Зноў падаражанні

Лета ва ўсіх нармальных краінах з’яўляецца часам, калі кошты падаюць. Практычна на ўсё. Ідуць распродажы ў гандлёвых кропках, зніжаюцца лічбы на цэнніках на прадукты харчавання, садавіну, гародніну. У некаторых дзяржавах лета нават прыносіць з сабою такую з’яву, як дэфляцыя. Але, на вялікі жаль,  не пра Беларусь тут гаворка.



www.politpros.com


Коштавы спрынт

Першы дзень жніўня будзе адзначаны ў нашай краіне павелічэннем каштарысаў. Да прыкладу, цеплавая энергія, згодна з пастановаю (№ 663 ад 29 ліпеня 2013 года) тутэйшага ўраду «Аб унясенні зменаў у пастанову Савета Міністраў ад 4 лютага 2011 года № 138 і некаторых захадах па зніжэнні выдаткаў на вытворчасць электрычнай і цеплавой энэргіі», падвысіцца ў кошце на 9% да 68 833,5 рублёў за 1 гігакалорыю.

Што да электрычнасці, то аднаставачны тарыф у жылых дамах (кватэрах), абсталяваных ва ўстаноўленым парадку электрычнымі плітамі, складзе 428,5 рублёў за кілават/гадзіну (было 375,9 рубля), дыферэнцаваны тарыф у такіх памяшканнях у час мінімальных нагрузак (ад 22.00 да 17.00) — 300 рублёў за кілават/гадзіну. Не будзем перагружаць чытача іншымі дробязямі, што да новых расцэнак на электрычнасць і цяпло.

Толькі ўзнікае пытанне: з якога такога пераляку ўрадаўцы вырашылі  падвышаць кошты на ацяпленне менавіта зараз, калі народ карыстаецца не батарэямі ацяплення, а з большага кандыцыянерамі ва ўмовах спёкі, якая ўсталяваляся яшчэ пры канцы мая (калі не лічыць асобныя адзінкавыя дні адноснае прахалоды)?

Зноў даражэе тытунь

Фота  euroradio.fm

Падаецца, толькі нядаўна гандляры ў крамах перапісалі цэннікі на тытунёвыя вырабы. І вось зноўку — прывітанне, курцы! Здароўя вам жадае роднае чыноўніцтва, падвышаючы акурат ад 1 жніўня кошты на цыгарэты ў сярэднім на 6–20%. Праўда, пакуль што кошты ўздымуцца на імпартную прадукцыю. Але ці доўга яны захаваюцца для прадукцыі айчыннай? Адказ вы ведаеце самі.

Калі пры такіх тэмпах нехта з урадавых эканамістаў працягвае сцвярджаць, што гадавая інфляцыя ў Беларусі не перавысіць запрагназаваныя 12%, то гэта толькі выклікае смех. І адчуванне, што гэтыя «спецы» – не зусім адэкватныя. Або жывуць на іншай планеце.

Усё яшчэ наперадзе

Да канца года яшчэ багата часу. І вельмі сумнеўна, што з надыходам восені інфляцыя не рване ўверх. Плацяжы па ранейшых крэдытах вымываюць з дзяржавы валюту, падае экспарт беларускай прадукцыі, зніжаюцца кошты на традыцыйна прыбытковыя экспартныя пазіцыі — на той жа хлоркалій. А гэта значыць, што істотна змяншаюцца паступленні ў Беларусь так неабходнай уладам валюты.

Калі ёсць велізарная затаваранасць складоў, калі тутэйшая прадукцыя неканкурэнтаздольная на замежных рынках, то, бадай, адно выйсце для эканамічных і фінансавых уладаў — дэвальвацыя нацыянальнай валюты. А за ёй, як след, новы рост коштаў. Вось яны, наступствы так званай «унікальнай» беларускай мадэлі, адмаўляцца ад якой яе стваральнік і натхняльнік абсалютна не збіраецца, пра што і заявіў на нядаўняй сустрэчы з галоўнай банкіркай краіны Надзеяй Ермаковай.

Так што рыхтуйся, беларус, самае цікавае, але не самае прыемнае, усё яшчэ наперадзе.   

Каментаваць