100 дзён пасля інаўгурацыі

1 мая беларусы прайшлі стодзённы рубеж пасля чацвёртай па ліку інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Беларусь з цэлым букетам эканамічных праблем, падзеннем рэйтынгу кіраўніка дзяржавы і ўзрастаннем незадаволенасці палітыкай улады ў шэрагах абывацеляў.

Масавыя рэпрэсіі супраць іншадумцаў, раскручаны махавік судоў па справах аб падзеях 19 снежня 2010 года, чарговая пагроза закрыцця газет “Народная воля і “Наша ніва рухаюць Беларусь у бок не проста маргіналізацыі апазіцыі, але яе вынішчэння.



1 мая беларусы прайшлі стодзённы рубеж пасля чацвёртай па ліку інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Беларусь з цэлым букетам эканамічных праблем, падзеннем рэйтынгу кіраўніка дзяржавы і ўзрастаннем незадаволенасці палітыкай улады ў шэрагах абывацеляў.

Масавыя рэпрэсіі супраць іншадумцаў, раскручаны махавік судоў па справах аб падзеях 19 снежня 2010 года, чарговая пагроза закрыцця газет “Народная воля і “Наша ніва рухаюць Беларусь у бок не проста маргіналізацыі апазіцыі, але яе вынішчэння.

Ступар, як бы ад яго ні адхрышчвалася апазіцыя, мае месца. Традыцыйныя вулічныя вясеннія акцыі — Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях, урэшце Першамай — прайшлі надзвычай сціпла, у абрэзаных фарматах (калі яшчэ так можна гаварыць пра акцыі ў выглядзе натоўпаў спецназу і купкі людзей з кветкамі пад помнікамі класікам беларускай літаратуры — Дзень Волі), нешматлюдна, з аглядкаю, без гучных заяў і сацыяльнага розгаласу. Можа падацца, што людзі задаволеныя дзейсным кіраўніцтвам і не падтрымліваюць апазіцыю. Але значна больш слушна шукаць карані ў страху. Тым славутым страху, пра які столькі год цвердзілі апазіцыйныя лідары і які апошнія месяцы шчыльна агарнуў беларускае грамадства.

Усяго чатыры месяцы. Але як змянілася адчуванне рэчаіснасці! Апазіцыянеры “на стрёме ў чаканні чарговых вобшукаў-арыштаў, абывацелі з насцярогай углядаюцца ў суседзяў у аўтобусе, метро. Суды, арышты, выбух у метро, эканамічны абвал, Беларусь, паводле штогадовай справаздачы аб свабодзе прэсы праваабарончай арганізацыі Freedom House, уключаная ў дзясятку краін свету з найгоршым станам свабоды прэсы... Карціць задаць рытарычнае пытанне: “Куды ж коціцца стабільная, квітнеючая Беларусь?

За першыя тры месяцы — студзень-сакавік, а тады сітуацыя яшчэ была куды больш мяккай, — электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі знізіўся амаль на дзесяць пунктаў: з 53 да 42,9%. Такія дадзеныя прыводзяцца ў сацыялагічным даследаванні беларускага Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, зарэгістраванага ў Літве. Было б цікава ўявіць сабе цяперашнюю Беларусь, напрыклад, у лістападзе мінулага года, за месяц да прэзідэнцкіх выбараў. Якія б лічбы атрымалі выбарчыя камісіі, калі і ў “застабільнай падтрымка была не на ўзроўні ўсеагульнага “адабрамс.

Добры адміністратар і гаспадарнік Міхаіл Мясніковіч на пасадзе прэм’ер-міністра выглядае не надта пераканаўча, і пакуль на яго рахунку — праблемы з валютай, інвестыцыямі, інфляцыя, рост коштаў. “Пакуль што ўраду Мясніковіча нельга даць ніякай ацэнкі. А калі яе нельга даць за сто дзён, то ацэнка адмоўная, — гаворыць намеснік старшыні партыі АГП, бізнэсовец Леў Марголін. — Сітуацыю вы бачыце: яшчэ першыя 60 дзён — студзень-люты — усё трымалася, а ў сакавіку-красавіку ўсё пасыпалася. І больш таго, захады, што прымае ўрад і Нацбанк, нічога апроч смеху не выклікаюць, бо спачатку прымаецца адна заява, потым другая — дыяметральна супрацьлеглая. Гэта сведчыць, што стратэгіі няма — ёсць хаатычныя спробы неяк выратаваць сітуацыю, але так не робяць з краінай, з мільёнамі людзей.

Краіна ў ізаляцыі самой сябе. На Захадзе на Беларусь глядзяць як на хворага на чуму. Не спяшаецца кінуць выратавальны паплавок і прыяцель з Усходу, залежнасць ад якога дасягае крытычнага стану. Лукашэнка, відаць, разумеючы сэнс сітуацыі, зрываецца. І ўжо не на ўзроўні “адмарожанай апазіцыі і “вашывых блох прадпрымальнікаў, а на адрас кіраўніка Еўракамісіі і прэзідэнта Украіны гучаць абразлівыя выказванні. Падобна на сутаргавыя спробы захаваць сябе і свой статус, з патаемным страхам паразы.

Каментаваць