Зброя ёсць — не маем грошай

Аляксандр Лукашэнка расказаў, якое ў нас павінна быць войска. А вось за якія грошы — Аляксандр Рыгоравіч, на жаль, не паведаміў.



«Пячора» 2М. Фота topwar.ru/


 

Усё сваё?

 
«Нам патрэбна мабільная армія. Мы зрабілі на гэта стаўку. Яе трэба забяспечыць мабільнымі машынамі і эфектыўным узбраеннем. Нам мабільная тэхніка важней, чым танкі, самалёты і іншае. Мы не будзем весці такую вайну, як Расія ці Амерыка. Нам патрэбныя гэтыя мабільныя шматмэтавыя машыны, каб мы маглі ў любы час выехаць, куды трэба, і нанесці непапраўную шкоду таму, хто сюды паедзе. Сучасная вайна без іх немагчымая», — заявіў Лукашэнка, наведваючы прадпрыемствы ВПК.
 
 
Кіраўнік дзяржавы і (не будзем на гэта забывацца) галоўнакамандуючы паставіў задачу распрацаваць і вырабіць у Беларусі ўласны ўзор бронемашыны. Таксама паставіў задачу распрацаваць зенітна-ракетныя сістэмы, не горш за расійскія С-300. «Вы думайце, якая ў яго будзе ракета. Галоўнае, каб яна была эфектыўная, каб яна пацэліла ў любую цэль. Не сядзець і не чакаць. Усе заводы калісьці пачыналі з рамонту на каленях, з малатка, мадэрнізацыяй займаліся, а потым выходзілі на новыя ўзоры. Падумайце, які гэта павінен быць узор, і далажыце», — даручыў беларускі кіраўнік.
 
 
Канешне, досвед Украіны патрабуе больш увагі звяртаць на войска. Але, як мы бачым, гэтая ўвага нейкая «доўгатэрміновая». Ці здольны беларускі ВПК на стварэнне сваёй буйной тэхнікі, такой, як аналаг С-300?
 
 

Здольныя!

 
Як мяркуе ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін, мы на ўсё здольныя. «У нас ёсць досвед глыбокай мадэрнізацыі, напрыклад, комплексаў Т25 «Пячора», чым займаецца прадпрыемства «Тэтраэдр». Ёсць досвед мадэрнізацыі комплексаў «Пячора» 2М, якую выконваюць «Волат-Аўта» і Барысаўскі 2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення. У працэсе мадэрнізацыі фактычна мы стварылі новы комплекс — ад ранейшага засталася толькі назва «Пячора», — лічыць Алесін.
 
 
Так што мы можам скапіяваць і С-300. Адзіная праблема — у нас адсутнічае ўласная вытворчасць ракет. Але іх можна купіць ва Украіне, якая раней працавала на ракетны комплекс Расіі, а зараз… Дарэчы, і кан’юнктура рынка зараз падыходзячая.
 

Вы хочаце танкаў?

 
Не ведаю, якія там у Лукашэнкі дарадцы, але ягоная мара пра «ўласны ўзор бронемашыны» даўно ўжо здзейсненая. Яшчэ напачатку 2000-х гадоў беларускае прадпрыемства «Мінатор-сервіс» распрацавала і вырабіла выдатную баявую разведвальна-дыверсійную машыну 2Т «Сталкер». Гэта ідэальная зброя для войска, пра якое марыць Лукашэнка — мабільнай і «стрымліваючай» арміі, закліканай нанесці праціўніку «непапраўныя» страты.
 
 
Запас ходу «Сталкера» — 1000 кіламетраў, хуткасць — 95 км/гадз. Запас харчавання, вады, запасных акумулятараў дазваляюць экіпажу пратрымацца тыдзень у аўтаномным рэжыме.
 
 
Універсальны комплекс узбраення ўключае ў сябе стабілізаваную 30-мм аўтаматычную гармату са спараным 7,62-мм кулямётам, 30-мм аўтаматычны гранатамёт. Машына можа несці 12 супрацьтанкавых мін. Дзве высоўныя пускавыя ўстаноўкі для супрацьтанкавых і зенітных ракет, што робіць яе небяспечнай не толькі для наземных войскаў, але і для авіяцыі. Двухканальная абаронапрыцэльная сістэма кіравання агнём забяспечвае пошук, выяўленне і суправаджэнне цэляў у пасіўным рэжыме ў любых умовах. Корпус зроблены па тэхналогіі «стэлс», што дае паніжаную прыкметнасць у радыёлакацыйным, цеплавым і аптычным дыяпазонах.
Гендырэктар прадпрыемства «Мінатор-сервіс» Валер Грабеншчыкаў у 2009 годзе на ваеннай выставе «МILEX» у Мінску заявіў журналістам: «Гэта машына для спецыяльных аперацый: яна сышла, прыйшла, нешта зрабіла, і ніхто не ведае, што яна тут была». Кантрактамі на яе пастаўку нават забаронена называць заказчыкаў і месцы, у якія яна пастаўляецца».
 

Грошы дзе?

 
На ўзбраенні беларускай арміі «Сталкераў» няма. Як толькі гэтая машына з’явілася, беларускія Узброеныя сілы планавалі закупіць 30 штук. Але нават на такі мізер у беларускай арміі грошай не хапіла — дорага каштуе.
 
 
Кіраўнік ваенна-аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў адзначае, што такая сітуацыя не толькі са «Сталкерамі». «Напрыклад, гранатамёт УАГ-40, распрацаваны ў Беларусі, але ствараецца ва Украіне. Альбо зенітны комплекс Т38 «Стылет»: ягоны ўкраінска-беларускі варыянт паспяхова пастаўляўся ў Азербайджан. Справа ў тым, што вытворчасць такой тэхнікі не можа быць таннай у сілу складанасці яе вытворчасці і абмежаванасці краінаў-вытворцаў гэтай тэхнікі», — адзначыў Паротнікаў.
 
 
Па меркаванні Паротнікава, калі ў нас будзе стварацца нешта накшталт С-300, «гэта не будзе прарыўной распрацоўкай». «Гэта будзе тое, што мы можам зрабіць з досведу мадэрнізацыі тэхнікі», — лічыць ён. І канешне, гэта будзе крыху больш танны прадукт, зважаючы на ягоную «нерэвалюцыйнасць». Асноўныя затраты тут — кошт ракетаў, якія мы можам заказваць альбо ва Украіне, альбо ў Кітаі.
 
Але што тычыць беларускага войска, то нават на «больш танны прадукт» патрэбныя грошы. І, па словах Паротнікава, пытанне закупак — гэта дзясяткі мільёнаў долараў на год. «У войска такіх грошай няма», — адзначае ваенны эксперт. А значыць, распрацоўвай — не распрацоўвай, а ў войска тэхніка не трапіць.
 
 

«Патрэсці Бураціну»

 
Выйсце, па меркаванні Паротнікава, тут адно: хочаш добрую армію — прыйдзецца раскашэльвацца. «У войска грошай няма, але гэта не значыць, што іх няма ў краіне. Усё ж наш бюджэт — 26 мільярдаў долараў на год. А ёсць яшчэ пазабюджэтныя фонды... Калі патрэсці «багаценькага Бураціну», грошы на тэхніку знайсці можна. Але гэта ўжо справа прыярытэту: альбо войска, альбо «лядовыя палацы», — лічыць эксперт.
 
 
Ці раскашэліцца Аляксандр Рыгоравіч на армію — вось асноўнае пытанне мадэрнізацыі Узброеных сіл. А не недахоп у новых распрацоўках.
 

Каментаваць