Збанкрутаваў найбуйнейшы беларускі імпарцёр гародніны і садавіны

Эканамічны суд Магілёўскай вобласці пачаў разгляд справы аб эканамічнай неплатаздольнасці кампаніі «Фруктэст».
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота



Інфармацыя пра гэта размешчаная ў Адзіным дзяржаўным рэестры звестак аб банкруцтве.

Кіраўніком прызначанае прадпрыемства ў наданні паслуг «Бюро кансалтынгу». Патрабаванні крэдытораў прымаюцца цягам 2-х месяцаў. Слуханне паводле справы прызначанае на 11 кастрычніка, паведамляе tut.by.

«Фруктэст» — адзін з найбуйнейшых імпарцёраў садавіны і агародніны на ўнутраны рынак Беларусі з сеткай прадстаўніцтваў ва ўсёй краіне. Праз іх забяспечваецца рэалізацыя і ўласнай прадукцыі, якую кампанія вырабляе ў дзвюх гаспадарках Магілёўскай вобласці. У Магілёўскім раёне вырошчваюцца яблыкі, у Чавускім - бульба і гародніна. Заснавальнікамі кампаніі называюцца магілёўскія прадпрымальнікі Віталь Ніс і Яўген Шамесаў.

Паводле звестак Мінэканомікі за травень, «Фруктэст» уваходзіў у рэестр гаспадарчых суб'ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках у катэгорыі аптовы гандаль бананамі і цытрусавымі.

Раней кампанія называлася «Савіт». Віталь Ніс быў асноўным заснавальнікам абедзвюх структур. «На гэта былі аб'ектыўныя прычыны. Большага сказаць не магу. Можна сказаць, мы правялі рэбрэндынг», - пракаментаваў у СМІ змену назвы і юрыдычнай асобы Ніс.

Раней імпарцёры казалі, што валютны крызіс разам з дзяржрэгуляваннем коштаў садавіны і гародніны балюча ўдарыў па фінансаваму становішчу многіх кампаній.

Каментаваць