10 думак пра армію маладафронтаўца, які служыць без прысягi

Ён закідаў яйкамі помнік Леніну на плошчы Незалежнасці, за паўгады да выпускнога быў адлічаны з каледжа і прызваны ў войска. Пра асаблівасці службы ў арміі тых, хто не прыняў прысягу, Павел Сяргей распавёў «Салідарнасці».



Спачатку я служыў у Гродна, дзе мяне прэсавалі за тое, што адмовіўся даць прысягу. Мы два разы выязджалі на палігон, дзе мне далі аўтамат і сфатаграфавалі. Пасля мне паказвалі здымкі ў пракуратуры і даводзілі, што я няверуючы, бо трымаю зброю ў руках.

***

Ідэолаг часткі паказваў навабранцам фільм «Арыйская вера» і расказваў, што хрысціянства — штучнае , а нашая гістарычная вера — паганства. Цікава, што калі ў частку прыйшоў святар, падпалкоўнік заявіў, што ён праваслаўны.

***

Кіраўніцтва часткі выстаўляла мяне «адмарозкам» перад усімі служачымі, распавядала пра тое, што такія, як я, не з’яўляюцца хрысціянамі, а прыкрываюцца хрысціянскімі каштоўнасцямі і за гэта атрымліваюць грошы. Самае дзіўнае, што «дзяды» падтрымлівалі мяне як маглі. Ім спадабалася тое, што я прытрымліваюся сваіх прынцыпаў і іду супраць кіраўніцтва.

***

Пасля мяне перавялі у Слуцк — у чыгуначную брыгаду. Кіраўніцтва да мяне тут нармальна ставіцца. Ці яны баяцца, ці паважаюць — незразумела. Са мной шмат людзей служыць, якія адмовіліся даваць прысягу па рэлігійным перакананням. Нямала і тых, у каго былі раней праблемы з алкаголем ці з законам. Мы жывем у казарме разам з іншымі вайскоўцамі.

***

Па сутнасці маё жыццё мала адрозніваецца ад жыцця тых, хто прысягаў. Мяне не могуць пасадзіць на гауптвахту, мне не даюць зброю. У дачыненні да мяне вайсковы Статут не дзейнічае. Я не з’яўляюся вайскоўцам. Магу пакінуць тэрыторыю часткі і не панясу за гэта пакаранне. У такім выпадку мяне проста прывядуць абратна. Я магу ўвогуле нічога не рабіць, і нічога мне за гэта не будзе. Але ў выніку начальнікі будуць ціснуць на увесь калектыў. Напрыклад, адбяруць ува ўсіх мабільныя тэлефоны і скажуць, што гэта зроблена менавіта праз цябе. Такое практыкавалі ў Гродна.

А ў Слуцку кіраўніцтва мяне не чапае. За правіннасць, напрыклад, калі спазніўся альбо не пачысціў берцы, кагосьці могуць аблаяць матам, а пры мне яны стрымліваюцца.

***

Многія салдаты параўноўваюць армію з турмой. Так і ёсць. Гэта абмежаванне волі на нейкі тэрмін. Мне засталося трынаццаць з паловай месяцаў...

У Гродна нашае кіраўніцтва настальгіравала па часах СССР і распавядала навабранцам пра нейкіх злых амерыканцаў, якія хочуць захапіць Беларусь. У Слуцку салдатам асабліва мазгі ідаэлогіяй не прамываюць. Разумеюць, пэўна, што ніякія мы не абаронцы, а прыйшлі сюды не па сваёй волі папрацаваць на паўтары гады.

***

Кормяць у войску лепш, чым на Акрэсціна. Меню звычайнае: даюць смажаны мінтай, катлеты і кашу (яе зашмат!). Думаю, што я не схуднеў. Сумую па смажанай бульбе, якую дома гатавалі.

***

У арміі я навучыўся складваць снег квадратамі. Самае крыўднае, што некаторыя салдаты займаюцца гэтым штодня. У дзень, калі лютаваў Хаўер, нас ад гэтай працы пазбавілі: мы проста расчышчалі снег, а квадраты былі назаўтра.

***

…Людзі не думаюць, каму і навошта яны прысягаюць. Мне незразумела, чаму яны прысягаюць пад савецкімі сімваламі, пад якімі забівалі іх продкаў, рабілі ганенні на хрысціян. Як не разумею і таго, чаму, калі ты нарадзіўся хлопцам і табе споўнілася 18, ты павінен ісці ў войска расчышчаць снег і падмятаць? Навошта марнаваць на гэта маладосць — гады, калі трэба займацца адукацыяй? У войску ты проста бессэнсоўна губляеш час. Жыццё тут аднастайнае. Час цягнецца марудна, і распавядаць, шчыра кажучы, няма пра што. Пад’ём — адбой…

Хлопцы, якія даюць прысягу, тым самым падпісваюць сабе прысуд на паўтары гады. А на самай справе гэта проста фармальнасць. Калі раптам вайна, гэтыя людзі наўрад возьмуць у рукі зброю і пайдуць абараняць сваю Радзіму. Той, хто лічыць сябе хрысціянінам, мусіць даваць прысягу перад Богам, бо менавіта ён стварыў гэты свет і даў нам гэтым валадарыць.

Я прысягаў перад народам у Дзень Герояў — гадавіну Слуцкага Збройнага Чыну.

***

Армія не змяніла мае погляды і перакананні. Маім аўтарытэтам застаецца Зміцер Дашкевіч, які прывёў мяне да царквы.

gazetaby.com

Каментаваць