Заробкі навукоўцаў у Расіі прыкладна ў 1,5 разы вышэй, чым у Беларусі

Такую выснову можна зрабіць на падставе дадзеных па дынаміцы заработнай платы навуковых супрацоўнікаў у РФ за тры кварталы 2017 года.
Іх прадставіў Інстытут статыстычных даследаванняў і эканомікі ведаў (ИСИЭЗ) НДУ ВШЭ.

У сярэднім па Расіі месячны заробак навукоўцаў у мінулым годзе склаў 49,1 тыс. рублёў або прыкладна 860 даляраў. Самыя высокія паказчыкі ў сферы адукацыі (67,5 тыс. рублёў) і аховы здароўя (53,6 тыс. рублёў). Самы нізкі — ва ўстановах культуры (32,3 тыс. рублёў).

Аднак непасрэдна ў навукоўцаў, якія працуюць у навуковых арганізацыях, зарплата склала 45,6 тысяч рублёў або прыкладна 796 даляраў.

Пры гэтым у студзені-верасні 2017 года сярэднемесячная намінальная налічаная зарплата навуковых супрацоўнікаў расійскіх арганізацый павялічылася на 6,5% у параўнанні з аналагічным перыядам 2016-га.

Разам з тым намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў па відзе дзейнасці «Навуковыя даследаванні і распрацоўкі» ў Беларусі ў 2016 годзе складала 1 ​​008 рублёў або крыху больш за 500 даляраў. Пра гэта сведчаць звесткі статыстычнага зборніка «Навука і інавацыйная дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь, 2017», падрыхтаванага Белстатам.

Зрэшты, у бліжэйшы час сітуацыя ў Беларусі можа змяніцца. Згодна з указам №467 «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных навуковых арганізацый», які падпісаў Аляксандр Лукашэнка ў канцы 2017 года, тарыфныя аклады работнікаў бюджэтных навуковых арганізацый у Беларусі могуць вырасці да 300%. Пры гэтым кіраўнікі навуковых арганізацый могуць павышаць работнікам зарплаты да 200%, а больш за 200% — органы дзяржаўнага кіравання, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца бюджэтныя навуковыя арганізацыі, і Акадэмія навук.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць