Купляем беларускае з Польшчы, Нідэрландаў і Літвы

Беларусь вырашыла ляпіць на замежны тавар лэйблы з лозунгам «Купляй беларускае!». Але ў выніку замест «харчовага Кландайку» мы можам атрымаць чарговыя «гандлёвыя войны».



Расійскае эмбарга на замежныя прадукты выклікала ажыятаж у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка персанальна заклікаў «варушыцца, выкарыстаць гэты момант і зарабіць грошы». Параіў зарабляць не толькі на экспарце беларускага харчавання, але і на так званым дабаўленым кошце — «перапрацоўцы» імпарту з наступнай пастаўкай нібыта беларускай прадукцыі ў РФ.

«Трэба мець на ўвазе, што яны зачынілі свой рынак, але мы не бралі абавязацельствы па ўнутраным рынку. Мы можам завозіць сабе прадукцыю з любой кропкі планеты. Трэба загружаць, перапрацоўваць і прадаваць», — загадаў Лукашэнка. «Толькі трэба ўзгадняць з расійцамі, каб нас не папракалі, што мы ідзем у разрэз з іх палітыкай», — дадаў ён.

Сапраўды, рынак для нас адкрыўся вялікі. За адзін тыдзень прадукты ў Расіі значна падаражэлі. Так, па звестках газеты «КоммерсантЪ», у Маскве свініна для мясаперапрацоўчых камбінатаў падаражэла на 6%. Але найбольш адчувальна цэны змяніліся ў Прымор’і, дзе некаторыя віды рыбы падаражэлі на 40%, мяса падаражэла на 26%, імпартуемыя з Кітая яблыкі — амаль на траціну. Рознічныя цэны на прадукты харчавання павялічыліся на 3–60%, рэкорд пабіла Сахалінская вобласць, дзе рост кошту курыных кумпячкоў дасягнуў 60%.

Беларуская сельская гаспадарка зараз, нібыта, на пад’ёме. Афіцыйныя асобы загаварылі пра «Кландайк» і мажлівасць нарошчваць пастаўкі прадуктаў да завоблачных вышыняў. Не адстае і «першая асоба дзяржавы». На фоне расійскага харчовага крызісу Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што ўжо калі-калі, а зараз сельгаспадарка Беларусі ў стане выйсці на самаакупнасць.

Але на самай справе эфектыўнасць нашай сельскай гаспадаркі — пытанне вялікае.

Што тычыцца малочнай прадукцыі — з гэтым усё зразумела. У 2013 годзе краіна зрабіла (па дадзеных Белстата) 134 тысячы тон сыроў, сама з’ела 40 тысяч тон, экспартавала 99 тысяч тон, з іх у Расію — 96 тысяч тон. Сярод гэтых тонаў 43 тоны — «блакітныя» сыры (якія з квіццю). За першае паўгоддзе гэтага года мы экспартавалі малака і малочных прадуктаў на $743 млн.,  сметанковага масла на $117,5 млн. Канешне, большасць гэтай прадукцыі сышла ў Расію.

А вось, напрыклад, бульба: экспартны максімум Беларусі на сёння — 250–270 тысяч тон на год. Калі ж казаць пра «маладую» бульбу, то наша сельская гаспадарка забяспечвае толькі 55% патрэбаў унутранага рынку. У першым паўгоддзі мы купілі бульбы за мяжой амаль на 5,4 мільёна долараў! Дарэчы, усёй гародніны ў першым паўгоддзі мы завезлі ў краіну на $74,5 млн., а прадалі за межы — на $85 млн.

Тое ж самае з яблыкамі ды іншай садавіной: доля айчынных прадуктаў гэтай катэгорыі на беларускім рынку складае толькі 11%. Садавіны за паўгады мы набылі на $245,5 млн., а прадалі на экспарт толькі на $72 млн.

Варта зазначыць, што пасля мінулагодняй «афрыканскай чумы свінняў» у нас дастатковая напруга з мясам. Дарэчы, некаторыя «ўспышкі АЧС» назіраюцца і зараз. Пра «напругу» сведчаць не толькі цэннікі ў нашых крамах, але і тое, што мы закупілі мяса за першае паўгоддзе больш, чым прадалі на экспарт, — $296,5 млн. «на закупку» і $263,8 млн. «на продаж».

Так што наўрад ці з такой сельскай гаспадаркай можна будзе «заваліць Расію прадуктамі». Як бачым па паказчыках экспарту-імпарту, айчынная сельскагаспадарчая прадукцыя (апроч малака і масла, канешне) забяспечвае толькі каля 50% беларускага ўнутранага рынку. Ці можна з такімі вынікамі казаць пра «экспансію ў Расію»?

Таму дзейнічаць прыходзіцца звыклым чынам: ляпіць на замежны тавар лэйблы з лозунгам «Купляй беларускае!».

Пасля ўвядзення забароны на імпартныя харчовыя тавары, расійцы жартавалі аб хуткім з’яўленні ў крамах «беларускіх мідый». І дажартаваліся: у сеціве ўжо з’явіліся фотаздымкі «беларускіх замарожаных крэветак» у краме ў Курску. Беларускае прадпрыемства «Санта Брэмар», якое яшчэ нядаўна распавядала з экранаў тэлевізараў пра тое, як хутка нарвежскі ласось апынаецца ў спажыўца, павысіла экспарт у Расію на 30%.

Увогуле, рыба і рыбапрадукты хутка стануць айчыннай экспартнай фішкай. Наш экспарт вэнджанай фарэлі вырас у 3,6 разы і склаў амаль 5 млн. долараў. Экспарт філе ласося вырас у 4,6 раза, фарэлі свежай — у 3260 (!) разоў.

Зразумела, столькі рыбы ў нас няма, тым больш, што за першае паўгоддзе Беларусь закупіла рыбы на $164,9 млн., а прадала на экспарт толькі на $40,5 млн. Гэта, нагадаю, было яшчэ да таго, як Расія ўвяла «харчовае эмбарга».

У выніку замест «харчовага Кландайку» мы можам атрымаць чарговыя «прадуктовыя войны». Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт ужо паведаміў аб выяўленні спробаў рээкспарту праз тэрыторыю Беларусі забароненых у Расіі гародніны і садавіны.

На працягу некалькіх дзён ведамства зафіксавала пастаўку ў Расію праз Беларусь партый яблыкаў, персікаў, сліў, таматаў, без указання краіны паходжання або з указаннем дазволеных Турцыі, Сербіі, Македоніі і шэрагу афрыканскіх краін. Аднак было ўстаноўлена, што гародніна і садавіна пастаўляліся з Польшчы, Славеніі, Нідэрландаў, Літвы і некаторых іншых краін Еўрасаюза.

«Калі мы будзем мець выяўленні каранцінных аб’ектаў, мы будзем уводзіць абмежаванні на пастаўкі з Беларусі», — сказаў Данкверт. Акрамя таго, Рассельгаснагляд мае намер адсочваць рээкспарт малочнай, мясной і рыбнай прадукцыі праз Швейцарыю, Казахстан і Фарэрскія выспы.

Каментаваць