Замарозкі Новага года

Усё ж добрая гэта традыцыя — сустракаць Новы год, спакойна скончыўшы ўсе нетэрміновыя справы. Каб з чымсьці людзі змірыліся, для чагосьці ўжо прызвычаіліся, і каб праблемы не перашкаджалі святкаваць.



«Мінсктранс» усё ж падвысіў тарыфы на праезд для мінчанаў. З 14 снежня праезд у наземным транспарце і метро каштуе Br4,5 тысячы. Зараз трэба чакаць такога ж павышэння і па рэгіёнах. Для Мінску гэта было зроблена ў апошні момант — у нядзелю, 14 снежня. З 15 снежня павінен быў уступаць у дзеянне «мараторый Лукашэнкі» на павышэнне коштаў перад Новым годам. Так што паспелі ўскочыць, як кажуць, літаральна ў апошні вагон.

Гэта значыць, што напачатку 2015 года падвышэнняў кошту праезду ўжо не адбудзецца. Праўда, і падвышаць іх аніякай падставы няма. Матэматыкі падлічылі, што за гэты год праезд у транспарце падаражэў у 1,5 разы. Між тым, налічаная сярэднямесячная зарплата з пачатку года вырасла толькі на 19,8%, дызельнае паліва для аўтобусаў падаражэла на 19,4% — да Br11.700, тарыфы на электраэнергію для тралейбусаў індэксаваліся па змене курсу долара да беларускага рубля, то бок таксама не вышэй 20%. Такім чынам, цвердзіць, што грамадзяне карыстаюцца «датацыйным» транспартам — проста смешна.

Прыемную навіну напачатку ўсялякіх грыпозных сезонаў зрабіла Мінздароўя. Яно забараніла павышаць кошты на лекі. «Міністэрства аховы здароўя даручае прыняць вычарпальныя меры па недапушчэнні росту адпускных і рознічных цэн на лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і іншыя спажывецкія тавары», — гаворыцца ў паведамленні міністэрства. Праўда, на які тэрмін спыняецца рост цэнаў, не ўдакладняецца.

Пра «замарожванне» паведаміў і міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны ў эфіры беларускага тэлебачання. Ён публічна паабяцаў, што кошт будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай у 2015 годзе будзе замарожаны. «Мы замарозім у снежні 2014 цэны, і падставаў павялічваць іх не будзе. Цэны будуць стабільныя ўвесь 2015 год», — заявіў Чорны. Варта зазначыць, што за 9 месяцаў бягучага года кошт будаўніцтва квадратнага метра жылля вырас на 30%.

Абяцанкі, канешне, справа добрая. Але як можна замарозіць кошт будаўніцтва жылля, калі раптам, напрыклад, з-за крызісу ў Расіі, падаражэюць будаўнічыя матэрыялы? Але гэта нас хваляваць не павінна — Чорны паабяцаў, хай ён і выконвае.

Затое ў новую фазу ўвайшла гандлёвая вайна паміж Расіяй і Беларуссю. Расія завярнула 6 тон тварагу ААТ «Мінскі малочны завод №1», які нібыта ўвозіўся туды з парушэннямі. Памочнік кіраўніка Упраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях Святлана Земчанкава патлумачыла, што ў ветэрынарным сертыфікаце дата выпрацоўкі не адпавядала заяўленай на маркіроўцы прадукцыі. Яшчэ адну партыю тварагу таго ж вытворцы смаленскія спецыялісты не дапусцілі ў Разанскую вобласць.

Але нашы знайшлі, чым адказаць. Нядаўна Аляксандр Лукашэнка надаў галоўнаму беларускаму санітарнаму ўрачу Ігару Гаеўскаму паўнамоцтвы Анішчанкі. Рашэнне доктара не прымусіла доўга чакаць. Гаеўскі прыпыніў абарачэнне на тэрыторыі краіны шэрагу прадуктаў харчавання з Расіі. У адрозненне ад Анішчанкі, тычыцца гэта сапраўды не вельмі карысных для здароўя прадуктаў — так званых «хуткарастваральных» макаронаў «Залатая локшына», «Лагман па-дунганску» і «Біг Ланч» вытворчасці расійскай кампаніі «БіяФуд». Прычына — неадпаведнасць дадзеных харчовых прадуктаў нормам нацыянальнага заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва і тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы харчовай прадукцыі» па мікрабіялагічных паказчыках (па змесце бактэрый групы кішачнай палачкі, дрожджаў і плесені).

Зазначу пры гэтым, што ўкраінская «Мівіна» не пацярпела, і цалкам адпавядае беларускім стандартам якасці.

Карацей, што б там ні казаў Аляксандр Рыгоравіч пра прынцыпы здаровага харчавання, бульба з мясам і салёнымі агуркамі для беларусаў — самае тое, што трэба.

А каб мы разбіраліся, хто нам прадае бульбу, агуркі і мяса, пра гэта паклапаціўся сам Аляксандр Рыгоравіч. Калі няма больш тэрміновых справаў, чаму б не заняцца «пераназовам вуліцаў»? Вось кіраўнік дзяржавы і даручыў аптымізаваць структуры арганізацый.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады, Лукашэнка падкрэсліў: «Мы вельмі захапіліся ў свой час яшчэ пры распадзе Савецкага Саюза і пабеглі за імпартнымі назвамі: холдынгі і іншае. У нас былі вытворчыя аб’яднанні, гэта тыя ж холдынгі, я так разумею? Навошта іх было пераймяноўваць?! Усё павінна быць проста і зразумела — як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«У нас і ў сельскай гаспадарцы было ўсё проста і зразумела: калгас, саўгас — усё. Цяпер там чорт нагу зломіць! Я ужо не кажу пра назвы. За назву таго ж калгаса, прадпрыемства, барацьба ішла ў краіне. На вышэйшым палітычным узроўні прымаліся рашэнні. Цяпер старшыня калгаса захацеў абазваць яго мацерным словам — абзаве, і ўсё будзе нармальна. Усё гэта трэба прыводзіць у нармальны зразумелы стан да пачатку новай пяцігодкі», — адзначыў Лукашэнка.

Сапраўды, што гэта мы панастваралі ўсялякіх ААТ, ЗАТ, ЗТАА, ТАА і іншых? Ніхто не глядзіць на гэтыя літары! Трактарны завод — ён і ёсць трактарны завод, і не трэба там выдумляць нешта! Ёсць прапанова пайсці яшчэ далей: увогуле скасаваць назвы прадпрыемстваў. Навошта нам гэта? Хай сасіскі будуць «зробленыя на мясакамбінаце», бульба «вырашчаная ў калгасе», а машына «сабраная на заводзе». І ўсё. Усім усё зразумела.

Дарэчы, тым самым мы скончым усялякую «харчовую вайну» з Расіяй. Захоча яна ўвесці санкцыі супраць беларускай каўбасы — а як? Яна ж зробленая на мясакамбінаце, а на якім — загадка. Не пускаюць у Расію тварог, а ён зроблены на заводзе, і самі разбірайцеся, дзе. І расіянам прыйдзецца альбо цалкам закрыць мяжу з «сінявокай», скасаваць усялякія Мытныя і Еўразійскія саюзы (на што ніхто не пойдзе), альбо пускаць да сябе ўсю беларускую прадукцыю, без аніякіх там санкцый да асобных прадпрыемстваў. Хіба не прыгажосць?

Каментаваць