Жадаючыя, прыходзьце!

Беларусь не пойдзе на перадачу кантрольнага пакета акцый Мінскага аўтамабільнага завода холдынгу «Расбелаўта», які ствараецца з удзелам расійскай дзяржкарпарацыі «Растэхналогіі» і КамАЗа, заявіў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка. Таксама чыноўнік папярэдзіў, што не будзе прададзены і кантрольны пакет акцый найбольш прывабнага для інвестараў беларускага прадпрыемства — ААТ «Беларуськалій».



Беларусь не пойдзе на перадачу кантрольнага пакета акцый Мінскага аўтамабільнага завода холдынгу «Расбелаўта», які ствараецца з удзелам расійскай дзяржкарпарацыі «Растэхналогіі» і КамАЗа, заявіў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка. Таксама чыноўнік папярэдзіў, што не будзе прададзены і кантрольны пакет акцый найбольш прывабнага для інвестараў беларускага прадпрыемства — ААТ «Беларуськалій».

«Мы не згодныя на кантрольны пакет (перадачу кантрольнага пакета акцыяў МАЗа). Гэта розныя ўмовы», — заявіў Сямашка 16 мая ў Мінску. Сямашка дадаў, што беларускі і расійскі бакі працягваюць перамовы, якія ідуць досыць напружана: «Мяркую, што не пазней за май мы разгледзім гэтае пытанне на прэзідыуме Саўміна і прымем нейкае рашэнне». «Тады мы будзем ужо нешта прапаноўваць», — паабяцаў чыноўнік.

Пакуль бакі вядуць перамовы. «Яны няпростыя, бо ў нас розныя пазіцыі — прадавец хоча прадаць даражэй, пакупнік — купіць танней». Беларускі бок згодны ўвайсці «ў нейкі альянс з КамАЗам». «Мы ідзем да стварэння альянсу ў выглядзе холдынгу «Расбелаўта». Мы не ворагі, а партнёры. Нам трэба аб’ядноўвацца і разам канкурыраваць на рынках», — заявіў першы віцэ-прэм’ер.

Выступаючы сёлета з традыцыйным пасланнем народу і парламенту Беларусі, Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, па якім прынцыпе будзе ісці прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў: 75% дзяржаве, 25% прыватным акцыянерам, прычым з абмежаваннем па колькасці акцый у адны рукі. Лукашэнка расказаў, што гэта зроблена, каб пазбегнуць фармавання ў прыватнікаў буйных пакетаў акцый, здольных уплываць на палітыку прадпрыемстваў.

«Я чую незадаволенасць «багаценькіх»: чаму абмежаваная колькасць акцый, якія прадаюцца ў адны рукі. У чарзе стаяць 10 бізнесменаў, якія хочуць купіць гэты завод, але мы яго не прадалі, таму што хочуць за бясцэнак купіць. Як вызначыць рынак цану, па гэтай цане будзем прадаваць прадпрыемства, калі будзем», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы прынцыпы прыватызацыі на прыкладзе Мінскага заводу ігрыстых вінаў.

Таксама ён расказаў пра прычыны, па якіх прыняў рашэнне адмовіцца ад прыватызацыйных спісаў: «Апублікаванне загадзя спісаў прыватызуемых прадпрыемстваў — гэта прыніжэнне работнікаў. У Беларусі можа быць прыватызавана любое прадпрыемства на пэўных і вядомых умовах».

Гаворачы аб прыватызацыі МАЗа, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ўлады не спяшаюцца прадаваць прадпрыемства, бо сёння МАЗ — паспяховая і буйная вытворчасць, якая не мае праблем з рэалізацыяй сваёй прадукцыі.

«Неабходны магутны, імклівы рывок наперад», — гаварыў Лукашэнка аб інвестыцыйных працэсах. Ён даручыў кожнаму чальцу ўрада і кіраўнікам аблвыканкамаў узяць пад асабістую адказнасць інвестыцыйныя праекты. «Больш раздачы грошай агулам не будзе — яе ўжо няма, гэтай раздачы», — папярэдзіў кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў лідар дзяржавы. Ён выказаўся пра непрымальнасць расійскага досведу прыватызацыі па ваўчарах і залогавых аўкцыёнах. «Ніякіх абвальных і масавых распродажаў не будзе!» — падкрэсліў Лукашэнка. Ён таксама адзначыў, што «любое прадпрыемства сёння можа быць прыватызавана — пытанне ў цане і выкананні інвестарам умоў».

Наконт цаны: у сваім выступе Лукашэнка падняў кошт аднаго з найбольш прывабных для інвестараў аб’екту эканомікі — ААТ «Беларуськалій». «Мы гатовы прыватызаваць «Беларуськалій», дзе рэнтабельнасць 70–100%. Але гэта пытанне цаны. І мы гэты кошт назвалі. І сёння гэта ўжо не 30 мільярдаў долараў, а 31,5–32 мільярда. Жадаючыя, прыходзьце», — заявіў Лукашэнка. Эксперты гавораць, што гэтая ацэнка актыву істотна завышаная.

Праз тыдзень першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка ўдакладніў, што Беларусь «ніколі, ні пры якіх умовах» не прадасць кантрольны пакет акцый «Беларуськалія». «Гэта будзе злачынства супраць дзяржавы», — сказаў чыноўнік.

Летась «Беларуськалій» спрабаваў набыць расійскі «Уралкалій», ацаніўшы актыў у 14 мільярдаў долараў. «Беларуськалій» займае каля 16% сусветнага рынку калійных соляў, пастаўкі ажыццяўляюцца больш чым у 50 краін свету. Размовы аб прыватызацыі «Беларуськалія» вядуцца не перыш год. Цікаўнасць да прадпрыемства праяўлялі Кітай, Індыя, Расія.

На пачатку года старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Георгій Кузняцоў заяўляў, што Беларусь сёлета мае намер атрымаць 2,5 мільярда долараў ад прыватызацыі 19 прадпрыемстваў балансавым коштам блізу 7 трыльёнаў беларускіх рублёў. Кузняцоў адзначаў, што дзяржава спадзяецца на аўкцыёны, дзе актывы будуць прададзеныя па рэальных цэнах.

Нагадаем, план прыватызацыі ў 2011 годзе быў правалены. У адпаведнасці з пастаўленымі ўрадам задачамі, меркавалася прадаць акцыі 180 ААТ з агульным балансавым коштам 1,3 трыльёна рублёў. Было абвешчана 225 таргоў, на якія выстаўлены 140 адкрытых акцыянерных таварыстваў. Але ў выніку новых гаспадароў знайшлі толькі 38 прадпрыемстваў, сума здзелак склала 170 мільярдаў рублёў. У асноўным прадаваліся прадпрыемствы дрэваапрацоўкі, будаўніцтва, транспарту. Найбольш буйным аб’ектам прыватызацыі быў 50-працэнтны пакет акцый «Белтрансгазу» на суму 2,5 мільярда долараў.

У экспертаў песімістычны прагноз і наконт маштабу прыватызацыі ў бліжэйшай перспектыве. «Цяжкасць сітуацыі, у якой сёння апынулася Беларусь, заключаецца ў сур’ёзных выкліках з прычыны нізкай эфектыўнасці і неканкурэнтаздольнасці айчыннай эканомікі. Экспертная супольнасць адзіная ў меркаванні, што прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў і прыход на іх больш эфектыўнага прыватнага ўласніка — не проста неабходная на фоне цяперашніх эканамічных цяжкасцяў, але непазбежная ў краіне, якая не валодае ўласнымі значнымі запасамі рэсурсаў і якая мае адкрытую імпартазалежную і экспартаарыентаваную эканоміку. Аднак супярэчнасці, што ствараюцца прыватызацыйным працэсам, у большасці выпадкаў будуць па-ранейшаму непрымальныя для кіраўніцтва краіны, і таму сістэмная прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў і павелічэнне прыватнага сектара эканомікі ў Беларусі ў кароткатэрміновай перспектыве бачацца малаверагоднымі», — рэзюмуе Андрэй Скрыба, эканаміст даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджменту.

Каментаваць