10 няпраўдаў пра беларускую мову

14 траўня 1995 году адбыўся рэферэндум, які зрабіў рускую мову дзяржаўнай, а беларускую адсунуў убок. Старыя забабоны пра беларускую мову з таго часу не зніклі, а новыя набылі форму. Я сабраў дзесяць самых знаменных забабонаў і прэтэнзій да беларускай мовы, што дасюль выкарыстоўваюцца ў спрэчках.


1. Мова ўсяго толькі зручная прылада стасункаў.


Выказванне, з якім звыкла згаджаюцца. Але з яго само сабой вынікае, што варта карыстацца прыладамі, што маюцца пад рукой – а гэта, у сучаснае Беларусі – руская мова і рускія словы.

Сцверджанне гэтае – падступная недагаворка. Мова не толькі і не столькі прылада, колькі складаная сістэма светабачання, знітаваная з каштоўнасцямі. Мова накідае на свет сваё сеціва тлумачэнняў, што адрознівае мову адну ад адной, задае гульню сэнсаў. Беларускім “каханню” і “любові” адпавядае адна руская “любовь”, “памяркоўнасць” амаль не перакладаецца, а зручная “шуфлядка” выклікае ў суседзяў ступар.

Лічыць мову проста прыладай не выпадае.


2. “Няма розніцы, якой моваю карыстацца”.


Гэтае сцверджанне звычайна закладзенае ў пытанні: “А якая розніца?”, якое гучыць (заўжды) на рускае мове. Чыноўніцкі варыянт такой “абыякавасці” – выказванне: “У нас дзве дзяржаўныя мовы”.

Гэтае сцверджанне – нават прапісанае ў канстытуцыях (шматкроць змененых) – фактам не адпавядае. Атрымаць вышэйшую адукацыя на беларускае мове – справа амаль немагчымая (на ўсю краіну толькі трыста беларускамоўных студэнтаў), законы выдаюцца на рускае мове, на тэлевізіі беларускую мову, калі і адшукаць можна, то толькі гады ў рады. У сучаснае Беларусі розніца ёсць – і ў дзяржаўных інстанцыях яна на карысць рускае мовы.


3. Беларуская мова правінцыйная.


Беларуская мова калісьці гучала ў вёсках, але даўно перабралася ў горад. Сёння цікавыя – і нават элітарныя – рэчы гучаць на беларускае мове. За рускай мовай зарэзэрваваная пакуль масавая культура.


4. Як выкладаць матэматыку, фізіку па-беларуску?


Сцверджанне блізкае да папярэдняга і ва ўшчэнт хлуслівае. Беларуская тэрміналогія добра распрацаваная, маюцца слоўнікі, падручнікі, энцыклапедыя. На беларускае мове выкладалася – і выкладаецца – матэматыка ў Беларускім гуманітарным ліцэі, які, нягледзячы на свой сённяшні падпольны статус, застаецца выдатнай адукацыйнай установай.


Пікет у падтрымку беларускай мовы. Фота С. Навумчыка


5. Час нацый прайшоў. Навошта чапляцца за мову?


Гэтае сцверджанне звычайна выкарыстоўваецца, каб абвінаваціць беларускую мову і людзей, што яе абараняюць – у рэакцыйнасці і адсталасці. Але чамусьці працэсы моўнага рэнесансу і аднаўлення нацый, што здаўна ўключаныя ў тыя ці іншыя дзяржавы, адбываюцца ў самых розных рэгіёнах Заходняй Еўропе, на якую спасылаюцца абвінавачвальнікі.


6. Пакінем усё як ёсць.


Пакінуць усё як ёсць ні ў кога не атрымаецца. Моўныя працэссы ніколі не стаяць на месцы. Умовы, што склаліся ў Беларусі – русіфікаваныя школы, тэлевізія, абсалютная дамінацыя расейскай інфармацыйнай прасторы – толькі спрыяюць далейшаму выцісканню беларускае мовы, якое, зрэшты, у лукашэнкаўскай Беларусі ідзе імклівымі тэмпамі (з 1995 года нават палову дашкольнікаў у вёскаў выхоўваюць на рускае мове, чаго раней не было ані блізка). Каб захаваць хоць бы існы ўзровень беларускае мовы, трэба прыкаладаць намаганні, якія “пакідальнікі” прыкладаць не збіраюцца.


7. Народ выказаўся на рэферэндуме. Большасць – супраць.


Праведзены з парушэннямі і махлярствамі рэферэндум не мае сілы. Мала таго, аніякі рэферэндум на гэтую тэму не будзе мець сілу, бо выказвацца на конт мовы – што існуе праз пакаленні – мусяць не толькі жывыя, але й памерлыя і тыя, што яшчэ не нарадзіліся.


8. Навязванне беларускае мовы парушае правы чалавека.


Гэтае сцвержданне перапоўненае перакрутамі. Правы аднаго чалавека завяршаюцца там, дзе пачынаюцца правы другога. Для рускамоўнага чалавека ў Беларусі адкрытыя ўсе шляхі, беларускамоўны штодзень сутыкаецца з перашкодамі – і гэта ягоныя правы заціснутыя. Кажуць нават пра “лінгвацыд” – вынішчэнне беларускае мовы, як такавой.

Але ёсць яшчэ адзін чыннік. Мова – з’ява калектыўная, і калектыўная культурная каштоўнасць. За яе захаванне адказвае грамадства – і дзяржава, на тэрыторыі якой мова жыве. Пакуль гэтая адказнасць, што прадугледжвае пэўныя абавязкі, не праяўленая.


9. Гэта пытанне, увогуле, для грамадства не істотнае.


Калі гэтае пытанне такое неістотнае, то чаму на яго так нервова рэагуюць суседзі? Ім – што за справа? І чаму на гэтае “неістотнае” пытанне ўпарта рэагуюць “абыякавыя”, якія сядзяць на беларускамоўных форумах, з пенай у роце даказваючы, што ім напляваць? Зрэшты, калі абыякавым напляваць, іншым не.


10. “Я асабіста не супраць беларускае мовы”.


З гэтага выказвання звычайна пачынаецца спрэчка пра беларускую мову. А потым следуюць усе ці асобныя ўзгаданыя аргументы. Калі чалавек, сапраўды, быў бы не супраць беларускае мовы, ён гэтымі аргументамі не карыстаўся бы.

Абмеркаванне:

  • Бондарава Г. В.
  • 2016-05-17 12:49:42
Само сабой зразумела павинна быць, што Беларуская мова- Дзяржауная, а Руская мова и усе астатния - ПАБОЧНЫЯ.

Каментаваць