Зноў на тыя ж граблі?

Нішто так не палохае беларусаў, як заявы адказных беларускіх чыноўнікаў пра тое, што ўсё добра, а будзе яшчэ лепей. На гэтым тыдні галоўным стваральнікам панічных настрояў стаў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.



Андрэй Кабякоў


Нерэальная лічба

У той час, як ВУП Беларусі за паўгода знізіўся на 3,3%, Кабякоў заявіў, што ў другім паўгоддзі ўрад плануе «аднавіць эканамічны рост». Гэта значыць, што вытворчасць тавараў і паслуг за тыя пяць месяцаў, што засталіся нам да 2016-га, павінна пераўзысці агучаную лічбу і дасягнуць 4–5%. Калі мы, канешне, кажам пра рост эканомікі, а не пра «нулявы баланс».

Варта зазначыць, што за апошнія пяць гадоў гэтых 5% ВУП краіна дасягала толькі два разы. У 2010-м за кошт праядання крэдытаў МВФ і накачвання эканомікі грашыма перад прэзідэнцкімі выбарамі наш ВУП сягнуў 7,74%. Гэты «паветраны шар» здуўся для насельніцтва ў 2011 годзе, калі адбылася самая балючая беларуская дэвальвацыя, а інфляцыя скокнула да 108%. Аднак за кошт гэтай дэвальвацыі ВУП здолеў узрасці на 5,54%.

Астатнія тры гады не маглі пахваліцца бурным ростам. У 2012 годзе ВУП склаў 1,73%, у 2013-м — 0,89% і ў 2014-м, згодна афіцыйных дадзеных, — 1,6%.

За кошт чаго?

Разважаючы пра эканамічны рост у другім паўгоддзі 2015 года Кабякоў паведаміў, што «гаворка не ідзе пра тое, што мы будзем разганяць эканамічны рост за кошт павелічэння ўнутранага попыту. Мы будзем нарошчваць экспарт у рэгіёны, у якіх будуць запатрабаваныя нашы тавары».

Пытанне толькі ў тым, дзе «будуць запатрабаваныя нашыя тавары». Над дыверсіфікацыяй айчыннага экспарту ўлада б’ецца дзесяцігоддзямі. За гэты час змяніўся не адзін урад, і ніводны з гэтых урадаў так і не здолеў знайсці месцы, дзе нашыя тавары былі б асабліва запатрабаваныя. Арыентацыя ў нас, па-ранейшаму, толькі на адзін буйны рынак — на Расію. А Расія зараз перажывае не лепшыя часы.

На гэтым тыдні ў Расіі долар перасягнуў адзнаку ў 63 рублі. Еўра наблізіўся да 70 рублёў. Гэта азначае, што беларускі экспарт на расійскім рынку, які разлічваецца ў валюце, даражэе. А калі нашыя тавары становяцца больш дарагімі, то, адпаведна, іх менш набываюць. І замест абяцанага ўздыму мы атрымліваем спад экспарту.

Дарэчы, расійскія эканамічныя прагнозы і не абяцаюць нам нічога добрага. Яшчэ 20 ліпеня аналітыкі расійскага «Сбербанка» папярэджвалі, што ў чацвёртым квартале 2015 года можа адбыцца валютны шок, звязаны з ваганнямі ў пары долар-еўра. Таксама яны заклікалі не чакаць аднаўлення нафтавых коштаў да 65 долараў.

Крэдытаў не даюць

Праесці крэдытныя рэсурсы, як гэта было ў 2010 годзе, таксама ў нас не атрымаецца, таму што крэдытаў нам пакуль што ніхто не дае. Расія, канешне, прыняла рашэнне пра выдачу крэдыту сінявокай у памеры $760 мільёнаў, аднак гэтых грошай мы не пабачым. Бо гэта «тэхнічная» пазыка, якая выдзелена для абслугоўвання і пагашэння ранейшых крэдытаў, выдадзеных Беларусі Расіяй і Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця — былым Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС.

Такім чынам, гэтыя мільёны проста пяройдуць з адных маскоўскіх рахункаў на іншыя.

Вядома, што Беларусь папрасіла ў МВФ $3,5 мільярда, і ў таго ж ЕФСР — таксама недзе столькі ж. Місія МВФ, якая наведала краіну ў ліпені, адзначыла, што «перамовы прайшлі канструктыўна». Але пры гэтым нават адмовілася ад традыцыйнага выніковага брыфінгу для журналістаў, што сведчыць пра сапраўдную «канструктыўнасць» перамоваў. У любым выпадку, яны паабяцалі, што перамовы па крэдыце «могуць пачацца» ў 2015 годзе. Але не сказалі, калі і якім чынам яны скончацца.

Адмыслоўцы зазначаюць, што нават калі перамовы будуць імгненнымі і паспяховымі, то грошы МВФ выдасць, па-першае, не раней за 2016 год (што ставіць крыж на «плане Кабякова») і, па-другое, у некалькі траншаў. То бок не адразу $3,5 мільярда, а невялічкімі кавалачкамі мільёнаў так па 500.

Падобная праблема ў нас і з ЕФСР. Па словах кіраўніка Нацбанка Пятра Калаўра, у Беларусі і ЕФСР «няма нейкіх рознагалоссяў па манетарнай і валютнай палітыцы», але «пытанні застаюцца ў той частцы, каб лепш разумець адзін аднаго па структурных пераўтварэннях». Паводле яго слоў, з-за таго, што ў краіне зараз не вызначаныя параметры развіцця эканомікі на бліжэйшыя пяць гадоў, уладам праблематычна канкрэтызаваць праграму рэформаў.

Параметры развіцця эканомікі на пяць гадоў вызначацца толькі тады, калі Аляксандр Лукашэнка апрылюдніць сваю перадвыбарчую праграму. Пасля выбараў, якія пройдуць 11 кастрычніка, урад прапануе гэтую праграму ЕФСР. Яны доўга будуць над ёй думаць, улічваючы, што папярэднія «структурныя пераўтварэнні», пад якія даваўся выратавальны крэдыт у 2011 годзе, так і не былі зробленыя. І, можа быць, нешта надумаюць — бліжэй да снежня.

Такім чынам, план Кабякова па росце эканомікі ў другім паўгоддзі 2015 года за кошт крэдытаў правальваецца таксама.

Зноў дэвальвацыя?

З улікам вышэйвыкладзенага, шмат хто з экспертаў лічыць, што ў Кабякова да выканання плану па росце эканомікі ў другім паўгоддзі 2015 года ёсць толькі адзін шлях. Гэта ўнутраны рынак: адміністрацыйнае павышэнне даходаў, увядзенне ільготнага крэдытавання на куплю беларускай прадукцыі.

Варта зазначыць, што з прапановай ільготнага крэдытавання на «куплю беларускага» ў мінулым месяцы ўжо выступіў Мінгандаль.

Гэтыя захады могуць адбіцца на лічбах эканамічнага росту, але ў больш далёкай (але не вельмі далёкай) перспектыве могуць мець сумныя наступствы. І гэтыя наступствы шырока вядомыя — інфляцыя і чарговая дэвальвацыя нацыянальнай валюты.

Менавіта таму сярод экспертаў пачалі шырыцца чуткі, што «Кабякову дадзеная адмашка на дэвальвацыю». Бо толькі дэвальвацыя дазволіць яму ажыццявіць план эканамічнага росту ў другім паўгоддзі 2015-га. Коштам абвалу беларускага рубля нашая прадукцыя ў чарговы раз патаннее і будзе лепш прадавацца на расійскім рынку.

Другое пытанне ў тым, наколькі тэрміновы рост ВУП патрэбны Кабякову? Калі «ўжо зараз», то ёсць апрабаваны варыянт «плаўнай дэвальвацыі», якая больш марудная, але менш эфектыўная. Тое, што долар скокнуў да 15.800, кажа пра гэты варыянт. А калі будзе рашэнне «крыху пачакаць», то пасля выбараў нас чакае дэвальвацыя «імгненная».

Калі Кабякоў ад сваіх планаў не адмовіцца, нас у любым разе нічога добрага не чакае.

Каментаваць