10 гадоў без Веранікі Чаркасавай

20 кастрычніка, родныя, сябры, калегі наведалі Каладзішчанскія могілкі, дзе знайшла свой апошні прытулак вядомая айчынная журналістка Вераніка Чаркасава. Яе забіў (ці забілі) невядомы роўна дзесяць гадоў таму.



Магіла Веранікі Чаркасавай


І дагэтуль не сціхае боль страты ў сэрцах родных, усіх тых, хто ведаў Вераніку ці хоць кольвеч сутыкаўся з ёю.

Вераніка пахавана побач з бацькам, журналістам Анатолем Чаркасавым амаль на самым уваходзе на Каладзішчанскія могілкі. Кожны год 20 кастрычніка на гэта месца прыязджаюць маці і айчым забітай журналісткі, родзічы, сябры, калегі. На магіле Веранікі заўжды кветкі.

Адно адрозненне ад былых прыездаў — гэта амаль адсутнасць выступаў і словаў у прысутных. Усё ўжо было сказана ў мінулыя разы, але нічога за гэты доўгі час у справе расследвання звярынага злачынаства не зварухнулася, расследванне зноўку прыпыненае. Ні злачынцаў, ні арганізатараў, ні замоўнікаў як не было, так і няма. Хоць Аляксандр Лукашэнка яшчэ тады, у кастрычніку 2004 года, прынародна даваў сваім служкам пяць дзён для расследвання гэтае гучнае справы. Мінула дзесяцігоддзе. Вынікаў — нуль.

   Маці Веранікі Дыяна Чаркасава, айчым Уладзімір Мялешка і стрыечная сястра Вольга Бабак

У нас за апошнія дваццаць гадоў створана такая сістэма, што, за выключэннем падняцця эканомікі, любы загад бяззменнага афіцыйнага лідара можа быць выкананы вокамгненна. Але ўзгадаем: Лукашэнка неаднойчы “загадваў” сваім падначаленым “знайсці Дзіму” — тэлеаператара Змітра Завадскага, лёс якога невядомы ад 7 ліпеня 2000 году. Не знайшлі. Тое ж самае і з Веранікай. І, відаць, мае рацыю мама Веранікі Дыяна Цімафееўна, якая яшчэ некалькі гадоў таму выказала меркаванне, што пры цяперашняй уладзе вынікі расследвання забойства яе дачкі, як і лёс Дзімы Завадскага, наўрад ці стануць вядомыя.

Дзесяць год прайшло. І на той момант ужо здарылася шмат чаго кепскага ў краіне. Але мы былі наіўныя. І ў той дзень, калі Вераніка не прыйшла на працу, было лёгкае здзіўленне. Мы ёй тэлефанавалі пасля абеду, але яна не адказвала. Было здзіўленне, але чамусьці не было трывогі. Абсалютна. Маўчала інтуіцыя, не ўяўлялася, што можа быць так, — з непадробным сумам адзначыў над магілаю каляжанкі рэдактар “Салідарнасці”, дзе Вераніка апошнім часам працавала, Аляксандр Старыкевіч. — Сапраўды, няма адказу на пытанне, чаму так здараецца, што вельмі часта надта рана сыходзяць лепшыя. Сыходзяць тыя, з кім не паспеў нагаварыцца, з кім хацелася б працаваць разам, выпіваць разам, проста вітацца і развітвацца. Не ведаю, што яшчэ можна сказаць. Хіба толькі памяць, хіба толькі пакласці на магілу другое выданне той кнігі, якую мы склалі занадта позна. Шмат што здараецца ў нашым жыцці позна. Але лепш позна, чым ніколі. Я спадзяюся, гэта тычыцца і справядлівасці ў нашай справе”.

 Кветкі ўскладае Аляксандр Старыкевіч

Што да кнігі, то гэта зборнік артыкулаў, нарысаў і эсэ Веранікі Чаркасавай пад назовам “Чырвоным па белым”. Першы раз кніга была выдадзеная ў 2005 годзе. З меркавання ўкладальнікаў, у кнігу ўвайшлі лепшыя тэксты, напісаныя Веранікай ад 1991 да 2004 года для беларускіх і расійскіх перыядычных выданняў. Гэтая кніга — друкаваны помнік гэтаму таленавітаму чалавеку, жыццё якога забраў нейкі вылюдак ці вылюдкі розна дзесяць гадоў таму. А мы помнім. Помнім і сумуем.      

Каментаваць