10 гадоў без Змітра Завадскага

Дзесяць гадоў таму, 7 ліпеня 2000 года, бясследна знік аператар расійскага тэлеканала ГРТ, сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) Зміцер Завадскі. Дзесяць гадоў ні родныя, ні блізкія, ні сябры, ні калегі Змітра не ведаюць, што з ім здарылася на самай справе.



Дзесяць гадоў таму, 7 ліпеня 2000 года, бясследна знік аператар расійскага тэлеканала ГРТ, сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) Зміцер Завадскі. Дзесяць гадоў ні родныя, ні блізкія, ні сябры, ні калегі Змітра не ведаюць, што з ім здарылася на самай справе.

У дзесятую гадавіну знікнення калегі да пад’езду дома № 70 на сталічнай вуліцы Данілы Сердзіча, дзе жыў  Зміцер Завадскі, прыйшлі журналісты, каб ушанаваць памяць калегі. Былі тут і прадстаўнікі Першага канала расійскага тэлебачання, дзе калісьці працаваў тэлеаператар. На лаве перад пад’ездам устанавілі партрэт Змітра, на сцежцы знічкамі выклалі слова «Дзіма». Тыя, хто ведаў Завадскага асабіста, прыгадвалі цікавыя моманты з сустрэчаў з ім, вандроўкі і рыбалкі, сумеснае баўленне часу…

«У БАЖа ёсць такая мэта — стварыць хроніку незалежнай журналістыкі. Зусім хутка споўніцца дваццаць год суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны, і мы б хацелі стварыць гісторыю таго, што з намі адбывалася за гэтыя дваццаць гадоў, — сказала старшыня БАЖ Жанна Літвіна. — Тая работа рухаецца вельмі марудна, і адна з прычын, што ў гэтай гісторыі, гэтай хроніцы ёсць дзве трагічныя старонкі — лёс Змітра Завадскага і лёс Веранікі Чаркасавай. Гэтыя дзве старонкі недапісаныя, незавершаныя, на гэтых старонках на сённяшні дзень няма імёнаў людзей, якія вінаватыя ў тым гвалце, які быў здзейснены з нашых калегаў. Пакуль мы сюды прыходзім, я ўпэўнена, што кожны з нас будзе памятаць, што гэтыя старонкі трэба дапісаць. Інакш не можа быць гісторыі незалежнай беларускай журналістыкі».

Святлана Завадская ў той чорны дзень не прадчувала, што яе мужу пагражае небяспека, але калі гэта здарылася, яна была нібы ашаломленая. Паводле яе слоў, зразумець пачуцці сваякоў зніклых могуць толькі тыя, хто перажыў нешта падобнае — настолькі гэта цяжка.

Вольга Рыгораўна Завадская падзякавала ўсім, хто прыйшоў да дому, дзе жыў Зміцер. «Я ніводнага дня не адчувала, што засталася без вашай дапамогі… І напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі я хачу пажадаць, каб вы пісалі такія матэрыялы, якія б даходзілі да сэрцаў выбаршчыкаў, ...каб ніколі не паўтарыліся такія трагедыі, як з маім сынам, а таксама з Ганчаром, Красоўскім, Захаранкам», — сказала Вольга Рыгораўна.
 

Каментаваць