Зноў Кландайк?

Расія сварыцца са сваімі суседзямі так, што яе сінявокая суседка, — Беларусь — атрымлівае выгоды і новыя магчымасці. Ну, прынамсі, мае шанец атрымаць. Калі з розумам скарыстае сітуацыю, канешне.



Калі РФ увяла эмбарга на еўрапейскія прадукты, некаторыя нашы чыноўнікі ахрысцілі гэта «харчовым Кландайкам». Маўляў, мы завалім Расію сваёй прадукцыяй замест еўрапейскай. «Заваліць» не атрымалася, але некаторыя прадпрыемствы няблага падняліся на гэтым. Асабліва рыбаапрацоўчыя, якія паставілі ў Маскву беларускі ласось, мідыі і крэветкі.

Але сельская гаспадарка апынулася ў мінусе. Часткова з-за падзення расійскага рубля, а часткова — з-за сваёй традыцыйнай непаваротлівасці. Але зараз у нас ёсць усе шанцы выправіць сітуацыю. Таму што Расія зноў пасварылася — гэтым разам з Турцыяй і Украінай.

Яшчэ два тыдні таму Расія выказала поўную незадаволенасць тым, што Украіна з пачатку наступнага года ўсё ж пачне рэалізацыю дамовы пра зону свабоднага гандлю з Еўропай. А таму РФ з таго ж моманту — пачатку года, — уводзіць эмбарга ў дачыненні і да ўкраінскіх тавараў. На гэтым тыдні прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў пастанову ўрада пра санкцыі супраць Турцыі: з 1 студзеня 2016 года будзе забаронены ўвоз мяса і гародніны, а з 1 снежня ўжо забаронены чартарныя перавозкі паміж краінамі. Згодна з дакументам, да ўвозу з Турцыі з 1 студзеня забароненыя мяса курыцы і індычкі, таматы, лук, капуста, агуркі, апельсіны і мандарыны, вінаград, яблыкі, грушы, абрыкосы, персікі, слівы, суніцы і клубніцы, а таксама соль.

Беларусам варта паціраць рукі і лічыць. Апроч апельсінаў, мандарынаў, вінаграду, і, можа быць, персікаў, усё астатняе расце ў нас. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на таматы: Расія застаецца не толькі без турэцкіх, але і без херсонскіх памідораў і кетчупаў. Наўрад ці адзін Краснадарскі край задаволіць патрэбу ў гэтай садавіне ад Калінінграда да Уладзівастока. Птушкаводства ў нас таксама даволі моцнае. Галоўнае, каб гэтая птушка, па-першае, адпавядала расійскім санітарным нормам, а па-другое, каштавала б не даражэй за турэцкую.

Мы цалкам можам «дыверсіфікаваць» нашыя пастаўкі. Скажам, мы заменім нашу птушку турэцкай (кошты на якую ўпадуць, дзякуючы расійскаму эмбарга), а сваіх крылатых можам гнаць на Расію, дзе кошты, з-за недахопу гэтай прадукцыі, адпаведна, узрастуць.

Міністэрству сельскай гаспадаркі варта ўжо зараз задумацца і над змяненнем структуры вытворчасці ў будучым годзе. Яны і так чухаюць патыліцу: з-за глабальнага пацяплення ў нас змяняецца традыцыйная сістэма гаспадаркі. Усё часцей на рынках з’яўляюцца гомельскія і брэсцкія абрыкосы, а Лукашэнка вырошчвае кавуны нават у Мінску. Расійскія санкцыі прымусяць расчухваца хутчэй, аддаючы перавагу таматам замест бульбы.

Ну, і, канешне, соль. Традыцыйнымі нашымі канкурэнтамі на гэтым рынку былі ўкраінцы, і, аказваецца, туркі. Усе яны зараз пад санкцыямі. «Мазырсоль» можа таксама рыхтаваць бізнэс-планы на будучы год.

А вось хто атрымае прыбытак зараз, не чакаючы садавінна-гародніннага сезона, дык гэта тыя нашы, якія корміцца з турызму. З-за небяспекі тэрактаў у Егіпце і санкцыяў да Турцыі ў расіянаў засталося дзве сваіх пляцоўкі для адпачынку: Сочы і анексаваны Крым. Сочы ўсіх не змесціць, а да Крыма яшчэ паспрабуй даехаць праз забітую машынамі Тузлу. Дый у святле апошніх падзеяў (дакладней было б сказаць, канешне, «у цемры апошніх падзеяў») у Крым могуць ездзіць толькі аматары рамантычных вячэраў пры свечках.

Застаецца звыклы беларускі накірунак. Тым больш, наша краіна па аграэкатурызму, як высветлілася, займае другое месца пасля Італіі. Канешне, у Расіі ёсць экстрэмалы, якія паедуць на калінінградскую Балтыку альбо на Белае мора. Але ў нас адпачынак усё ж больш камфортны. Таму беларускаму Дзеду Марозу трэба рыхтавацца да незвычайнага сезону, пакуючы падарункі для маскоўскіх дзяцей.

Аднак не трэба торкацца на старыя граблі, спрабуючы па старой завядзёнцы выдаць турэцкую альбо ўкраінскую прадукцыю за сваю. Кантрабанда харчоў —пройдзены этап, Рассельгаснагляд вывучыў у гэтым амаль усе нашы схемы і хітрыкі. З 7 снежня гэтае ведамства ўвядзе спецыяльны фітасанітарны рэжым на ўвоз сельгаспрадуктаў праз Беларусь. Дадзеныя меры неабходныя для недапушчэння ўвозу ў Расію прадукцыі невядомага паходжання, у тым ліку прадукцыі, на якую распаўсюджваецца дзеянне эмбарга ў дачыненні да краін ЕС, цытуе ТАСС прэс-рэліз расійскіх фітасанітараў. «Усе, што выклікае ў нас сумненне, не будзе дапушчанае на тэрыторыю Расіі», — сказала прэс-сакратар Рассельгаснагляда Юлія Мелана.

Таму нам трэба прымаць новую канцэпцыю «імпартазамяшчэння». То бок польскі яблык, галандскі сыр, херсонскія і турэцкія таматы — welcome to Belarus. А ўся беларуская прадукцыя гэтага накірунку — go to Russia. Самае складанае ў гэтым працэсе — змяніць псіхалогію. Пазбавіцца комплексу «малодшага брата», ставіць расіянам свае ўмовы паставак і аплатаў. Не прадаваць прадукцыю танней сабекошту («бо яны ж нам браты»), заломваць цэны, працаваць па перадаплаце, не дапускаючы «вісякоў» па гэтай аплаце (невядома, калі і наколькі зноўку лясне расійскі рубель). А тое і весці каштарыс у паўнавартасных доларах і еўра, а не ў ненадзейным «драўляным».

А што? Навошта рускім зараз долары і еўра? У Егіпет і Турцыю яны не паляцяць, Балі і Мальдывы па кішэні не кожнаму. Прынамсі, не тым, хто прызвычаіўся адпачываць у забароненых зараз Турцыі і Егіпце. Таму хай яны разлічваюцца валютай з браткамі-беларусамі.

Канешне ж, расіяне будуць енчыць: «Як жа так? Што за рынкавыя адносіны паміж намі, славянамі? Мы адзін народ!». Не трэба ім казаць, што мы розныя народы, розныя краіны. Трэба проста паведаміць: «Хлопцы, у нас валютная выручка знізілася за 10 месяцаў гэтага года на $9 мільярдаў. А дзярждоўг за той жа тэрмін вырас на 51%. Таму дапамагайце як можаце. Купляйце беларускае!»

Каментаваць