Зруйнаваць Дом Урада

Лукашэнка мог набраць які заўгодна працэнт, але гэта не перамога. Перамога — гэта калі пад ягоным кіраўніцтвам узровень жыцця ў нас будзе нароўні з еўрапейскімі краінамі, як нам было абяцана тройчы. А гэта наўрад ці спраўдзіцца і ў будучай пяцігодцы.



А ўсё таму, што нашы чыноўнікі жывуць у нейкай іншай Беларусі, чым грамадзяне краіны. Урадаўцы не ходзяць па крамах, не бачаць курсы валют у абменніках, у іх, пэўна, нейкая свая інтэрнэт-прастора. Яны не падключаныя нават да кабельных сетак, у іх не ідзе РБК альбо Еўраньюс. Што ў іх ідзе замест гэтага — невядома. Падаецца, Дом Урада, дзе засядае Саўмін, — гэта нейкая дзірка ў паралельны Сусвет, паралельную Беларусь. Інакш я не разумею, адкуль бяруцца такія планы развіцця краіны.

Пакуль усе былі занятыя прэзідэнцкай гонкай, Савет міністраў уціхую ўхваліў такія дакументы, як «Аб важнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 год», «Аб асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь», «Аб Рэспубліканскім бюджэце на 2016 год», «Аб дзяржаўных праграмах і аказанні дзяржаўнай фінансавай дапамогі», а таксама «Аб дзяржаўным індыкатыўным планаванні сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь».

Што ў нас у планах на будучыню? На 2016 год беларускі ўрад запланаваў рост ВУП на 1,1%, на 2017-ы — ужо 2,1%, на 2018-ы — 3,5%. Аптымізм з іх так і прэ, улічваючы, што студзені-жніўні гэтага года ВУП Беларусі знізіўся на 3,5%. А гэта яшчэ не канец года.

Міжнародны валютны фонд прарочыць нам у 2016 годзе не рост у 1,1%, а далейшую рэцэсію і зніжэнне эканомікі на 2,2%. І гэта яшчэ лічба аптымістычная. Бо МВФ у красавіку казаў, што ў гэтым годзе наш ВУП знізіцца толькі на 2,3%. А мы, як заўсёды, план перавыканалі.

З чаго беларускія чыноўнікі ўзялі, што ў будучым годзе мы ўзновім эканамічны рост? Канешне ж, яны ўзялі гэта ў паралельным Сусвеце. Па сведчанні нашых урадаўцаў, там, у паралельным Сусвеце, курс расійскага рубля ў 2016 годзе складзе ў сярэднім 55 рублёў за 1 долар. Але больш цікавае там адбываецца з беларускім рублём, які павінен быць у паказчыку Br16.220/$1.

У нашай жа рэчаіснасці за долар ужо зараз даюць 62 расійскіх рублі, і 17.200 беларускіх за адзін «зялёны». І няма абсалютна ніякіх падставаў меркаваць, што расійскі ці беларускі рубель узмацняцца да долара. Расія загразла ва Украіне, а зараз яшчэ — і ў Сірыі. «Дзякуючы» гэтым яе паводзінам санкцыі з яе ніхто здымаць не збіраецца. А з-за санкцый ад нашага «старэйшага брата» адмаўляюцца інвестары, а адток капіталу працягваецца. Таму казаць пра ўзмацненне расійскага рубля, а тым больш беларускага, — на ўзроўні беспадстаўных мараў.

Дарэчы, па дадзеных урада, курс беларускага рубля да долара, які мы ўжо бачылі ў нашых абменніках сёлета (Br17.800/$1) мы павінны дасягнуць толькі ў 2018 годзе.

Ну як тут не казаць пра паралельны Сусвет?

І яшчэ парачка дзіўных лічбаў. Урад разлічвае, што ў наступным годзе кошт нафты складзе $70 за барэль. У дзень напісання матэрыялу (серада, 14 кастрычніка) барэль нафты маркі Brent на Лонданскай біржы каштаваў $49,32, а нафты WTI — $46,86. Па прагнозах Сусветнага банка, сярэдняя цана нафты ў 2016 годзе не павысіцца на $20, як у паралельным Сусвеце, а знізіцца на $10 з-за зняцця міжнародных санкцый з Ірана.

Патанненне нафты нам карыснае, бо свайго «чорнага золата» ў нас кату па пяту. Але ў той жа час нельга разлічваць і на тое, на што вельмі разлічвае ўрад — на падаражанне бензіну. Згодна з паказчыкамі ўрада, у будучым годзе мы павінны прадаваць нафтапрадукты па $508 за тону. Хаця зараз гэты кошт — $429,12. Якім чынам, за кошт чаго ва ўмовах «падаючай» нафты на 80 «зялёных» падаражэюць прадукты перапрацоўкі гэтай нафты — не тлумачыцца.

Гэты аптымізм, які мяжуе з ідыятызмам, развальваецца ўжо зараз, адразу пасля выбараў. Напрыклад, міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык ужо паспеў анансаваць павышэнне тарыфаў на электраэнергію для насельніцтва. «Што тычыцца тарыфаў, вы бачыце, што яны досыць стабільныя на нашым рынку. У бліжэйшы час мы пралічваем у рамках праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця тарыфы на сярэднетэрміновую і кароткатэрміновую перспектыву. Для таго, каб мы не адставалі ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў макраэканоміцы, тарыфы для насельніцтва будуць падвышацца», — цытуе міністра БелаПАН.

Пра якое павышэнне тарыфаў вядзецца гаворка, калі ў нас, згодна прагнозам, усё ў парадку: кошты на нафту, курс долара, ВУП і гэтак далей? А справа ў тым, што Патупчык сказаў гэта падчас адкрыцця Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму. То бок, не ў паралельным Сусвеце Дома Урада.

Відавочна, што пры такіх прагнозных падыходах, пры нежаданні бачыць рэчаіснасць, атрымай ты хоць двойчы па 83% — табе проста капец. Гэта ўжо не проста некампетэнтнасць у паказчыках, гэта свядомы падман ці самападман. Баюся, што выйсце тут можа быць толькі адно — зруйнаваць Дом Ураду, каб заваліць гэтую дзірку ў паралельны Сусвет. А чыноўнікаў прымусіць ездзіць у транспарце, хадзіць у нашы крамы і глядзець хаця б беларускае тэлебачанне. Калі яны не звар’яцеюць ад сутыкнення з рэчаіснасцю, значыць, яны не безнадзейныя.

На заканчэнне, як заўсёды, навіна добрая. Міністэрства аховы здароўя Беларусі сваёй пастановай №102 ад 12 кастрычніка запатрабавала ад аб’ектаў гандлю, грамадскага харчавання і сэрвісу адкрыць наведвальнікам доступ да прыбіральняў, у тым ліку і службовых.

«На аўтазаправачных станцыях, аб’ектах грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, крамах, пры адсутнасці ў іх грамадскіх прыбіральняў, павінен быць дазволены доступ грамадзян у службовыя прыбіральні», — гаворыцца ў дакуменце.

Міністэрства аховы здароўя таксама абавязала абсталяваць прыбіральнямі плошчы, паркі і скверы, тэрыторыі рэкрэацыйных зон населеных пунктаў, рынкаў, будынкаў культурна-забаўляльнага і спартыўнага прызначэння, чыгуначныя вакзалы і станцыі, аўтавакзалы і аўтастанцыі, аэрапорты.

Паглядзеўшы на нашыя прагнозы і параўнаўшы іх з рэальнасцю, узнікае пытанне: а ці будзе чым грамадзянам хадзіць у гэтыя прыбіральні?

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-10-16 13:38:50
Дасціпнае заканчэнне артыкула. А вось здымак (з 90-х гадоў?) неяк не ў тэму...

Каментаваць