Зноў у сметніцу?

Новыя жыроўкі, якія атрымалі грамадзяне Беларусі, непрыемна здзівілі. Людзям прапануюць заплаціць за камунальныя паслугі ад мільёна да двух з паловай. А ўрад піша новыя планы, бессэнсоўна знішчаючы лясное багацце краіны.



Фота www.volzsky.ru


Нас доўга пераконвалі ў тым, што стопрацэнтная аплата паслуг ЖКГ — гэта патрабаванне Міжнароднага валютнага фонду для таго, каб выдаць Беларусі крэдыт у $3 мільярды. Калі так, то гэты крэдыт мы павінны атрымаць імгненна, і ў памеры не трох, а пяці мільярдаў.

Калі меркаваць па жыроўках за студзень, фота якіх адразу ж запаланілі інтэрнэт, грамадзяне даўно ўжо плацяць больш за 100% ЖКГ. Напрыклад, жыхар Мінска Аляксей Стахоўскі выявіў у сваёй жыроўцы, што яму як плацельшчыку трэба будзе пакрыць аж 123% кошту жыллёва-камунальных паслуг! Яшчэ аднаму з мінчукоў Яўгену Харужаму налічылі 129% кампенсацыі выдаткаў на ЖКГ. І гэта толькі два выпадкі, якія разышліся ў сеціве. А колькі народу заплаціла, нават не зазіраючы ў лічбы?

Тут вельмі шмат пытанняў. Цікава, ці выкананае даручэнне Лукашэнкі прадставіць яму самому «празрыстыя тарыфы» на ЖКГ? Апроч таго, цікавыя лічбы прывёў Дзяржкантроль Беларусі. Па ягоных звестках, толькі прыпіскамі ў мінулым годзе сабекошт жыллёва-камунальных паслуг быў завышаны на 1,5 трыльёна рублёў. Па ягоных жа дадзеных, марнатраўства ў сістэме ЖКГ можа займаць да паловы сабекошту паслуг. Звяртаючыся да беларускага народа і парламента ў 2014 годзе, Аляксандр Лукашэнка сказаў адносна працы ЖКГ: «На першым этапе расследавання ўбачылі там каласальнае завышэнне тарыфаў, якія пакрываюцца бюджэтам». Цяпер, калі дзяржава змяншае пакрыццё паслуг ЖКГ з бюджэту, камунальнікі гэтае «каласальнае завышэнне тарыфаў» хочуць аплаціць з кішэняў грамадзян?

Ёсць яшчэ адзін момант у гэтым пытанні. У 2010 годзе Лукашэнка казаў людзям: «Мы можам зрабіць як у Еўропе, але тады будзеце, як і ў іх, плаціць поўны кошт. Калі народ хоча атрымліваць $1,5–2 тысячы заробку, давайце дадзім, але за паслугі будзеце плаціць рэальную цану». «Напэўна, гэта было б справядліва: даць гэтыя грошы, каб людзі самі распара­джаліся, што з імі рабіць… Калі б вы захацелі, мы б зрабілі гэта на працягу аднаго — двух гадоў. Але былі б рынкавыя цэны на гэтыя паслугі. Я нават баюся думаць, як вас у гэта жыццё акунуць», — казаў Лукашэнка.

Зараз у гэтае жыццё мы акунуліся. Калі мы плацім 125% ЖКГ, дзе нашы $2 000 заробку?

Нашы $2 000 заробку пайшлі на аплату новай бессэнсоўнай праграмы ўрада. Двух месяцаў не прайшло з моманту прыняцця бюджэту краіны — і яго ўжо выкінулі ў сметніцу як нерэалістычны. Зараз прэм’ер Кабякоў прадставіў новую праграму дзейнасці ўрада на 2016–2020 гады. Па ягоных словах, ужо 16 лютага яна павінна была быць перададзеная ў парламент, нягледзячы на тое, што ў Палаты прадстаўнікоў зараз — зімовыя канікулы, і сесія пачнецца не раней красавіка.

Што гэтым разам нам абяцае Кабякоў? Першачарговыя задачы для органаў дзяржаўнага кіравання, пазначаныя ў дакуменце, — аднаўленне канкурэнтаздольнасці прамысловага комплексу, павышэнне эфектыўнасці работы АПК, дыверсіфікацыя экспарту, рацыянальнае імпартазамяшчэнне, стварэнне новых працоўных месцаў, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, эфектыўнае крэдытаванне, канцэнтрацыя рэсурсаў на эфектыўных інвестыцыйных праектах.

Сярод прыярытэтаў таксама — выкананне валютных абавязацельстваў, паляпшэнне ўмоў вядзення бізнесу, зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі, укараненне механізму ацэнкі рэгулятарнага ўздзеяння на бізнес. Пры гэтым кантрольная дзейнасць павінна насіць, перш за ўсё, прафілактычны і папераджальны характар, падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Гэтай хохме ўжо сто гадоў. Ледзьве не ад пачатку свайго кіраўніцтва Аляксандр Рыгоравіч патрабуе, напрыклад, «дыверсіфікацыі экспарту». Што-небудзь змянілася за гэты час? Тое ж тычыцца «павышэння эфектыўнасці работы АПК». У мінулым годзе Лукашэнка выдаў таямніцу, што за 10 гадоў краіна ўклала ў развіццё сельскай гаспадаркі $45 мільярдаў. Насамрэч, значна больш, бо толькі за 2011–2015 гады фінансаванне дзяржаўных праграм АПК склала 410 трыльёнаў рублёў, што эквівалентна $43,8 мільярда. А яблыкі ў нашых крамах дагэтуль польскія ды галандскія.

Пра «развіццё малога і сярэдняга бізнесу» шмат казалі прадпрымальнікі на гэтым тыдні, якія дайшлі да таго, што несанкцыянавана сабраліся на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Указ №222, які пазбавіў іх працы, не адменены, і адмяняць яго, гледзячы па ўсім, не плануюць. Рынкі ўжо два месяцы стаяць колам — з-за бюракратычных забаронаў гандляваць немагчыма. Тысячы людзей засталіся без працы, мясцовыя бюджэты — без падаткаў, рынкі і гандлёвыя комплексы — без арэнднай платы, а насельніцтва — без выбару тавараў.

Пра «эфектыўныя інвестыцыйныя праекты» ды «стварэнне новых працоўных месцаў» я ўжо маўчу.

Карацей, «новая» праграма дзейнасці ўрада напоўненая дзесяцігадовай даўніны лозунгамі. Можа, урад падумаў, хто і як будзе ажыццяўляць гэтыя лозунгі? Не. Замест працы нам абяцаюць толькі павышэнне паперазвароту. «Падрыхтавана адразу сем праектаў указаў кіраўніка дзяржавы і пастаноў урада, накіраваных на забеспячэнне эканамічнай бяспекі краіны, мабілізацыю рэсурсаў, павышэнне аператыўнасці і комплекснасці прыняцця рашэнняў на ўсіх узроўнях кіравання, павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі, а таксама кансалідацыю бюджэту», — падкрэсліў Кабякоў.

Замест таго, каб займацца справамі, чыноўнікі пішуць паперкі пра тое, як трэба займацца справамі. І не дзіўна, што пасля гэтага Кабякоў папярэджвае беларусаў: можа быць яшчэ горш.

І яшчэ адна цікавая рэч. Саўмін выставіў прагноз сярэднегадавога курса долара ў 22 719 беларускіх рублёў за 1 долар. Але ж у гэтым годзе ў нас павінна прайсці дэнамінацыя «адзін да дзесяці тысячаў». Зразумела, што лагічна б было вылічваць бюджэты і прагнозы ў новых грошах. Дык вось, цікава было б запытацца ў Кабякова: такі курс закладзены ўжо ў дэнамінаваных рублях? Тады нам дакладна капец.

Каментаваць