх пазыках, у нашай дзяржаўнай скарбонцы толькі крыху больш за 2 мільярды долараў. А толькі сёлета нам, каб пазбегнуць дэфолта, трэба знайсці 3,3 мільярды долараў. Дарэчы, больш за мільярд толькі ў студзені-лютым. А знешніх крэдытаў пакуль што не намалёўваецца.

Такім чынам, Нацыянальны банк не адважваецца на валютныя інтэрвенцыі на рынку, каб падтрымаць курс айчыннай валюты. Таму да варажыхі не хадзі, каб меркаваць, што айчынны рубель будзе валіцца і далей. Вось толькі як доўга гэта будзе цягнуцца і чым гэта скончыцца? 

Каментаваць